Усмешка як парушэнне працоўнай дысцыпліны

У снежні Палата прадстаўнікоў у другім чытанні разгледзіць чарговыя папраўкі ў Працоўны кодэкс РБ. Згодна з імі, «часовая» кантрактная форма найму на працу будзе канчаткова ўзаконеная. Варта ўзгадаць, як кіраўніцтва прадпрыемстваў з дапамогай кантрактаў прэсінгуе работнікаў.

Пра дурняў і кіраўнікоў

Насуперак распаўсюджанай думцы пра пасіўнасць і абыякавасць нашых людзей, чарговае пагаршэнне правоў наёмных работнікаў, да чаго прывядуць папраўкі ў Працоўны кодэкс, іх вельмі хвалюе. Пра гэта НЧ распавёў адзін з гамельчукоў. На прыкладзе сваёй установы ён прадэманстраваў, як кіраўнікі сёння кантралююць работнікаў.

Дзмітрый працаваў у адным з гомельскіх гарадскіх сацыяльных цэнтраў:

— Наша арганізацыя закліканая дапамагаць жанчынам і дзецям, найбольш неабароненым слаям насельніцтва. Здавалася б, усе, хто працуе там, павінны вылучацца гуманным і добразычлівым стаўленнем да людзей. Але калі чалавек атрымлівае неабмежаваную ўладу, ён адназначна змяняецца не ў лепшы бок. Дырэктарка ўсталявала ў нашай установе класічны аўтарытарны рэжым. Нават усмешка разглядалася як парушэнне, у большасці работнікаў пераважала пачуццё страху і псіхалагічнага прыгнёту. Калектыў быў ператвораны ў безыніцыятыўную масу без права голасу і свайго меркавання. Хаця калектыўная дамова дае ўсім работнікам даволі шырокія правы, на справе ўсё было па-іншаму. Звычайныя нармальныя чалавечыя эмоцыі заглушаюцца і асуджаюцца. Напрыклад, любыя праявы добрага настрою. Вельмі часта мела месца фамільярнае абыходжанне з падначаленымі.


Ад дырэктара і яе намесніцы на адрас супрацоўнікаў часта гучала: «Звольню», «Не працягну кантракт». Прычым гэта не было звязана з парушэннем дысцыпліны або прафесійных абавязкаў, а проста з’яўлялася такой манерай зносін. Нават калі былі памылкі па працы, яны не разбіраліся, а толькі фіксаваліся, каб потым прад’явіць іх супрацоўніку перад звальненнем. Хаця найпершая задача кіраўніка — абмеркаваць памылкі і недахопы супрацоўніка ў працы і выправіць іх.

Усё гэта выглядала, хутчэй, як помста ці здзек. Дырэктар у дадзеным выпадку выступае не ў якасці арганізатара і арбітра, а ў якасці самадура і наглядчыка. Па прынцыпе: «Я кіраўнік — ты дурань».

Дзяржава для народа?

На думку Дзмітрыя, начальнік любога ўзроўню не павінен быць прывілеяваным і безадказным. Ён павінен быць першым сярод роўных. Зрэшты, наверсе такую яго «састарэлую» пазіцыю не падзялялі. Аднойчы кіраўніцтва «па-сяброўску» яму параіла: «Калі табе нешта не падабаецца, едзь у Польшчу». Але супрацоўнік не лічыў, што ён павінен кудысьці ехаць. Гамяльчук перакананы, што ён павінен працаваць дома, у сябе на радзіме. І будаваць сваю дзяржаву з адэкватнымі законамі і нармальным стаўленнем да людзей.

— Я хачу працаваць і жыць у Беларусі, падымаць тут эканоміку і фармаваць здаровае грамадства, а не ехаць кудысьці, — кажа ён. — «Скажы дзякуй, што ўзяла цябе на працу без рэгістрацыі па месцы працаўладкавання», — заявіла мне некалі дырэктарка. Гэта што? Новае прыгоннае права? Кіраўнік не разумее прынцыпы сучаснага рынку працы? У развітых краінах чалавек не прывязаны да месца жыхарства, а перамяшчаецца па тэрыторыі дзяржавы ўслед за працай.

Пры гэтым, як вынікае са словаў Дзмітрыя, сама адміністрацыя асаблівай службовай стараннасцю не вылучалася. Паводле яго словаў, дырэктарка ўстановы была інвалідам III групы. У сувязі з тым, што акрамя адпачынку яна два разы на год клалася ў стацыянар на лячэнне, чвэрць года яе на працы не было.


А некаторыя факты, выкладзеныя Дзмітрыем, падаюцца папросту неверагоднымі. Напрыклад, ён кажа, што загадчыца крызісным аддзяленнем на сваім працоўным месцы займалася… акультнымі практыкамі! У працоўны час у дзяржаўнай установе яна складала прыватным кліентам астралагічныя гараскопы і прадказанні!

А вось варажба з нагоды налічэння ўласнага заробку, а таксама наконт іншых фінансавых пытанняў, у сацыяльным цэнтры не заахвочвалася. Дзмітрый распавядае:

— Усіх, хто спрабаваў разабрацца ў правільнасці налічэння заработнай платы, адпаведнасці працы і сумы ў разліковым аркушы, звальнялі паводле розных падставаў. У аддзяленні на другім паверсе пражывалі ўцекачы і грамадзяне РБ, якія часова трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю. Дык вось прыборкай гэтага інтэрната павінны былі займацца не жыхары, а супрацоўнік клінінгавай службы. Для гэтага ў штатным раскладзе была прадугледжана пасада прыбіральшчыка. Аднак самога прыбіральшчыка не было. Куды сыходзілі сродкі, зэканомленыя на гэтым манеўры, таксама з’яўлялася сакрэтам. Пры з’яўленні «на аб’екце» санстанцыі графік чарговасці вільготнай уборкі жыхарамі паверха заўсёды здымаўся загадчыцай з інфармацыйнага стэнда.


Не лепшымі былі і ўмовы на працоўных месцах. Так, у дзяжурным пакоі са столі пастаянна сцякала вада, а электрычныя выключальнікі ад яе спрабавалі абараніць поліэтыленавымі пакетамі! Аднак усе прапановы персаналу наконт паляпшэння ўмоў працы адміністрацыя, якая даволі камфортна размяшчалася ў сваіх кабінетах, упарта ігнаравала. На думку суразмоўцы, да супрацоўнікаў ставяцца як да расходнага і лёгка замяняльнага матэрыялу. А шмат у чым такі падыход спрашчае кантрактная сістэма і дэкрэт №29. Незадаволеным папросту не працягваюць кантракт, прымушаюць да звальнення па дамове бакоў альбо звальняюць па артыкуле.


Дзмітрый — неабыякавы чалавек. Ён хацеў бы лепшых умоў працы не толькі для сябе асабіста, але і заканадаўчай абароны хоць бы элементарных правоў работнікаў. Свой зварот у рэдакцыю гамяльчанін заканчвае наступным чынам:

— Калі папраўкі аб канчатковым зацвярджэнні кантрактнай формы найму будуць унесеныя ў Працоўны кодэкс, гэта стане чарговым ударам па правах і свабодах усіх працоўных Беларусі. Заўсёды над кіраўніком любога ўзроўню павінна быць сістэма стрыманняў і проціваг у выглядзе збалансаванага, адэкватнага і справядлівага закона. І стварэнне такой сістэмы ў прамых інтарэсах кожнага шараговага грамадзяніна. Але за ўдасканаленне заканадаўства трэба змагацца. Хоць бы і шляхам стварэння магутных незалежных прафсаюзаў па галіновай або агульнай прыкмеце, якія не залежаць ад чыноўнікаў і рэальна абараняюць працоўнага чалавека.


Сацыяльная безадказнасць

У цэлым, на думку актывістаў міжнароднага і беларускага рабочага руху, асноўная мэта пагалоўнага навязвання работнікам тэрміновай формы найму (кантрактаў) — гэта павышэнне іх залежнасці ад працадаўцы, а значыць, і ступені эксплуатацыі. У гэтых умовах значэнне калектыўных дагавораў зводзіцца шмат у чым да пустой фармальнасці, а стварэнне незалежных прафсаюзаў і барацьба за павышэнне заработнай платы — істотна абцяжарваюцца.


У Беларусі на аснове кантрактнай сістэмы сацыяльна безадказныя працадаўцы ўсіх формаў уласнасці значна зрэзалі правы наёмных работнікаў. Пад прыкрыццём кантрактаў і пагрозай неадкладнага звальнення сёння зніжаецца рэальная заработная плата, павялічваюцца норма выпрацоўкі і службовыя абавязкі, практыкуюцца адвольныя звальненні супрацоўнікаў па прычыне асабістых сімпатый-антыпатый начальства, ажыццяўляецца «аптымізацыя» і замаскіраваныя скарачэнні, ствараюцца магчымасці для самага рознага свавольства і самадурства босаў. Таксама кантракты служаць выпрабаваным інструментам для выбудоўвання кланавых адносін ва ўстановах і прадпрыемствах, звальнення «чужых» і прыёму на працу «сваіх».

Кантрактная форма найму была ўведзена ў Беларусі ў 1999 годзе дэкрэтам №29. На той момант нават афіцыйныя прафсаюзы выступалі супраць яе. Дэкрэт №5, прыняты ў 2014 годзе, надаў працадаўцы дадатковыя правы — змяняць умовы найму «ў сувязі з новымі абставінамі», пазбаўляць прэміі да 12 месяцаў і гэтак далей. Міжнародная арганізацыя працы (МАП), міжнародныя і беларускія незалежныя прафсаюзы бачаць у падобных працоўных адносінах элементы прымусовай працы. Аднак у адказ на гэтую крытыку афіцыйныя інстанцыі ў Беларусі кажуць, што ўсе дэкрэты аб кантрактах носяць «часовы» характар. А Працоўны кодэкс захоўвае права на бестэрміновы працоўны дагавор. На справе ў апошні час бестэрміновы наём практычна не ажыццяўляецца ні дзяржаўнымі, ні прыватнымі ўласнікамі.

У 2016 годзе Палата прадстаўнікоў у першым чытанні разгледзела праект аб унясенні паправак у Працоўны кодэкс. Падобна на тое, што цяпер на лістападаўскай сесіі дэпутаты «часовую» кантрактную сістэму канчаткова зробяць сталай. А значыць, «дамоклаў меч» кантракту і звальнення з гэтага часу пастаянна будзе вісець над галавой работніка.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!