«Устойлівае ўражанне сапсаванай расійскай», — маскоўскі турыстычны даведнік аб беларускай мове

У серыі «Красный гид» маскоўскага выдавецтва «Эксмо» выйшла трэцяе выданне даведніка для турыстаў па Беларусі, піша svaboda.org.
Помнік літары Ў у Полацку

Помнік літары Ў у Полацку


У ім змяшчаецца інфармацыя аб краіне, парады, чым заняць сябе на тыдзень, а таксама даецца пералік 25 галоўных адметнасцяў з падрабязнай мапай.

«Мова ўзроўню першакласніка»​

Карыстальнікаў зачапіла інфармацыйнае тлумачэнне пра Беларусь у рубрыцы «Разговорник». На змест звярнула ўвагу супрацоўніца незалежнай кнігарні «Кніжная шафа» Наста Карнацкая.

«Вось так разгортваеш раніцай кнігу пра Беларусь і даведваесся, што размаўляеш на „сапсаванай расейскай“, як першакласнік», — удакладняе яна.

Расейскі гід па Беларусі

Расейскі гід па Беларусі


«Беларусь —​ расійскамоўная краіна, таму расійска-беларускі размоўнік вам не спатрэбіцца, — сцвярджаюць аўтары экспрэс-гіду. — Беларуская мова распаўсюджаная на захадзе краіны, і тое пераважна ў вёсках. Акрамя таго, у Заходняй Беларусі ёсьць польскія раёны, а на Палессі мясцовыя размаўляюць на дыялекце, які называюць «тутэйшым».

Як пішуць далей аўтары даведніка, беларускі алфавіт пабудаваны на аснове кірыліцы. У параўнанні з расійскім хіба некалькі адрозненняў: адсутнасць літар «и» (замена на “і”), «щ» (замена на «шч»), «ъ» (замена апострафам), а таксама прысутнасць «ў», характэрнага толькі для беларускай мовы (нешта сярэдняе паміж «у» і «в»).

«Назвы гарадоў, устаноў на беларускай мове могуць выклікаць устойлівае ўражанне сапсаванай расійскай – так пісалі б першакласнікі, зыходзячы з прынцыпу «як чуецца, так і пішацца». Напрыклад, «вакзал», «аптэка», «праспект», — адукоўваюць чытачоў складальнікі «Красного гида».

«Сіндром грэблівага стаўлення»

Юрыст, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец лічыць, што справай гонару кіраўніцтва Беларусі было б адрэагаваць на свядомае прыніжэнне вартасці беларускай мовы.

Фрагмент пра беларускую мову

Фрагмент пра беларускую мову



«Зразумела, што і вядомаму выдавецтву гэта не дадае аўтырэтыту, і выклікае адпаведную рэакцыю з боку беларусаў, — кажа Андрэй Бастунец Свабодзе. — Затое падобныя допісы яскрава дэманструюць, якое насамрэч стаўленне ў агульнай масы жыхароў Расіі да суседняй Беларусі — звысоку, грэбліва-павучальнае».

На перакананне Андрэя Бастунца, на падобную праяву «непрыхаванага хамства» адпаведныя дзяржаўныя ўстановы Беларусі мусяць накіраваць афіцыйны зварот у выдавецтва «Эксмо» з патрабаваннем выправіць фрагмент тэксту, які абражае краіну і яе жыхароў.

У выпадку ж, калі чыноўнікі праглынуць абразу, варта распачаць грамадскую кампанію са зборам подпісаў сярод вядомых людзей Беларусі, канстатуе Андрэй Бастунец.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!