«Усё, што ім трэба, ты скажаш у любым выпадку». Хлопец распавёў, як яго прымусілі агаварыць сябе

Пасля 10 сутак арышту выйшаў на волю Цімур Рабцаў. Дзяржаўны тэлеканал АНТ паказаў у навінах відэа, на якім Цімур дае паказанні — збіты, у стане афекту. Якім чынам яго прымусілі агаварыць сябе, Цімур распавёў Свабодзе.
Цімур Рабцаў сведчыў у відэа АНТ пасля збіцця і заліцця пярцовым газам

Цімур Рабцаў сведчыў у відэа АНТ пасля збіцця і заліцця пярцовым газам


Паводле АНТ, 8 лістапада «не абышлося без ужо традыцыйных перакрывання дарог. Усяго затрымана каля тысячы парушальнікаў». Далей на відэа паказалі Цімура, якога апытвае жанчына.

— За што сёння былі затрыманыя?
— За блакаванне дарог.
— Дзе блакавалі?
— На Машэрава.
— З якой мэтай?
— Дурны быў.


Цімур Рабцаў — індывідуальны прадпрымальнік, мае вышэйшую адукацыю. Ён расказаў, як яго змусілі агаварыць сябе і знялі гэта на відэа.

«Усё, што ім трэба, ты скажаш у любым выпадку»

Цімура затрымалі 8 лістапада ў парку імя Янкі Купалы.

«Не спадабалася сілавіку, як я на яго гляджу. Мне залілі пярцовікам з балончыка спачатку твар, пастаялі, паглядзелі, што я не супраціўляюся, адцягнулі ззаду штаны і залілі з балончыка яшчэ ў раёне копчыка. Таму ў бусіку я ехаў з „разагрэтым“ адчуваннем, пярцовік сцякаў па нагах, потым ногі гарэлі яшчэ двое сутак», — кажа Цімур.

Пакуль ехалі ў бусіку, Цімура дапытвалі, чым ён займаецца, хто плаціць, колькі плацяць, білі па твары, па нырках, пыталіся, чаму няма з сабой тэлефона.

«У Цэнтральным РУУС адразу павялі здымаць „кіно“. Я яшчэ знаходзіўся ў стане афекту. Потым, недзе праз тры гадзіны, здымалі другі дубль. Але, як я ўжо пазней зразумеў, першае кіно атрымалася больш цікавым. Я стаяў са сцяжкамі, рукі за спінай».

Пасля вызвалення Цімур паглядзеў відэа на тэлеканале АНТ.

«Іншых затрыманых таксама здымалі, і выглядалі яны таксама не самым лепшым чынам. Яны аказваюць псіхалагічны, фізічны ціск, прымушаюць казаць тое, што ім трэба, — кажа Цімур. — Я не адразу зразумеў, што гэта нейкая гульня накшталт „Угадай мелодыю“. Першы раз не ўгадаў, табе далі па твары, потым яшчэ ўдарылі. То бок няма сэнсу гуляць у герояў, бо ўсё, што ім трэба, ты скажаш у любым выпадку».

Што да «блакавання дарог», то Цімур кажа, што пераходзіў вуліцу ў калоне.

«Я быў крыху наперадзе.Там была машына ДАІ, і яны, відаць, здымалі, падумалі: ага, блакіроўшчык дарог. У мяне не было ніякай атрыбутыкі. То бок поўнасцю сфабрыкаваная, не да канца раскручаная справа».

Удзельнікі марша спрабавалі сабрацца каля гарадской ратушы, але ім гэта не ўдалося

«Я запомніў, што ў той момант я быў 78-м»

Пасля здымак Цімура паставілі ў кут на калені. Потым вывелі ў калідор, дзе былі іншыя затрыманыя.

«Я запомніў, што ў той момант я быў 78-м, многа людзей было на вуліцы, і цягам дня падвозілі затрыманых пачкамі. Супрацоўнікі РУУС самі былі ў шоку ад прывезенай колькасці людзей. У іх там нейкі гонар быў, маўляў, ударна папрацавалі. Хамілі ўсяляк».

У РУУСе Цімур знаходзіўся да 4 гадзіны ночы, потым яго павезлі ў ІЧУ ў Жодзіна.

«Перад намі група людзей, якая павінна была паехаць у Жодзіна і паўтары гадзіны стаяла на вуліцы, бо зламалася машына. Мы паехалі калонай з трох-чатырох аўтазакаў, — кажа Цімур, — Там прайшлі метраў 250 па калідорах, папрысядалі, паскакалі. Гэта робіцца, каб ты максімальна потны, смярдзючы зайшоў у камеру, каб даставіць дыскамфорт».


«Стаўленне да нас было, як да жывёл»

На Цімура склалі пратакол па артыкуле 23.34. У жодзінскім ІЧУ яго судзілі, далі 10 сутак арышту. Ён кажа, што адваката да яго не пусцілі, а лісты з волі не дайшлі.

«У першай камеры было 24 чалавекі, па трое на нары, сядзець не дазвалялі, трэба было хадзіць па камеры. Сядзець можна было толькі за сталом, за якім змяшчалася максімум 8 чалавек, і мы мяняліся. Пакармілі толькі ў панядзелак увечары. Днём мы пілі ваду з-пад крана з далоні. Праз двое сутак пасля суду выдалі матрац, наўлачку. У аднаго з хлопцаў засталіся шнуркі, і з дапамогай іх мы змаглі прачыніць акно камеры. З намі былі дыябетыкі, і яны [наглядчыкі] не ведалі, што рабіць з гэтымі людзьмі. Стаўленне да нас было, як да жывёл», — кажа Цімур.

Цімур Рабцаў

Цімур Рабцаў



«Усе сукамернікі — выдатныя людзі»

Цімур кажа, што 10 сутак «праляцелі як адзін дзень». У камеры ён сустрэў мастака Уладзіслава Стальмахова, які чытаў вязням вершы, расказваў гісторыі. Яму таксама далі 10 сутак.

«Усе адзін аднаго падтрымлівалі. Усе сукамернікі выдатныя людзі, за такімі людзьмі будучыня. Як кажуць, не сядзеў — не беларус», — кажа Цімур.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: