«Узнікла адчуванне, што нас згвалцілі». Пра што людзі казалі дэпутату Давыдзьку

Увечары 27 жніўня жыхары Усходняй выбарчай акругі № 107 у Мінску заклікалі да адказу свайго дэпутата Генадзя Давыдзьку. Размова атрымалася гарачай: дэпутату прыгадалі і фальсіфікацыю выбараў, і катаванні, давялося яму адказваць і за адыёзныя выказванні фактычнага кіраўніка дзяржавы.

Патрабаванні: новыя выбары і адстаўка Лукашэнкі


Сустрэча з Генадзем Давыдзькам праходзіла ў чытальнай зале бібліятэкі імя Янкі Купалы. Нягледзячы на тое, што памяшканне было немалое, усіх ахвотных яно змясціць не здолела, ахвотныя спытаць з дэпутата амаль запоўнілі нават фае перад залай. На сустрэчу з прадстаўніком улады прыйшло больш за 200 чалавек, яны задавалі пытанні дэпутату 2,5 гадзіны.



Перад сходам жыхары акругі склалі спіс сваіх патрабаванняў да дэпутата, пад якім пакідалі свае подпісы. Арганізатары сустрэчы зазначалі, што ініцыятыва прыцягнення да размовы прадстаўніка ўлады ўзнікла спантанна, і ўся падрыхтоўка заняла літаральна два дні. Але за гэты час жыхары акругі паспелі перазнаёміцца і высветліць, што ў іх патрабаваннях да ўладаў шмат агульнага.

Так, людзі патрабуюць арганізаваць мітынг і шэсце на тэму фальсіфікацый выбараў, ініцыяваць пазачарговае скліканне сесіі Палаты прадстаўнікоў, ініцыяаць змяшчэнне Аляксандра Лукашэнкі з пасады кіраўніка дзяржавы, накіраваць службовым асобам Цэнтрвыбаркаму прадстаўленне аб выпраўленні парушэнняў у ходзе выбараў, правесці разбіральніцтва па фактах фальсіфікацый вынікаў галасавання і расследаванне паслявыбарчых катаванняў.



Мадэратарам сустрэчы выступіў старшыня руху «За Свабоду» і жыхар акругі Юрый ГУбарэвіч. Ён акрэсліў тры галоўныя тэмы для абмеркавання: тое, што адбывалася падчас выбарчай кампаніі; зверствы сілавікоў пасля выбараў; асабістыя дзеянні Генадзя Давыдзькі для таго, каб звярнуць увагу Палаты прадстаўнікоў на парушэнні.


Катаванні і правы чалавека — па-за кампетэнцыяй Камісіі па правах чалавека

Галоўны герой сустрэчу з выбаршчыкамі пачаў з пазіцыі абароны, заявіўшы, што, маўляў, яму няма з кім тут размаўляць, паколькі людзі, якія сабраліся, — не яго аўдыторыя, яны за яго не галасавалі і, больш за тое, верагодна, жадаюць яго адклікання.

— Тыя 10 хвілін, якія мне далі, увогуле нагадваюць катаванне дэпутата, якога запрасілі сюды, каб з яго здзеквацца, — заявіў Давыдзька, маючы на ўвазе час, адведзены яму для ўступнага слова. Ён дадаў, што атрымлівае пагрозы.


Публіка з абурэннем успрыняла заяву пра катаванне і дэпутат, у мінулым — акцёр, відаць, адчуў гэта, суцішыў эмоцыі і пакорліва стаў адказваць на пытанні грамадзян.

Праваабаронца Тамара Сяргей, якая жыве ў 107-й акрузе, прынесла зварот з нагоды затрыманняў і катаванняў людзей, які яшчэ ў чэрвені накіроўвала Генадзю Давыдзьку, у якім нагадвала пра паўнамоцтвы дэпутата, які, да таго ж, узначальвае Пастаянную камісію Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі.

— Мой зварот застаўся без разгляду. Патлумачана гэта тым, што я не маю паўнамоцтваў прадстаўляць Паўла Севярынца і іншых затрыманых. Я не пагадзілася з такім адказам і ў другім звароце да дэпутата напісала, што катаванні немагчымыя ў ХХІ стагоддзі, гэта ўдар па рэпутацыі нашай краіны. І зноў атрымала фармальны адказ, — заявіла Тамара Сяргей. — Спадар Давыдзька як прадстаўнік нашых інтарэсаў з гэтай задачай не справіўся.


Яна дадала, што, калі б дэпутат звярнуў увагу на катаванні раней, магчыма, не было б тых драматычных падзей, якія мы маем цяпер.

— Я адказаў на зварот у межах сваёй кампетэнцыі — што тычыцца Севярынца. Што тычыцца іншых катаванняў, камісія, якая зараз створаная (маецца на ўвазе міжведамасная камісія пад эгідай Генпракуратуры, створаная днямі для расследавання катаванняў. — НЧ.), разбярэцца з фактамі, якія мелі месца падчас гэтых падзей, — адказаў Генадзь Давыдзька.


Словы дэпутата пра тое, што камісія была створаная некалькі дзён таму і пакуль не вядома, хто яе ачоліў, выклікалі абурэнне і смех у зале.

Жыхар акругі запытаўся ў Генадзя Давыдзькі як у старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, ці не былі парушаныя гэтыя самыя правы ў Беларусі апошнімі тыднямі, і што камісія зрабіла, каб гэтага не было.

— Камісія па правах чалавека займаецца заканадаўствам у галіне правоў чалавека, функцыі амбудсмена ў камісіі няма, — заявіў Генадзь Давыдзька. Ён дадаў, што павінна праходзіць «жорсткае прафесійнае расследаванне» і па фактах, калі парушалі правы праваахоўнікаў, і калі парушалі правы мітынгоўцаў.


Зала загула пытаннямі: «Колькі міліцыянтаў пакаралі?». Генадзь Давыдзька прызнаў, што ніводнага, але камісія будзе выяўляць кожны выпадак парушэння правоў чалавека. Таксама ён пагадзіўся, што камісію па расследаванні катаванняў трэба было ствараць раней, «гэта памылка ўлады». Але, на думку Давыдзькі, «тое, што цяпер адбываецца, — мы губляем Радзіму, мы губляем нашую краіну!»

«Нехта гатовы ўпусціць сюды пабочныя сілы»

Далей сталі агучваць пытанні, якія сабралі ў чаце жыхары акругі. І першае з іх было — ці лічыць спадар Давыдзька, што Лукашэнка набраў на выбарах 80% галасоў.


— Я лічу, што Лукашэнка перамог, — ухільна адказаў дэпутат. Людзі запатрабавалі канкрэтнага адказу. — Мае адчуванні: калі я сустракаўся па ўсёй краіне з людзьмі, 60% дакладна былі за Лукашэнку. У Мінску, магчыма, 50% ці 40% — я не ведаю. Але я давяраю Цэнтральнай выбарчай камісіі.

Жанчына, якая агучвала пытанні, удакладніла: ці можа дэпутат пацвердзіць словы, якія сказаў ёй на асабістым прыёме ў аўторак, што адчувае нейкую «мульку» ў галасаванні, што 80% — мнагавата.

— Так, пацвярджаю, — сказаў Давыдзька.



Па яго словах, ён дапытаў чальцоў выбарчых камісій, якія з'яўляюцца сябрамі «Белай РУсі» (нагадаем, з 2018 года Генадзь Давыдзька ўзначальвае праўладнае грамадскае аб’яднанне «Белая Русь»), якія сказалі яму, што на іх участках фальсіфікацый не было. Дэпутат Давыдзька атрымліваў звароты ад дэпутатаў з просбай спраўдзіць факты фальсіфікацый. Дзеля гэтага ён… накіраваў запыт у ЦВК.

— Ці лічыце вы парушэннем маіх правоў чалавека, калі я ў 8 вечара падыйшла да ўчастка галасавання, нас сустрэў атрад АМАПу і аўтазак, у 10 гадзін вечара на даху сядзеў снайпер, бегалі правакатары? Вынікі не былі абвешчаныя да поўначы. Чаму я, дарослая жанчына, пенсіянерка, павінна стаяць перад шэрагам АМАПу пад дулам аўтамата ў снайпера на даху? — запыталася адна з прысутных.

— Напярэдадні выбараў прайшла аператыўная інфармацыя, што на многіх участках Рэспублікі Беларусь рыхтуюцца правакацыі па захопе ўчасткаў, у сувязі з чым было прынята рашэнне ўзмацніць ахову выбарчых участкаў, каб пазбегнуць гэтых здарэнняў. Сілавыя меры былі накіраваныя не супраць галасаваўшых, а супраць магчымых правакацый, — патлумачыў Давыдзька.



Малады чалавек, які быў назіральнікам на 31 і 32 участках у гімназіі №6, папрасіў дэпутата патлумачыць, адкуль у дадатак да АМАПу ўзялася каманда з 10 – 12 чалавек, у аднаго з якіх у руках быў дручок, у астатніх на руках — пальчаткі з кастэтамі. І гэтых рабят праваахоўнікі ўпусцілі ў школу.

— Як я магу гэта патлумачыць, гэта было тое, што бачылі вы! — сказаў Давыдзька і параіў напісаць заяву ў МУС. Таксама ён паабяцаў прасачыць за тым, каб гэтыя факты былі разгледжаныя.

Жыхары акругі некалькі разоў задавалі пытанне, чаму дэпутат не пацікавіўся і не захацеў разабрацца з парушэннямі на выбарах. На што Давыдзька адказваў, што вынікі, абвешчаныя ЦВК, падаліся яму сапраўднымі.

Жанчына, якая прадставілася Наталляй Іванаўнай Красоўскай, мясцовая жыхарка і юрыст. Яна нагадала, што Канстытуцыя — гэта нормы прамога дзеяння. Таму законы павінны існаваць толькі ў той ступені, у якой яны дапамагаюць рэалізаваць права чалавека, а не ўтрымліваць вялікую колькасць нормаў, якія пазбаўляюць гэтых правоў народ Беларусі. Яна заклікала Генадзя Давыдзьку ініцыяваць парламенцкія слуханні, прысвечаныя актуальным падзеям.


 У краіне робіцца Бог ведае што: узурпаваная ўлада, збіваюцца знікаюць людзі, парушаюцца правы, ідуць здзекі з цэлага народа. Правядзіце парламенцкія слуханні, у вас ёсць такая магчымасць! — заявіла жанчына. — Законы Германіі 1933 года таксама існавалі ў межах краіны, і хто іх парушаў, трапляў у канцлагеры. Мне гэта вельмі нагадвае часы Мао Цзэдуна з хунвэйбінамі.

Прамову Наталлі Красоўскай сустрэлі авацыямі. Яна дадала, што вельмі смешна чытаць, што міністр замежных спраў Макей гатовы парваць за слёзы свайго 11-гадовага сына пасля таго, як даведваешся пра слёзы маці тых, каго катавалі.

— З ініцыятывай сабраць пазачарговую сесію Палаты прадстаўнікоў і правесці парламенцкія слуханні з нагоды пакуль не абвешчанага, але ўжо існуючага надзвычайнага становішча ў нашай краіне мы ўжо выступілі, — запэўніў Генадзь Давыдзька. — Але ўсё ідзе да таго, што нехта гатовы ўпусціць сюды пабочныя сілы.

— Ой, вось толькі не трэба! — абурыліся людзі.

 Пра пабочныя сілы — мы ведаем, хто запрашае сюды штурмавікоў з Расіі, гэта сёння прагучала, — зазначыў Юрый Губарэвіч пад авацыі залы.



Аляксей, які быў незалежным назіральнікам, прапанаваў забяспечыць выбарчыя ўчасткі сістэмай відэаназірання. На гэта Генадзь Давыдзька адказаў, што беларускае выбарчае заканадаўства павінна быць зменена, падлік галасоў павінен быць максімальна празрыстым, у тым ліку ён абавязкова павінен весціся пад камерамі. А не адрэагаваў ён на адпаведную прапанову сваіх выбаршчыкаў таму, што быў упэўнены: выбары пройдуць сумленна і справядліва. Праўда, гаворачы пра неабходную рэвізію выбарчага заканадаўства, Генадзь Давыдзька вымушаны быў прызнаць, што за гады дэпутацтва ў Савеце Рэспублікі і Палаце прадстаўнікоў не ўнёс ніводнай прапановы на гэты конт — «бо не было падстаў».


 Я бачу, як гіне мая Радзіма. Усе хочуць заваяваць гэтую тэрыторыю, разбурыць эканоміку! — эмацыйна заявіў Генадзь Давыдзька. — Падчас вайны былі такія, хто на ламанай рускай мове крычаў з акопаў: «Рускія, здавайцеся! Мы заб’ем толькі жыдоў і камісараў, а вам дамо па некалькі марак, і вы будзеце жыць!» Так і цяпер некаторыя СМІ крычаць з-за бугра.

 Мы не хочам развальваць краіну, не хочам грамадзянскай вайны. Але мы не хочам яшчэ 5 гадоў жыць з чалавекам, якога — у нас ёсць сур’ёзныя падставы меркаваць — мы не выбіралі, — адказала дэпутату яшчэ адна мясцовая жыхарка.

— Фальсіфікацыі — гэта вельмі дрэнна. І калі ёсць падазрэнні, вы маеце права настойваць на тым, каб былі перавыбары. Але для гэтага патрэбная спакойная атмасфера ў краіне. Хочаце вы гэта чуць ціне, але адзіны варыянт сёння захаваць незалежнасць – гэта падрыхтаваць новыя выбары з прэзідэнтам Лукашэнка, — парыраваў дэпутат.

 — Не! — хорам выгукнула зала.

Беларусы страчваюць Радзіму, ці Радзіма — беларусаў?

Крыху выказаўшыся на тэму фальсіфікацый, прысутныя перайшлі да не менш, а, пэўна, нават больш балючай тэмы — затрыманняў і катаванняў пасля выбараў. На сустрэчу з дэпутатам на мыліцах з забінтаванай нагой прыйшоў малады чалавек. Яго клічуць Станіслаў Дзядоў і ён быў акрэдытаваным назіральнікам на адным з выбарчых участкаў. Дакладней, яго не пусцілі на ўчастак з той прычыны, што ў яго не было на руках дакумента назіральніка. Што гэта за дакумент і як ён павінен выглядаць, вядома, патлумачыць ніхто не можа, бо яго не існуе ў прыродзе.

Увечары 11 жніўня Станіслаў ішоў з сяброўкай па парку Дружбы народаў. Побач спыніліся два сініх буса, з аднаго выйшаў узброены чалавек. Маладзёны спыталіся, ці бяспечна ісці далей, альбо лепш павярнуць у іншы бок. Ім параілі павярнуць. Пасля гэтага з буса выйшлі яшчэ некалькі чалавек, папрасілі разблакаваць і паказаць тэлефоны, пад пагрозамі давялося гэта зрабіць. Пара аказалася ў бусе, дзе хлопца пачалі збіваць за тое, што на руцэ ў яго быў белы бранзалет, а таксама бел-чырвона-белы рэмень на нагавіцах. Рэмень разрэзалі і пацягнулі за майткі так, што яны парваліся па швах.

Праз нейкі час маладых людзей перадалі АМАПу. Некалькі разоў пераводзілі ў розныя аўтазакі і атобусы, кожны раз збіваючы. Вывеўшы з першага аўтазака, Станіслава паставілі на калені і вылілі яму на галаву белую фарбу. Пасля яго галавой працерлі бус. Потым хлопца павялі ў іншы аўтазак, дзе людзі ляжалі адзін на адным. Станіслаў аказаўся знізу, і яму не было чым дыхаць. Тых, хто быў зверху, збівалі.


Потым затрыманых прывезлі да Акрэсціна, паставілі ў шэраг да сцяны на калені, галавой у зямлю. Так стаялі каля трох гадзін, час ад часу збіваючы. Як потым даведаўся Станіслаў, белая фарба на галаве была пазнакай таго, што чамусьці гэтага чалавека трэба біць больш. І яго перыядычна выцягвалі з шэрагу, б’ючы па спіне і нагах.

Потым затрыманых перавялі ў ЦІП, хлопцу стала дрэнна, пачало цямнець у вачах, але ніякіх рэакцый на просьбы ад дапамозе не было. Толькі калі вялі ў камеру, чалавеку, які ішоў за Станіславам, дазволілі яго давесці. Кармілі вязняў толькі сняданкам — каша, гарбата, хлеб. Вада — з-пад крана з хлоркай.

Адпусцілі Станіслава 14 жніўня, суда над ім не было.

— Ці лічаце вы гэтыя органы кампетэнтнымі? — спытаў у дэпутата Станіслаў Дзядоў.

Прадстаўнік улады зазначыў, што гэта жудасная гісторыя і выказаў пацярпеламу свае спачуванні і прабачэнні. Ён паабяцаў трымаць сітуацыю на кантролі.


 — У гэтым выпадку супрацоўнікі МУС, якія рабілі гэтыя бясчынствы, павінны быць асуджаныя і прыцягнутыя да адказнасці, — сказаў ён.

Яшчэ адзін мясцовы жыхар, таксама Станіслаў, распавёў, што да сакавіка гэтага года быў абсалютна апалітычным і адданым краіне чалавекам. Але аднойчы ён з мамай пайшоў піць каву ў кавярню. Ён выйшаў у завулак, не паспеў нічога сказаць, як яго пад рукі ўзяў АМАП і павёз у РУУС. У судзе ён паказваў чэкі з кавярні, але прыйшоў сведка-АМАПавец, які сказаў, што Станіслаў стаяў на вуліцы, хлопаў і выкрыкваў лозунгі. Даказаць ён нічога не змог і быў аштрафаваны. Пасля выбараў ён убачыў, што робіцца ў краіне, і яму стала не ўсё роўна. Ён вырашыў, што будзе аказваць медыцынскую дапамогу пацярпелым — ці тое пратэстоўцам, ці тое АМАПаўцам, не падзяляючы іх. Але ён убачыў, як бесчалавечна абыходзяцца з затрыманымі і гэта яго абурыла.


— Ці не лічаце вы, што не я страчваю Радзіму, а Радзіма страчвае мяне? — задаў пытанне дэпутату Станіслаў.

Генадзь Давыдзька запэўніў, што ніхто нікога не губляе, а людзям, якія выходзяць на пратэсты, трэба выпрацаваць нейкую агульную акрэсленую пазіцыю.

 — Што вам дае права лічыць, што намі нехта кіруе? Я не магла даведацца, дзе мой сын, 72 гадзіны, я перажыла асабістую трагедыю. Хто мяне праплаціў? — задала пытанне маці Станіслава спадарыня Алена.

Генадзь Давыдзька паспрабаваў нешта адказаць пра тэхналогіі, але людзі не далі яму гаварыць. Яны працягвалі абурацца адвольнымі затрыманнямі і здзекамі, выказваючы недавер да магчымасці расследавання гэтых злачынстваў, бо затрыманні адбываліся часта людзьмі ў цывільным, якія не прадстаўляліся, альбо АМАПаўцамі, твары якіх былі закрытыя маскамі.

«Я — за саюз Расіі і Беларусі»

Калі людзі задалі пытанне, за чый кошт па вуліцах ездзяць аўтазакі, вадамёты, а таксама аўтобусы прывозяць людзей з рэгіёнаў, дэпутат адказаў — за кошт дзяржавы, якая непакоіцца пра тое, каб абараніць будынкі і іншых людзей ад беспарадкаў, што чыняць людзі, якіх каардынуюць «спецыяльныя сайты ў тэлеграм-канале».

  
 — Ці заўважылі вы, што калі сілавікі перасталі прымяняць спецсродкі, спыніліся выпадкі траўмаў сярод сілавікоў? — спыталі ў Давыдзькі.

 — Ці заўважылі вы, калі пратэстоўцы перасталі нападаць на міліцыянтаў, міліцыя стала ветлівай? — парыраваў дэпутат.

Ён перакананы, што калі прызначаць новыя выбары, на іх не будзе незалежнай беларускай кандыдатуры, а будуць навязаныя з Захаду ці Усходу.

 Беларусь нікому не цікавая як суверэнная дзяржава, яна цікавая толькі як хлам, як разменная манета. І калі вам цікава, што я думаю з гэтай нагоды, то я лічу, што нам лепей быць з Расіяй. Я — за саюз Расіі і Беларусі. Калі нехта не любіць Расію — калі ласка, не любіце. Лукашэнка таксама не згушчонка, каб падабацца ўсім, але сёння менавіта Лукашэнка — адзіны, хто можа гарантаваць незалежнасць нашай краіны, — заявіў Давыдзька.

Людзі ў адказ на гэта заявілі, што беларускі народ сам мусіць выбіраць, з кім яму быць. І ёсць іншы шлях: быць у сяброўскіх адносінах з усімі. Але, на думку Генадзя Давыдзькі, гэта немагчыма.

Як да былога кіраўніка БТ дэпутату прапаноўвалі паўплываць на тое, каб на дзяржаўным тэлебачанні перасталі аднабока падаваць інфармацыю. Таксама ў яго, як былога акцёра Купалаўскага тэатра, спыталі пра стаўленне да сітуацыі ў тэатры.

 Мне вельмі шкада, што вялікія артысты сталі ахвярамі палітычных інтрыг, — адказаў на гэта Генадзь Давыдзька.


Спыталі ў яго і пра Каардынацыйную раду, якую ўлады называюць неканстытуцыйным органам. У такім выпадку, што такое Усебеларускі народны сход — гэта канстытуцыйны орган?

 — Канстытуцыйны… Ну, не канстытуцыйны, але гэта сход народа, які прымае рашэнне, — відавочна разгубіўся дэпутат.

Ён прапанаваў стварыць орган з прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, каб распрацоўваць змены ў Канстытуцыю і заканадаўства, але людзі так і не зразумелі, чаму Каардынацыйная рада не можа быць такім органам.

Народ крычыць

Давялося Генадзю Давыдзьку адказваць і за шматлікія эпітэты, якімі Аляксандр Лукашнка шчодра адорвае народ: наркаманы, алкаголікі, авечкі, белдалагі, прыкарытнікі…

 — Аляксандр Рыгоравіч вельмі эмацыйны чалавек, — апраўдвае кіраўніка дзяржавы дэпутат, зрэшты, заўважаючы, што такі лексікон, канешне, недапушчальны. — А ці дапушчальна называць кіраўніка дзяржавы тараканам?

Зала ўпэўненая, што так.

 Мы звычайныя грамадзяне, і мы можам дазволіць сабе больш, чым любая службовая асоба.


З эмацыйнай прамовай выступіў жыхар раёна Юрый Кармановіч, прадпрымальнік і пісьменнік, бацька пяцярых дочак.

— У мяне ўзнікла адчуванне, што нас згвалцілі. Выйшлі не праплачаныя людзі — выйшаў народ. Прайшло тры тыдні, у мяне ноччу плача жонка. Мае дзеці сказалі, што калі гэты рэжым застанецца, мы не будзем жыць у гэтай краіне. Я нядаўна прачытаў у Бібліі, у Старым Запавеце, у Другазаконні, што калі чалавека гвалцяць, ён павінен крычаць, і тады гвалтаўнік будзе падвергнуты смяротнай кары. І мы, як народ, крычым, Генадзь. Нас згвалтавалі, потым нас збілі, у нас няма зброі, толькі голас – і мы крычым. Мы ўжо не будзем іншымі. Мы выйшлі ад болю. Кажуць, што чалавечая душа раскрываецца, калі ёсць бяспечнае асяроддзе. Сёння няма бяспечнага асяроддзя.


Пасля гэтых словаў Генадзь Давыдзька папрасіў дазволу сыйсці. Але яго не адпусцілі, пакуль не агучылі ышэй згаданыя патрабаванні жыхароў акругі, пад якімі збіралі подпісы. Таксама Генадзю Давыдзьку прапанавалі перайсці на бок народа, і тады ніхто не будзе яго адклікаць з пасады дэпутата.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: