Узгадаваць беларускамоўных аднакласнікаў

Мова жыве, калі жывуць яе носьбіты. У мовы ёсць перспектыва, калі яна перадаецца з пакалення ў пакаленне. У гэтым сэнсе беларуская мова жывая, бо засталіся людзі, для якіх яна была сродкам зносін, прышчэпленым бацькамі і землякамі ў родных мясцінах, і вучыліся на ёй.
Ілюстрацыйнае фота. Віктарына знаўцаў беларускай мовы ў школе № 22 Магілёа, sosh22.mogilev.by

Ілюстрацыйнае фота. Віктарына знаўцаў беларускай мовы ў школе № 22 Магілёа, sosh22.mogilev.by

З перадачай з пакалення ў пакаленне цяжэй. Дзеці тых беларускамоўных у большасці выхаваны на рускай мове. З другога боку, новыя беларускамоўныя выхоўваюць дзяцей па-беларуску, і ў мовы з’яўляецца новае пакаленне, яе жыццё працягваецца. У беларускамоўным выхаванні ёсць важная надбудова — школа. Ёй і прысвячаю гэты артыкул, бо, як здаецца, новыя беларускамоўныя ўпускаюць некаторыя шансы і дзейнічаюць без уліку сучаснай спецыфікі.


Што маем цяпер


Цікавы разгляд беларускамоўнага школьніцтва з пачатку XX стагоддзя і да сучаснасці прывёў Вінцук Вячорка ў артыкуле «Як беларусы змагаліся за сваю школу пры ўсіх рэжымах. Да Дня беларускае школы». Ёсць там такі сказ: «… не мы, не бацькі павінны збіраць подпісы паводле невядома адкуль узятай квоты на беларускамоўнае навучанне Калі вам кажуць, што вы павінны знайсці яшчэ восем ці дзесяць сем’яў, якія хочуць вучыць дзяцей па-беларуску, — гэта няпраўда. Па-першае, даць магчымасць вучыць дзіця па-беларуску — абавязак дзяржавы. Па-другое, няма афіцыйна зацверджанага мінімуму вучняў для адкрыцця беларускамоўных класаў».

І многія беларускамоўныя бацькі дзейнічаюць па гэтым прынцыпе. Яны не згаджаюцца на школы, да якіх трэба некуды ехаць, падаюць у суды. Зрэшты, калі бацькі не такія баявыя, то могуць кідацца з агню ў полымя — шукаць тыя самыя 8-10 сем’яў сярод выпадковых суседзяў. І той, і другі спосабы аддаляюць ад мэты — ад выхавання новага беларускамоўнага пакалення.

Першы спосаб — змаганне за прынцып як такі. Раз павінны, раз маем права — то трэба патрабаваць і атрымаць. Калі не даюць, то значыць, гэта варожыя сілы, з імі трэба змагацца. Другі спосаб – крокі насустрач бюракратычнай машыне са стратай уласных інтарэсаў (не прынцыпаў, а непасрэднай мэты).

Нядаўна прэса пісала пра гамельчука, які не здолеў засудзіць чыноўнікаў, якія адмовілі яго дачцэ ў навучанні па-беларуску. Чыноўнікі прапаноўвалі гімназію ў 7 км ад дому, бо не палічылі мэтазгодным стварыць клас для адной вучаніцы. Падобныя гісторыі былі і ў іншых гарадах. Людзям нешта прапаноўвалі, але далекавата. Чаму ж чыноўнікі так робяць, ці яны наўмысна перашкаджаюць беларускаму выхаванню дзяцей?

Калі думаў пра гэта, трапілася на вочы гісторыя, як у адным аграгарадку школьнікам даводзілася ў школьных класах ствараць асвятленне ліхтарыкамі.

«Вучням музычнай школы ў аграгарадку Падлабенне даводзіцца вось ужо некалькі месяцаў запар займацца ў памяшканні, дзе няма святла. Выкладчыкі гавораць, што праблему мясцовая ўлада і раённы аддзел культуры паабяцалі вырашыць літаральна днямі, але пакуль дзеці на заняткі прыходзяць з ліхтарыкамі. ... У Падлабенні жыве каля 700 чалавек. Агульнаадукацыйнай школы тут няма: дзеці на вучобу ездзяць у суседні аграгарадок Рацічы і ў Гродна».

А яшчэ пасля размяшчэння фатаграфій з ліхтарыкамі строга пагутарылі з настаўніцай і ледзь не звольнілі яе. Чытачы былі абураны! Дажыліся, каб ліхтарыкамі ў класах свяціць, сваімі персанальнымі, куды падаткі ідуць? На гэта і быў акцэнт нават у тых, хто абураўся паводзінамі чыноўнікаў у Гомелі. У выпадку Падлабення як нешта належнае ўспрынялі, што дзецям падаткаплацельшчыкаў трэба некуды ехаць. Пры чым да Рацічаў — 9,5 км, а да Гродна — 12 км. У гэтым выпадку ніхто не апеляваў да права грамадзян і абавязку дзяржавы. Так сказаць, «вы ж разумееце».
Шлях з Падлабення ў Рацічы

Шлях з Падлабення ў Рацічы



Архіпелаг Беларусь у моры Рэспублікі Беларусь

Некалі Валянцін Акудовіч параўнаў беларускамоўных (ці нацыянальна свядомых) з архіпелагам, бо яны разрозненыя, распыленыя, аддаленыя адзін ад аднаго. Архіпелаг Беларусь. Калі дзяржава вымагае ад школьнікаў Падлабення ехаць за 9,5 ці 12 км вучыцца, бо таму, што гэта малы аграгарадок, а ездзіць туды настаўнікам самім не выпадае. Лагістыка, кіраванне рэсурсамі без нацыянальна-моўных аспектаў. На нашым архіпелагу беларускія астраўкі таксама малалікія. Калі ўлады размяркоўваюць рэсурсы сярод «астраўлян», то зыходзяць з той жа логікі, як і ў выпадку Падлабення.

Падаткаплацельшчыкі маюць права на гарантаваныя ім даброты. Аднак слушна і тое, што бюджэтныя даброты размяркоўваюцца па мностве іх карыстальнікаў дзеля аптымізацыі выдаткаў. Ідэальна, каб на аднаго вучня прыпадаў адзін настаўнік, але за такую раскошу грамадзяне дорага б заплацілі. Таму ў класах бывае па 20-30 вучняў (болей ужо педагагічна немэтазгодна).

Логіка чыноўнікаў — прагматычна-эканамічная. Яны мераюць беларускамоўнае школьніцтва тымі ж меркамі, што і рускамоўнае. Так, гэта абыякавасць, але ўсё ж не мэтанакіраваны ўціск. Беларуская мова — гэта мова пад пагрозай, і ёй трэба прэферэнцыі, пазітыўная дыскрымінацыя. Але гэта іншая пастаноўка пытання. Перад чыноўнікамі так яго не ставілі.

Пазітыўная дыскрымінацыя заключалася б у тым, каб у сістэме адукацыі знізілі планку для беларускамоўнага класа або скасавалі яе. Імаверна, гэта пытанне трэба падымаць асобна. Пакуль жа дзяржаўныя людзі могуць увогуле не разумець, у чым сутнасць прэтэнзій.

Так, Беларусь была створана, каб абараняць беларускія нацыянальныя каштоўнасці. Але між «як было» і «як мае быць» з аднаго боку і «як ёсць» вялікая прорва. Дзяржава ў тэорыі мусіць абараняць яе неад’емныя і першапачатковыя каштоўнасці. На практыцы, на бягучы момант, Рэспубліка Беларусь у асобе яе ўлады паводзіць сябе як карпарацыя, якая імкнецца захаваць сябе і шукае сродкі для самазабеспячэння. На задні план адыходзіць і мова, і архітэктура, і вясковыя дамы, і рака Прыпяць і радыяцыйная бяспека, і многае іншае. Тузаць дзяржаву, каб яна вярталася да святынь, трэба, але варта разумець, што яна прасякнецца ім не хутка.


Колькасць і якасць


Але пытанне не закрываецца толькі зніжэннем ці скасаваннем планкі. Кадравыя рэсурсы таксама абмежаваныя. Беларускамоўных настаўнікаў — абмежаваная колькасць, як і рускамоўных. А ці высвятляў хто, якая іх прапорцыя да адпаведных вучняў? Апелюючы да нашага права і да абавязку дзяржавы, мы можам забываць і пра фізічную магчымасць. Або давядзецца ехаць настаўніку з суседняй школы, або трэба выхоўваць новых, або перавучваць на беларускую мову наяўных. Настаўнікі — непапулярная прафесія, па размеркаванні надоўга не затрымліваюцца.

Калі ставіць пытанне пра прэферэнцыі на дзяржаўным узроўні, ствараць спрыяльныя ўмовы і заробкі, спрыяльны конкурс у ВНУ, то вынік будзе атрыманы праз некалькі гадоў. Гэта трэба браць у разлік. Як і тое, што кадры, прыцягнутыя па размеркаванні, нестабільныя. Калі у экспрэс-рэжыме «беларусізаваць» наяўных рускамоўных настаўнікаў, то тут таксама мусіць быць задзейнічана праграма дзеянняў. Яе трэба распрацаваць. І яна не запрацуе адразу ж.

Іншы падводны камень — якасць. З прэферэнцыямі можна здабыць новых настаўнікаў, аднак якім будзе навучанне ад чалавека, які карыстаецца беларускай у абмежаваным аб’ёме (ці нават у рамках свайго прадмета)? Задаволіўшы права і спагнаўшы абавязак, можна згубіць і якасць. Калі ж вы ведаеце, што ёсць настаўніцкі калектыў з досведам і лаяльнасцю да беларускамоўных, то перспектывы для іх выхавання лепшыя.

Нашым чыноўнікам уласціва выдаваць фармальнае за рэальнае. Чыноўнікі — гэта кадравыя рэсурсы, сярод якіх таксама мала лаяльных або цямных што да беларушчыны, і гэтыя рэсурсы кіруюць рэсурсамі ў выглядзе педагогаў. Такія вось два ўзроўні. Вырашылі праблему на ніжнім, яна застаецца на верхнім. У перспектыве змены мусяць быць праведзены і на верхнім узроўні — увядзенне ў курс пра сутнасць прэферэнцый для беларускамоўных.

А пакуль адказныя за размеркаванне рэсурсаў будуць ранейшымі, ёсць рызыка фармалізатарства, і тут трэба асцерагацца масоўкі. Для дасягнення фармальных паказчыкаў раптам акажацца, што ахвотныя беларускамоўныя знайшліся, аж 20 чалавек. Толькі акажуцца гэтыя 20 чалавек дзецьмі звычайных рускамоўных, якім беларуская мова не вельмі і трэба і якім сказалі, што яна і так будзе для птушкі. І разам з гэтымі 20 будзе вучыцца той адзін ад беларускамоўных бацькоў. Але выкладанне можа быць рускамоўным ці на чвэрць беларускамоўным, бо чыноўніку лягчэй забяспечыць папяровых настаўнікаў, чым шукаць ці выхоўваць рэальных. А запярэчыць будзе цяжка, бо астатніх 20 вучняў і іх бацькоў усё задавальняе.
Прэцэдэнты былі. (Напрыклад, славуты фізкультурнік, пра якога казаў Г. Лойка. Або ўзгадайма начныя чэргі ля 23 гімназіі, калі беларускамоўныя бацькі імкнуліся забяспечыць навучанне для сваіх дзяцей).

У гэтым сэнсе бацькі самі могуць пайсці ў пастку, збіраючы подпісы па суседзях за беларускамоўнае навучанне. Суседзі могуць і згадзіцца, але без сапраўднай матывацыі. А потым паўторыцца рускамоўны фізкультурнік і 20 рускамоўных аднакласнікаў.

Ці сею я песімізм? Не, хачу паказаць, якія дзейнічаюць прынцыпы. Чыноўнікі і настаўнікі — гэта зрэз грамадства, пераважна русіфікаванага. Размеркаванне чыноўнікаў, а за імі — настаўнікаў, якіх размяркоўваюць чыноўнікі, характарызуецца неразуменнем патрэб беларускамоўных. (І, скажам шчыра, не разумець беларускамоўных не так і цяжка, улічваючы нашы вельмі разрозненыя патрэбы, упадабанні, ступень занурэння ў беларушчыну і інтэнсіўнасць жыцця ў ёй розных беларускамоўных.) Самае простае для ўлад на сёння — размяркоўваць гэтаксама, як і для рускамоўных. Калі дапамагаюць — то як могуць. Калі беларускамоўным важна выхаванне новага пакалення тут і зараз, трэба дзейнічаць з улікам бягучых рэалій.


Вяртанне ў кантэкст


Для выхавання пакалення носьбітаў важнае і выхаванне ў сям’і, і навучанне ў школе, але… Але засвоіўшы ад папярэднікаў гэтыя пастулаты, нацыянальна свядомыя карыстаюцца імі ў адрыве ад кантэксту. Мова сям’і — пачатак, зародак выхавання. Мова школы — працяг выхавання. Аднак выходзячы далей за сям’ю, носьбіт мовы трапляў у моўнае асяроддзе — сваякі, суседзі. Вучачыся ў школе, чалавек не проста спасцігаў навуку, але жыў у асяроддзі. Школа ператварае простае асяроддзе ў грамадства, калі гэта асяроддзе ёсць. Акрамя таго, настаўнікі тады былі часткай асяроддзя, больш чым службовай шрубкай.

На пачатку 20 ст. пад «першымі немцамі» першыя беларускія школы тварыліся знутры асяроддзя, настаўнікі былі з яго гушчы. Беларусы не пісалі заяў да немцаў з просьбай стварыць клас, вылучыць настаўнікаў. Усе настаўнікі былі з іх кола і ў іх распараджэнні. У Заходняй Беларусі, калі прыціскалася беларуская асвета, было гэтаксама. Беларусы былі самі сабе асяроддзем, настаўнікі выходзілі з гэтага ж асяроддзя і мацавалі яго ж. Настаўнікі былі сваімі людзьмі і нават суседзямі. Мяркую, калі б у тыя часы нехта захацеў вучыцца ў беларускамоўнай школе, а яна была б за 7 км, то наўрад ці ён бы стаў судзіцца.

Раней у школы хадзілі і на большыя адлегласці. Жыхары вёскі маёй бабулі хадзілі праз лес да суседняй вёскі. Тыбетцы, чыя радзіма акупавана Кітаем, ж ходзяць у свае школы праз горныя перавалы.


Асяроддзе школы і школа асяроддзя


У артыкуле В. Вячоркі ёсць дзіўны пераход. Вось беларусы рабілі сабе школы, самаарганізоўваліся, прайшоў час, русіфікацыя, і пасля гэтага ім ужо трэба не самаарганізоўвацца для навучання, а патрабаваць яго ад дзяржавы (прычым, спачатку — ад СССР). Што змянілася, раз мы павінны ставіцца да дзяржавы так, нібы ў яе сховах ёсць шмат беларускамоўных школ і настаўнікаў і яна іх сквапна адмаўляецца выдаць?

Падказка — у фразе «Хочаце беларускамоўныя школы — едзьце ў вёскі». Русіфікацыя русіфікацыяй, але гэта не татальная смерць. Беларускамоўныя школы ў БССР былі, людзі ў іх вучыліся, яны і былі беларускамоўныя. Носьбіты. Русіфікацыя пачыналася з гарадоў, адпаведна, беларускамоўныя школы засталіся ў вёсках. Яны і цяпер ёсць і перыядычна знікаюць. І тады мы бачым у газетах сумны артыкул пра зніклую школу, чамусьці не здзіўляючыся таму, што яны ўвогуле былі. Чаму ж мы не засяроджваемся тым, што жывое і не імкнёмся захаваць найперш жывое?

Другая акалічнасць — беларусізацыя ў першыя гады Закона аб мове, калі беларуская была адзінай дзяржаўнай. Тады і кадры рыхтаваліся, і школы імі забяспечваліся. Аднак беларуская мова стала неадзінай праз 5 год, і з таго часу мінулі неспрыяльныя 23 гады. Чуючы пазіцыю «дайце, бо ў вас ёсць», задумваюся, ці не застыў нехта ў мінулым часе?

Беларуская мова не прарасла ў вялікія гарады, не стала сродкам зносін хоць адной вулачкі. Паказальная гісторыя пра гэта: «За што Караткевіч не любіў Менск» (С. Абламейка). Згадка вёсак — не столькі імкненне прынізіць мову, колькі ўказанне на фактычны стан. Бюракратам неўласціва разбірацца ў гісторыі, думаць пра змену статусу-кво, нешта мяняць. У вёсках гэта была і мова зносін, і мова навучання. Тыя, хто хацеў і хоча беларускамоўнага навучання ў сябе ў горадзе, грунтуецца на нацыянальным пачатку, які вынікае з дзяржаўнага (нават у несуверэннай форме БССР), але, у адрозненне ад папярэднікаў на пачатку 20 ст., пачалі ўсведамляць мову ў адрыве ад супольнасці жывых людзей. А такая супольнасць заставалася ў вёсках.

Гэта погляд, у якім мова — гэта даброты ці рэсурсы, якія выдае бюракратычны апарат па патрабаванні, бо так вінен. Пры такім падыходзе яна не выжывае і ў тым пакаленні, якому яе перадалі. Дзеці задаюць пытанні, размаўляюць з навакольнымі, бачаць розніцу між тым, як руская мова звязвае людское асяроддзе і якой індывідуалісцкай застаецца беларуская. Бацькам было няважна знайсці аднадумцаў-аднамоўцаў, бацькі не ездзілі самі і не вазілі дзяцей ў беларускамоўныя асяродкі, бацькі напяваюць рускамоўныя песні і чытаюць рускамоўныя кнігі. А ў некаторых аднакласнікаў бацькі ўвогуле рускамоўныя (маўляў, хай дзяржава дзяцей зробіць беларусамі, яна павінна). А беларускамоўныя настаўнікі пасля ўрокаў пераключаюцца на рускую — як і ўсе.

Індывідуалізм супраць калектывізму. Чалавек — сацыяльная істота, і, атрымліваючы, адказы на свае пытанні, дзеці, навучаныя ў такіх, знешне беларускамоўных умовах, рэдка застаюцца беларускамоўнымі. У іх не было аднамоўцаў не тое, што ў двары, але і на лесвічнай пляцоўцы. У іх не было беларускамоўных сяброў у школе (а, калі чыноўнік зрабіў «ліпавы» клас, то і сярод аднакласнікаў). У іх няма вясёлага суседа або пляткаркі-бабулі, або мудрага старэйшага сябра, або цётачкі са смачнымі цукеркамі — калі не лічыць рускамоўных.

Вясковыя беларускамоўныя, якія маюць і асяроддзе, і школу, таксама асімілююцца. Толькі ў справе жыцця мовы і прывязкі да моўных каранёў яны нясуць у сабе той першавобраз неасіміляванай беларускай грамады. Іх досвед важны. Досвед асяроддзя і школы, які рабіў іх беларускамоўнай грамадой — пазітыўны, досвед асіміляцыі у новым, рускамоўным соцыуме — негатыўны.


Сімбіёз самаарганізацыі і знешняй падтрымкі


Што гэта значыць для тых, хто хоча выхаваць беларускамоўнае пакаленне — няўжо не патрабаваць належнага ў дзяржавы? Не зусім. Па-першае, арыентацыя на ўзаемнае згуртаванне ўсіх беларускамоўных удзельнікаў працэсу — бацькоў, вучняў, настаўнікаў — нашмат важнейшая за мімалётны індывідуальны выйгрыш і пешую даступнасць. То-бок, беларускамоўныя могуць і мусяць ашчаслівіць адно аднаго, не чакаючы гэтага ад дзяржавы. Кантакт з беларускамоўнымі сябрамі і беларускамоўнымі настаўнікамі-ветэранамі важнейшае за сядзенне сам-насам з нематываванай настаўніцай у пешай даступнасці. З сям’і мусіць пачынацца выхаванне ў асяроддзі, а школа мусіць служыць цэментаванню асяроддзя. Па-другое, стаўшы такім асяроддзем, трэба выступаць перад дзяржавай як адзіны суб’ект. Па-трэцяе, трэба ўлічваць слабасці і абмежаванні ўлад, каб дзейнічаць аптымальна і аператыўна для дасягнення мэт і каб ведаць, якія змены трэба прасоўваць. Дзяржаўная ўлада — зрэз русіфікаванага ў большасці грамадства.

Злучыцца ўсім разам у адным горадзе, мо, і не ўдасца. Але з’яднацца хаця у некалькі «кланаў» — гэта файна. Не кожны востраў архіпелага можа быць злучаны ў сетку, але масты робяць з іх хаця б некалькі зручных груп.
Масты і тунэлі на Аландскіх астравах

Масты і тунэлі на Аландскіх астравах


Па сутнасці, беларускамоўныя — меншасць. Спробы разглядаць моўную сітуацыю з гледзішча таго, што беларуская мова — мінарытарная, былі раней, у нулявых. У гэтым сэнсе важная самаарганізацыя зацікаўленых і выступленне кансалідаванай грамадой, якая б была інстытуцыялізаванай выразніцай інтарэсаў беларускамоўных, прадухіляла б разнабой сваіх людзей і фіктыўныя захады ўлад.

Лёгка сказаць, скажуць, некаторыя, паездзі і павазі сам дзяцей. Я разумею цяжкасці. Ёсць перашкода, а ёсць выгада. Перашкода — доўгі праезд. Выгада — беларускамоўныя аднакласнікі. А ў выпадку пешай даступнасці дзіця з вялікай імавернасцю пакіне мову, як стане дарослым. Аднак чаму б не папрасіць ва ўлад транспарт? Якраз у вёсках Беларусі школьнікаў і давозяць на аўтобусах. А некалі СМІ абляцела гісторыя пра японскую школьніцу, дзеля якой працаваў цягнік, каб вазіць у школу (папраўдзе, аказалася, што станцыю закрылі, але яна па патрабаванні яго «лавіла» і ехала ў школу разам з 10 іншымі вучнямі).
Японская школьніца і цягнік

Японская школьніца і цягнік


Архіпелаг Беларусь вымагае асаблівай лагістыкі. То чаму б не пагутарыць з уладамі іх жа лагістычнымі паняццямі? Яны атрымліваюць падаткі і пры гэтым і ўзважваюць рашэнні. Падвоз беларускамоўных да іх школ — лагічная рэч, а кіроўцы і транспарт — не такія ўнікальныя, як беларускамоўныя педагогі. А пакуль ідуць перамовы, можна кааперавацца з іншымі бацькамі альбо прыязнымі людзьмі, каб яны падвозілі дзяцей у школу. Мы ж грамада.
Беларускі школьны аўтобус

Беларускі школьны аўтобус



Запаведныя месцы беларушчыны

А ўявіце, што ў пешай даступнасці не толькі беларускамоўная школа, але і беларускамоўныя сябры і тыя ж настаўнікі? Некалі так і было, калі грамада была грамадой. І настаўнікі былі не прысланыя з космасу беларускамоўныя-па-працы, а свае суседзі. Гэта таксама можна паўтарыць нават у цяперашнім Мінску і спраўдзіць мары Караткевіча. Калі жыць побач са сваімі, усведамляць сябе соцыумам нават у межах адной вуліцы, тады мова прарасце праз мінскі бетон.

Гэтак адбываецца і ў ірландцаў — у новых гэлтахтах. Гэлтахты — гэта запаведныя мясціны нацыянальнай мовы, нібы тыя нашы вёскі са школамі. А новыя гэлтахты — гэта кварталы, у якіх ірландскамоўныя згуртаваліся для сумеснага жыцця вакол існых школ і садкоў.

«13 студзеня 2009 года тэлеканал Nuacht TG4 паведаміў, што ў прыгарадзе Дубліна Балімане плануецца пабудаваць 38 дамоў для людзей, якія жадаюць жыць у ірландскамоўнай супольнасці ў горадзе. Гэты праект быў заснаваны на значнай лакальнай падтрымцы ірландскай мовы, таму што менавіта ў гэтым раёне ёсць чатыры ірландскамоўныя школы і адзін дзіцячы садок, а таксама крама, дзе абслугоўваюць па-ірландску».

«Існуе раён у Белфасце, вядомы як квартал-гэлтахт (An Cheathrú Ghaeltachta), дзе ірландская мова актыўна развіваецца. Так, у гэтым раёне існуюць ірландскамоўныя пачатковыя і сярэднія школы, дзіцячыя садкі, ірландскамоўны рэстаран і культурны цэнтр».

Зможам і мы. Нашы дзеці заслужылі жыць, дзе вучацца, і вучыцца, дзе жывуць. Разам. Новае беларускае пакаленне таго вартае.

Пачаць можна з малога — знайсці іншых бацькоў у Viber-канале «Дзеткі-кветкі» або ў аднайменнай суполцы на Facebook, выбраць прыдатныя школы і дзіцячыя садкі на сайце www.svaje.by.

Узгадаваць беларускамоўных аднакласнікаў. У гэтым сапраўды вялікі сэнс. Беларусы пачатку 20 ст., якія жылі і вучыліся разам, пазней сталі значнымі прадаўжальнікамі беларускай справы, якія цанілі сваё братэрства і згадвалі адно аднаго ва ўспамінах. У нашых сілах прычыніцца да такой братэрскай супольнасці, звязанай найлепшымі гадамі маладосці.
Першы выпуск Радашковіцкай беларускай гімназіі (1923/24 н.г.)

Першы выпуск Радашковіцкай беларускай гімназіі (1923/24 н.г.)


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-11-29 00:26:57
Калі прапагандысты пішуць пра мову і карыстанне мовай у мяне слёзы цякуць з вачэй. Некалі на Свабодзе аднаму з заснавальнікаў ПЕРШАЙ БЕЛАРУСКАЙ ГАЗЕТЫ (ёсць і такія на Беларусі, жывыя й нядрэнна захаваліся), але які працуе на ля амерыканскай касы (і не адзін, бо другі там ля амера касы СВАБОДЫ працуе, які заснаваў цэльнае беларускага АГЕНЦТВА НАВІН), дык вось таму ПЕРШАЙ ГАЗЕТЫ у каментах не раз пісаў я, маўляў, у цябе 99,99% артыкулаў пра мову. Хвалюецца змагар за мову ля амерыканскай касы. Ой як хвалюецца...

Дык вось мяне беларуса, які не вывучаў сваю мову ў школе, але які ў Амерыцы пачаў так-сяк ёй карыстацца ў 50 лят пісьмом, папёрлі з усіх б-ч-б СМІ (тутэйшых і тамтэйшых), у тым ліку з ПЕРШАЙ і СВАБОДЫ.

Я гэта да таго, што вам б-ч-б прапагандысты на мову і яе носбітаў насамрэч нас**ць. Абы ў амера касе грошы для не канчаліся.
Адзін 30 лят таму зваліўся з печкі: "Галоўнае мова! Адраджаемся." І праз 8 лят апынуўся ля амера касы Свабоды. Адраджаецца. І не адзін ён тамака.
  • Віталь Станішэўскі
  • 2018-11-29 12:47:45
Анатоль, напішыце свой артыкул са сваім бачаннем. Не разумею, якія прэтэнзіі да мяне і чаму вы вешаеце на мяне ярлык нейкага БЧБ-прапагандыста. Я напісаў артыкул для "Новага часу", а не для "Свабоды". Якія касы? Перастаньце рэагаваць на словы-трыгеры, учытайцеся некалі ў сутнасць.
  • Anatol Starkou
  • 2018-11-29 14:41:40
Ёсць у мяне артыкулы і ўсе з маім бачаннем тэмы мова. Пішу, але не друкуюць тыя СМІ, ў якіх падобнае вашаму бачанне. Нават каменты мае не друкуюць, не тое што артыкулы. Вось напрыклад не надрукаваны 2,5 гады таму Свабодай камент:

"Калі б не было таго БНФ, то й мова сёння была б адзінай. Калі б не былі паплечнікамі палітыкі таго БНФ СВАБОДА і Наша Ніва, а затым ускоснымі паплечнікамі таго БНФ Хартыя97 і Беларускі партызан ды іншыя тутэйшыя і замежныя СМІ & Сo., партыі ды рухі, то сёння мова была б адзінай дзяржаўнай мовай, якой была шчэ падчас прыняцця Закону аб мовах ад пачатку 1990 году, які быў прыняты ВС 11 склікання, то бок да з'яўлення ў ВС 12 склікання змагароў з канфрантацыйнай, а не стваральнай фракцыі БНФ, дэпутаты якой пахерылі той Закон і моўнае адраджэнне першых часоў нашае незалежнасці."
  • Anatol Starkou
  • 2018-11-29 15:32:49
Віталь Станішэўскі: "...учытайцеся ў сутнасць"

Дык учытаўся па саме не магу. Вось вы прыводзіце словы Вінцука Вячоркі. А што ён без тае Свабоды? Нажаль не прывялі цытаты сына В.Вячоркі. А што Франак без тае Свабоды?

Віталь Станішэўскі: "Я напісаў артыкул для "Новага часу", а не для "Свабоды". Якія касы?"

Дык я ж не маю нічога да вашае творчасці для НЧ. Пішыце пра русіфікацыю а-ля Вячорка з Свабоды ці пра тое за што Караткевіч не любіў Менск а-ля Абламейкі з тае ж Свабоды. Пішыце. Я люблю паплакаць над моўнымі серыяламі, як некалі любіў індыйскае кіно. Праўда яно не было датычна да касы амерыканскай Свабоды. Пішыце, Віталь, без оглядки на американскую кассу Свабоды.
  • Віталь Станішэўскі
  • 2018-11-29 18:13:47
Калі б вы ўважліва чыталі, то ўбачылі, што якрытычна разглядаю выказванне Вячоркі, прапаноўваю альтэрнатыву. І пра суадносіны выжывання дзяржавы і клопату пра беларускую мову абзац ёсць.

Вы ж па дыяганалі чытаеце, відаць.
  • Anatol Starkou
  • 2018-11-29 18:40:55
Апошняе, сказанае вамі, адпавядае рэчаіснасці. А ўсё астатняе, сказанае мной у гэтай тэме, таксама адпавядае рэчаіснасці.
  • Anatol Starkou
  • 2018-11-30 10:30:20
Распавяду байку, якой мо месяц. Вядомая беларуска жыве ў Мінску. Звярнулася ў дзяржустанову з лістом, у якім спасылаецца на інфу радыё Свабода. Апублікавала той ліст у фб. Я прачытаў зварот і дадаў камент на яе старонцы, маўляў, відаць вы недзе тут ля мяне ў Нью Ёрку, калі спасылаецеся на амерыканскае радыё. Дык яно ж афіцыйна зарэгіна ў РБ і нават у палатцы, адказвае мне беларуска. Я - дык гэта ж варожае СМІ, якое працуе на інтарэсы Захаду, а не на інтарэсы Беларусі, а вы спасылаецеся на яго ў лісце да беларускай дзяржавы. Ну і гэтак далей, пасля чаго сам выдаліў з яе стала ўсе свае каменты нашае размовы.
Я гэта да таго, каб ты ведаў, чаму твой артыкул інакш як па дыаганалі чытаць немагчыма. Таму што цытаты ці спасылкі на ворагаў РБ, якія дзесяцігоддзямі за грошы ворага РБ працуюць на ворага РБ - на радыё Свабода, ў тваім артыкуле інакш як па дыяганалі чытаць нельга. То бок твой артыкул нішто для паднятай тэмы. Вось таr б-ч-б тутэйшыя зрасліся з ворагамі РБ. Сталі адным б-ч-б цэлым.
  • Anatol Starkou
  • 2018-11-29 08:54:42
Предательство Беларуси и белорусского народа, па даўняй адраджэнскай трыццацігадовай традыцыі, начинается с заботы аб беларускай мове. Это аксиома, которая не требует доказательств, а если они кому-нибудь все же необходимы, то посчитайте всех змагароў за мову ля амерыканскай касы Свабоды, сложите их колличество за все десятилетия радио с летами патриотической змагні тых змагароў ля той касы і падзяліце на вынік тае працы.

"Наш аўтар разглядае шансы, якія ўпускаюцца тымі, хто хоча выхоўваць і адукоўваць дзіцёнка белараскамоўным."

Твой аўтар НЧ, калі ён ставіць і спрабуе разглядзець такую праблему - скласці кіслае з квадратным, як мінімум наіўны прапагандыст. Т.е. в обществе, где сложились моўныя (BY) и языковые (RU) отношения, вырастить беларускамоўнае дзіця, по сути таже задача по степени глупости, как и вырастить вьетнамскоговорящего младенца в РБ. Предательство начинается с заботы о мове. Там и заканчивается. Далей не рушыць. Бо народ не пушчае.
  • Anatol Starkou
  • 2018-11-29 09:11:06
Предательство Беларуси и белорусского народа, па даўняй адраджэнскай трыццацігадовай традыцыі, начинается с заботы аб беларускай мове. Это аксиома, которая не требует доказательств. А если они кому-нибудь все же нужны, то посчитайте всех змагароў за мову ля амерыканскай касы Свабоды, сложите их количество за все десятилетия радио с летами патриотической змагні тых бел-чырвона-белых змагароў ля той касы, памножце на грошы. якия змагары атрымали з касы і падзяліце на вынік тае працы. Атрымаеце нуль.
  • Anatol Starkou
  • 2018-11-29 09:11:10
"Наш аўтар разглядае шансы, якія ўпускаюцца тымі, хто хоча выхоўваць і адукоўваць дзіцёнка белараскамоўным."

Твой аўтар НЧ, калі ён ставіць і спрабуе разглядзець такую праблему - скласці кіслае з квадратным, як мінімум наіўны прапагандыст. Т.е. в белорусском обществе, где сложились устойчивые моўныя (BY) и языковые (RU) отношения граждан, вырастить беларускамоўнае дзіця, по сути таже задача по степени глупости, как и вырастить вьетнамскоговорящего младенца в РБ.
Предательство Беларуси и белорусского народа начинается с заботы о мове. Там и заканчивается. Далей не рушыць. Бо народ не пушчае. Бо русский язык это язык белорусской экономики, а мова для душы беларускай.
  • Anatol Starkou
  • 2018-11-29 20:35:52
КАЗАЧНАЕ ІМГНЕННЕ

Божа, падары мне цішыню.
Мір ды цішыня - ўсё, што трэба мне.
Каб вавек здавалася б жыццю
Мір і цішыня - ўсё, што трэба мне.

Каб вавек здавалася жыццю.

Падары мне волю й мітусню.
Быць у мітусне - ўсё, што трэба мне.
Каб вавек здавалася б жыццю
Воля ў мітусне - ўсё, што трэба мне.

Каб вавек здавалася жыццю.

Людзям дай жаданне дабрыні.
Час і дух дабра - ўсё, што трэба ім.
Каб вавек здавалася ў жыцці -
Дабрыня людзей заўжды патрэбна.

Каб вавек здавалася жыццю.

Вось тады народ наш зажыве!
Каб затым ўжо болей не спрачацца
За імгненне з вечнасцю cваей,
З-за імгнення з вечнасцю тваей,
Каб жыццю-імгненню казкай стацца.

Калі Ты падорыш цішыню.

© Anatol Starkou.
Jan' 12, 2011. Brooklyn, NY.
  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: