Ушчыльненне: руйнуюць парк і зялёныя зоны

Навала для сталічных жыхароў — знішчэнне зялёных выспаў і ўшчыльненне, рухаецца і ў бок Масюкоўшчыны. Галоўнай мішэнню стаў і парк 60-годдзя Кастрычніка.

Жыхары пратэстуюць супраць таго, каб забудоўваўся парк, а таксама супраць іншых праблемных праектаў. Агулам у Фрунзенскі выканкам, паводле словаў ініцыятараў, перададзена каля 1,5 тысячы подпісаў грамадзян.

За кошт парка плануюць узвесці спартыўна-спаборніцкі комплекс, разлічаны на 8 крытых тэнісных кортаў. «Вось тут знаходзяцца тэнісныя корты, ужо існуючыя, — паказала на плане жыхарка вуліцы Сердзіча Вольга Бабіна. — Побач з ужо існуючымі яны зноў будуюць тэнісныя корты. Ужо высечаны блакітныя елкі. Вось тут ужо стаіць агароджа, распачата будаўніцтва — яшчэ да грамадскага абмеркавання! Яшчэ не прыняты гэты праект — у абыход заканадаўства яны ўжо высеклі, яны ўжо будуюць! Гэта прамое парушэнне!»

Непадалёку ад фізкультурна-аздараўленчага цэнтра па вуліцы Жудро, які таксама знаходзіцца на паркавай тэрыторыі і дзе ёсць басейн, хочуць будаваць яшчэ адзін плавальны басейн і дзіцячае кафэ. За кошт руйнавання зялёнай дваровай тэрыторыі па Сердзіча, 30 і Матусевіча, 24. Жыхары не бачаць асаблівай неабходнасці ў такіх аб’ектах, акрамя стварэння новых праблемаў для пражывання. Напрыклад, транспартнай нагрузкі.

Яшчэ адзін галаўны боль — пашырэнне дарогі. «Ад Матусевіча ідзе вуліца Сердзіча, у яе ёсць выезд на вуліцу Альшэўскага, — працягвае Вольга Бабіна. — Зараз тут невялікая дарога. Яе хочуць выпраміць, вывесці на вуліцу Альшэўскага, зрабіць чатырохпалоснай. Рабіцца гэта будзе зноў жа за кошт парка. Тут жа плануецца рэстаран і, па чутках, казіно».

Жыхары катэгарычна супраць. Адзін з іх напісаў у інтэрнэце на форуме, што купляў кватэру ў доме менавіта таму, што побач парк і дарога з неінтэнсіўным рухам. Каб быць спакойным за сваё дзіця, каб той гуляў у парку. Чатырохпалосным інтэнсіўным рухам гарантаваць бяспеку немагчыма, канстатуе ён.

Яшчэ у Фрунзенскім раёне побач з пяціпавярховікамі плануецца ўзвесці 18-павярховы дом. Паміж Альшэўскага, 47, Пушкіна, 79 і Сердзіча, 40 і 38 і 42. Будаўніцтва жылога дома праектуецца з чатырма пад’ездамі, офіснымі памяшканнямі і падземным паркінгам на 100 машынамесцаў. «Яго мяркуецца размясціць на вельмі маленькім участку свабоднай зямлі, на якім зараз знаходзяцца дрэвы, трава, спартыўная пляцоўка і дзіцячая пляцоўка. Там вельмі невялікі ўчастак зямлі, — адзначае Вольга Бабіна. — План дэтальнага планавання (ПДП) складены з парушэннямі. У тым ліку не пазначана, што тут знаходзяцца спартыўная і дзіцячая пляцоўкі, якія пойдуць пад знос. На бягучы момант яны не ўказаны».

Шматпавярховік пазбавіць жыхароў пяціпавярховых дамоў і выгляду з вакна. «У крытэрах каштоўнасці жылля і вызначэння кошту квадратнага метра выгляд з вакна стаіць на другім месцы, — кажа Вольга Бабіна. — На першым — раён. Потым планіроўка і г.д. Як мінімум нашы правы парушаюцца ў тым, што зніжаецца кошт жылля. Нам і так даволі складана. Гэта старыя дамы. Канкрэтна наш дом 1969 года пабудовы з маленькімі 5-метровымі кухнямі, без ліфтаў. Цалкам зялёная тэрыторыя ў нас забіраецца. А тое, што праект не адпавядае нарматывам, мы ўсё выклалі ў дакументах. Ён не адпавядае не з пункту гледжання экалогіі і будаўнічых нормаў, не з пункту гледжання эстэтыкі і здаровага сэнсу».

1138 подпісаў на 45 лістах супраць будаўніцтва шматпавярховага дома перададзены ў Фрунзенскі выканкам.

«Па Глебкі, 64 убіраецца спартыўная і дзіцячая пляцоўкі, і будуць будаваць паркінг. Жыхары збіралі подпісы, рэгістравалі ў адміністрацыі зварот. Паркінг па вуліцы Матусевіча — тут высякаецца бярозавы гай», — пералічыў іншыя праблемныя кропкі прадстаўнік адной з ініцыятыўных групаў Дзяніс Тушынскі.

«Агульнае ўражанне ад гэтага ПДП наступнае, — рэзюмавала Вольга Бабіна. — Тут закрануты фінансавыя інтарэсы праектнай арганізацыі (Мінскграда), патэнцыйных інвестараў і выканкама. За чый кошт яны зарабляюць? За кошт жыхароў, у каторых забіраюць зеляніну, у каторых забіраюць выгляд з вакна, у каторых забіраюць чыстае паветра, дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі, узамен нічога не даючы».

Звароты супраць будаўніцтва ў парку жыхары накіравалі ў пракуратуру і Адміністрацыю прэзідэнта. Апошняя спусціла зварот у Фрунзенскую адміністрацыю, з якой жыхарам прыйшоў адказ, што ўсё законна. З пракуратуры адказу пакуль няма.

«З боку выканкама разгорнута масіраваная дзейнасць, каб зацвердзіць гэты ПДП, у тым ліку зрабіць законным незаконнае будаўніцтва на тэрыторыі парка, — сказала Вольга Бабіна. — Яны вельмі зацікаўленыя. Ці ёсць тут карупцыйны складнік, мы не ведаем. Гэта ўжо пытанне пракуратуры. Але ну вельмі ж ужо неадэкватна яны сябе паводзяць. Абараняюць праект, складзены з вялікай колькасцю парушэнняў заканадаўства».

Жыхары падалі таксама дакументы ў тыя арганізацыі, якія будуць рабіць прафесійныя экспертызы — у Мінпрыроды і будэкспертызу. З заўвагамі аб неадпаведнасці ПДП нарматывам.

«Зямля належыць не прэзідэнту, не чыноўнікам. Але распараджаюцца яны зямлёй быццам бы гэта іх прыватная ўласнасць, — зазначае Вольга Бабіна. —  Адбіраюць участкі, выдзяляюць участкі. Мы ніхто. То бок Канстытуцыяй у нас рэгламентаваны нашы правы. А практычная дзейнасць канкрэтна Фрунзенскага райвыканкаму нашы правы парушае. Наша права на спрыяльнае асяроддзе пражывання, валоданне зямлёй народам — яно ўладай парушаецца».

Напярэдадні, 20 студзеня, адбылося пасяджэнне камісіі па падвядзенні вынікаў грамадскага абмеркавання праекта дэтальнага планавання. У кабінет да намесніка адміністрацыі Фрунзенскага выканкама Аляксандра Некрашэвіча журналістаў не пусцілі. Нягледзячы на заўвагі і прапановы нязгодных жыхароў, камісія рэкамендавала зацвердзіць план у поўным аб’ёме.

«Мы будзем аспрэчваць рашэнне, выкарыстоўваючы ўсе магчымыя сродкі, — заявіла Вольга Бабіна. — Ствараць грамадскі рэзананс. Ва ўсялякім выпадку, кропля камень точыць. Трэба штосьці рабіць. За нас гэта ніхто не зробіць. У нашай краіне выратаванне тапельцаў справа рук саміх тапельцаў. То бок нашы інтарэсы акрамя нас ніхто абараняць не будзе. Як ужо высветлілася, нашы быццам бы народнавыбраныя дэпутаты абараняюць інтарэсы выканаўчай улады, а зусім не выбарцаў».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Док
  • 2017-01-22 01:07:40
Гэта проста "беспредел"! Улады маніпулююць будаўнічым заканадаўствам як хочуць, разглядаюць гарады як свае прыватныя надзелы. Людзей не ставяць ні ў што. Дэмакратычныя дэпутаты. дзе ваша слова? Час мяняць будаўнічае заканадаўства!
  • Алекс
  • 2017-01-23 11:53:40
Да им до лампочки мнение народа, увидели кусок земли и счетчик в глазах затикал, а то что это парк или спортивная площадка им по барабану. Парк 60 лет победы оказался вообще не парком это с их слов сказанных на якобы "общественном обсуждении", зеленая роща между 64 и 58 домами по П.Глебки так ее вообще несуществует, и это с их слов. 46 лет существовала а теперь ее нет. Спорт площадка между 32 и 58 домом так это вовсе не спорт. площадка. 46 лет была спорт. площадка( футбол, баскетбол, беговые дорожки). Там студенты с техникумов индустр. педагогического и легкой промышленности всегда физухой занимались и местные жители тоже. А теперь это кусок земли с жирными цифрами и до лампочки что жильцы домов категорически против строительства. У чинуш в башке теперь только счетчик с деньгами тикает и чхать они хотели на нормы и законы, думают что втихаря все провернул и обойдется без " шума и пыли". НЕУГАДАЛИ.
  • Мясцовы жыхар
  • 2017-01-25 09:14:18
Ціаква, да якой ступені чыноўнікі могуць ушчыльняць Менск? Напэўна, каб людзі маглі пералазіць з вакна ў вакно суседніх дамоў!

А меркаванні людзей для нашых чыніўнікаў сапраўды пусты гук. Ім трэба фармальна правесці абмеркаванне, вось і яны робяць выглядш, што слухаюць. А самі ўжо распачалі будаўніцтва!

Няхай у Драздах сваіх робяць ушчыльненні!!!
  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: