Ушанаванне памяці паўстанцаў Каліноўскага: штогод — пратаколы і штрафы

Акцыя ўшанавання памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага, якая традыцыйна праходзіць у Свіслачы і Якушоўцы, гэтак жа традыцыйна завяршаецца складаннем пратаколаў адміністрацыйнага правапарушэння на ўсіх удзельнікаў.

Акцыя ў Свіслачы, фота volkovysk.by


Прычым супрацоўнікі міліцыі не абцяжарваюць сябе прадстаўленнем якіх-небудзь істотных доказаў.

Так, 24 лістапада ў аддзяленне міліцыі быў выкліканы слонімскі актывіст Павел Севасьцян.  Паводле пратакола, ён з’яўляўся ўдзельнікам несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Аднак сам актывіст кажа, што яго не было ні на могілках, ні і ў складзе арганізаванай калоны, што прайшла да помніка Каліноўскаму, як гэта пазначылі міліцыянты, паколькі ён спазніўся на мерапрыемства.

Яшчэ большы абсурд учынілі супрацоўнікі міліцыі, якія склалі пратакол на актывіста з Ліды Валерыя Мінца. Ён увогуле 30 кастрычніка не быў у Свіслачы.

Гарадзенскаму актывісту Эдварду Дмухоўскаму міліцыя даслала адміністрацыйны пратакол па пошце. Яго вінавацяць у парушэнні ч. 1 арт. 23.34 КаАП РБ. Нібыта ён  парушыў парадак правядзення масавых мерапрыемстваў, удзельнічаў ў мітынгу ў Свіслачы.

Таксама па пошце атрымаў пратакол правапарушэння і грамадскі актывіст з Менску, вядомы бард Зміцер Захарэвіч. Позву з патрабаваннем з'явіцца ў Свіслацкі РАУС атрымаў старшыня Партыі БНФ Аляксей Якукевіч.

“Гарадзенская Вясна” паведамляе аб тым, што пратаколы правапарушэння за ўдзел у Дні памяці паўстанцаў 1863 года складзены таксама на актывіста з Бярозаўкі Вітольда Ашурка, і жыхара Слоніма Віктара Марчыка.

Раней, 18 лістапада, адбыўся першы суд па адміністрацыйнай справе за ўдзел у Дні памяці паўстанцаў 1863 года. старшыня Свіслацкага раённага суда Аляксандр Шылін пастанавіў пакараць грамадскага актывіста Юры Глебіка штрафам у памеры 40 базавых велічынь, прызнаўшы вінаватым па артыкуле 23.34 КаАП РБ (парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавага мерапрыемства).

Традыцыя ўшанавання памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага ў Свіслачы і Якушоўцы закладзеная больш за дзесяць гадоў таму. Ніводная акцыя за гэты час не прайшла без складання пратаколаў на яе ўдзельнікаў, тых, хто шануе сваю гісторыю і ганарыцца сапраўднымі героямі Беларусі.

 spring96.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: