«Увесь кастрычнік нас ганяюць на суботнікі. А калі жыць?»

Ці сапраўды людзі абураныя або тое, што адбываецца, ім падабаецца — невядома, яны ж маўчаць. Што будзе, калі адмовіцца? Пра рэпрэсіі ніхто не казаў, у дакументах яны не прапісаныя, людзям дазваляюць здагадвацца самім. 

Адразу некалькі зваротаў прыйшло ў рэдакцыю people.onliner.by з Мінскага раёна.

«Увесь кастрычнік нас прымушаюць задарма працаваць па выходных, — скардзяцца аўтары. — Добра б адну-дзве суботы ў месяц... Але кожны тыдзень — гэта занадта».

Такая прымусоўка, вядома, выклікае рашучае процідзеянне масаў: яны нешта гнеўна мармычуць, адводзяць вочы, пішуць безыменныя скаргі і просяць не выдаваць. Педагогі, як перадавая частка грамадства, таксама не змаглі маўчаць — даслалі ананімку.

«Больш няма сілаў маўчаць, — як умее не маўчыць ананім. — На працы прыйшла папера аб арганізацыі суботнікаў у кастрычніку. Людзі павінны выходзіць на суботнік ўсе чатыры суботы месяца (6, 13, 20, 27 кастрычніка). Потым трэба даваць справаздачу ў некалькі інстанцый аб праведзенай працы. Людзі абураныя, у работнікаў ёсць сем'і, дзеці, у многіх свае падворкі, дзе таксама трэба працаваць. Як можна прымусіць людзей выйсці на працу?»

Ці сапраўды людзі абураныя або тое, што адбываецца, ім падабаецца — невядома, яны ж маўчаць. У любым выпадку, чарговы пачак выканкамаўскіх папер папоўніў калекцыю onliner.by адміністрацыйных шэдэўраў. Называецца ўсё гэта, вядома, месячнікам па навядзенні парадку. Хтосьці, магчыма, не разглядзіць тут нічога незвычайнага. Але яно ёсць.

Мінскі райвыканкам сфармуляваў заданне так: старшыням сельскіх выканкамаў арганізаваць і правесці суботнікі з удзелам усіх устаноў, прадпрыемстваў, арганізацый і насельніцтва. Аддзелу ідэалогіі і рэдакцыям газет — шырока асвятліць. Старшыням сельсаветаў — даслаць справаздачы: якая арганізацыя колькі дала людзей, аб'ём работ.

 

 



Далей дакумент, які прыйшоў зверху, прыняліся інтэрпрэтаваць начальнікі на месцах і спускаць на ніжнія ўзроўні. Упраўленне па адукацыі, спорту і турызму Мінскага райвыканкама разаслала ўласны ліст па падведамным арганізацыям:

«Кіраўнікі ўстаноў адукацыі павінны арганізаваць і правесці 6 кастрычніка, 13 кастрычніка, 20 кастрычніка, 27 кастрычніка 2018 года суботнікі. Справаздачы аб праведзенай на суботніках працы накіроўваюцца ва ўпраўленне па адукацыі, спорту і турызму Мінскага райвыканкама па электроннай пошце не пазней за 8 кастрычніка, 15 кастрычніка, 22 кастрычніка, 29 кастрычніка 2018 года адпаведна».

Затым у справу ўступілі мясцовыя адміністратары — дырэктары і кіраўнікі сельвыканкамаў. Яны проста паставілі бясплатную рабсілу перад фактам. Праца, па словах тых, хто звярнуўся, заключаецца ў асноўным у тым, каб прыбіраць лісце.

Што будзе, калі адмовіцца? Пра рэпрэсіі ніхто не казаў, у дакументах яны не прапісаныя, людзям дазваляюць здагадвацца самім. А ўжо яны з задавальненнем малююць сабе карціны апакаліпсісу і непрадаўжэння кантракту.

Наогул, да бясплатнай працы ўсё ставяцца па-рознаму, у яе, напэўна, маюцца і фанаты, і праціўнікі. Але той, хто фармуляваў дакументы, падобна, не падазрае, што робіць нешта не так, як задумваў ў 1919-м Ленін. У суботніка ёсць два асноўныя прынцыпы: 1) добраахвотнасць; 2) ініцыятыва павінна зыходзіць знізу. Інакш гэта не суботнік, а нешта іншае. Па бухгалтэрыі і Адміністрацыйнаму кодэксу тое, што адбываецца, трэба праводзіць неяк інакш.

Праваабаронца "Вясны" Валянцін Стэфановіч рыхтуе заяву ў Пракуратуру па Мінскай вобласці, каб тая правяла праверку і ўстанавіла факты незаконнага прыцягнення работнікаў да прымусовай працы, устанавіла адказных за выдачу такіх распараджэнняў і прыцягнула іх да адказнасці, устаноўленай законам.

spring96.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць