Услед за айцом Сяргеем Лепіным: яшчэ адна супрацоўніца сыйшла з інфаслужбы БПЦ

Пра гэта паведамляе Еўрарадыё.
Супрацоўніца Мінскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы звольнілася па меркаваннях сумлення. Так Таццяна Кузняцова выказала салідарнасць з айцом Сяргеем Лепіным — былым прэс-сакратаром БПЦ, які сыйшоў з інфармацыйнай службы ў канцы лістапада.

Прыблізна тады ж заяву напісала і Таццяна. Прайшоў месяц — і яе абавязкі перад працадаўцам вычарпаныя.

«Мой сыход абумоўлены салідарнасцю з а. Сяргеем Лепіным, звольненым з пасады прэс-сакратара Беларускай праваслаўнай царквы пасля смелага выказавання пра знішчэнне народнага мемарыяла Рамана Бандарэнкі, і немагчымасцю далей ісці на кампрамісы з сумленнем. Пра гэта я казала цалкам адкрыта, у тым ліку Экзарху», — піша пра сваё рашэнне Кузняцова.

На сайце Мінскай епархіі БПЦ Church.by яе імя дагэтуль ёсць у раздзеле «Кантакты». Таццяна Кузняцова ўказаная там як адна з супрацоўніц сайта.


«Гэта не было лёгка. Я сваімі рукамі забіла тое, што за 10 год стала значнай часткай майго існавання: стабільнасць, які-ніякі статус у вузкіх колах, магчымасць атрымліваць нармальныя грошы за працу галавой. Але… “якая карысць чалавеку, калі ён увесь свет здабудзе, а душы сваёй пашкодзіць?” (Мф. 16:26), — працягвае Кузняцова. — Трэба аддаць належнае епархіі, якая развіталася са мной па-людску, нават больш за тое. Я ўдзячная мітрапаліту Веніяміну за лагоднае і тактоўнае стаўленне, за павагу да майго выбару. Удзячная епархіяльнаму сакратару айцу Андрэю Волкаву, якога наогул ведаю як вельмі прыстойнага чалавека. Удзячная вялізнаму мноству людзей.

Удых, выдых.
Сэрца б’ецца.
Я свабодная.
Хутка Раство».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: