Ужываў допінг — вяртай грошы!

Урад вырашыў, як абвінавачаныя ў допінгу спартоўцы будуць кампенсоўваць грошы ў бюджэт.

У Беларусі зацвердзілі Палажэнне аб парадку разліку, кампенсацыі і спагнання ў рэспубліканскі бюджэт узнагародаў, выплачаных спартсоўцам і (або) іх персаналу за дасягнутыя спартыўныя вынікі, якія былі прызнаныя несапраўднымі з-за прымянення допінгу.

Адпаведнае рашэнне змяшчаецца ў пастанове Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 кастрычніка 2018 года №750.

Згодна з дакументам, кампенсацыі і спагнанню ў бюджэт падлягаюць грошы, выплачаныя ў адпаведнасці з указам кіраўніка дзяржавы ад 15 красавіка 2013 г. №190 "Аб мерах па стымуляванні дасягнення высокіх спартыўных вынікаў": імянныя прэзідэнцкія стыпендыі ў сферы фізічнай культуры і спорту; прызы ў грашовай цi натуральнай форме спартоўцам, узнагароды трэнерам.

Пакрыццё здзяйсняецца спартоўцамі (іх законнымі прадстаўнікамі) і (або) іх персаналам, якім былі выплачаныя грошы, на падставе загаду: старшыні цэнтральнага савета ДТСААФ — па тэхнічных і авіяцыйных відах спорту; міністра спорту і турызму — па іншых відах спорту.

— Разлік сумаў, якія падлягаюць пакрыццю і спагнанню ў рэспубліканскі бюджэт, ажыццяўляецца згодна з дадаткам, зацверджаным гэтай жа пастановай, — гаворыцца на сайце ўрада. — Пры адсутнасці добраахвотнага кампенсавання грашовых сродкаў Міністэрства спорту і турызму, ДТСААФ прымаюць меры па ажыццяўленні спагнання такіх сродкаў у судовым парадку.

Пастанова ўступае ў дзеянне 27 лістапада 2018 года.

Паводле onliner.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: