Уступная кампанія ў беларускія ВНУ пройдзе ў адзін паток

У гэтым годзе ўступная кампанія ў ВНУ будзе арганізавана з 8 ліпеня па 2 жніўня, паведаміў на прэс-канферэнцыі 2 мая міністр адукацыі Сяргей Маскевіч. Паводле яго слоў, графік правядзення прыёмнай кампаніі зацверджаны пастановай ведамства № 31 ад 8 красавіка 2014 года.



Як адзначыў міністр, у гэтым годзе ў арганізацыю уступнай кампаніі ўнесеныя «значныя аптымізацыйныя змены». У прыватнасці, прыём абітурыентаў будзе праводзіцца ў адзін паток адначасова для дзённага і завочнага аддзялення, сказаў Маскевіч.

Прыём дакументаў будзе ажыццяўляцца з 8 па 12 ліпеня, а з 13 па 22 ліпеня ў ВНУ будуць праходзіць ўнутраныя экзамены, калі яны неабходныя, і залічэнне абітурыентаў. З 22 па 29 ліпеня будзе праводзіцца дадатковы набор абітурыентаў на спецыяльнасці, дзе засталіся вакантныя бюджэтныя месцы па выніках першага залічэння. З 29 ліпеня па 2 жніўня павінны быць падведзены вынікі залічэння на платную форму навучання, пры гэтым, як адзначыў Маскевіч, абітурыенты могуць падаваць дакументы на платную форму навучання ўжо з 8 ліпеня, паведамляюць Naviny.by.

Уступная кампанія ў сярэдніх спецыяльных навучальных установах пройдзе з 2 па 16 жніўня. Як паведаміў міністр, у гэтым годзе ўнутраныя экзамены ў ССНУ будуць арганізаваны толькі на творчых спецыяльнасцях. «Тыя , хто паступае пасля базавай школы (9 класаў), залічваюцца на падставе сведчанняў аб базавай адукацыi. Тыя, хто паступае пасля 11 класаў, павінны абавязкова здаць цэнтралізаванае тэставанне», — адзначыў Маскевіч.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: