Ва ўдзельнікаў акцый пратэсту ў Пінску апісваюць маёмасць

Палітычныя справы знаходзяцца на асобым кантролі, таму ў удзельнікаў веснавых акцый пратэсту пачалі апісваць маёмасць. Рух «За Свабоду» абвясціў збор сродкаў на выплату штрафаў.

Марш недармаедаў у Пінску. Фота Радыё Свабода



«Да мяне і ўсіх удзельнікаў акцый пратэсту ў Пінску прыйшлі судовыя выканаўцы», — распавёў сайту Pyx.by гарадскі каардынатар Руху «За Свабоду» Алесь Рамановіч.

Па ягоных словах, палітычныя справы знаходзяцца на асаблівым кантролі дзяржавы, таму судовых выканаўцы пабылі ва ўсіх аштрафаваных удзельнікаў акцый пратэсту, фатаграфавалі маёмасць, а на наступным тыдні будзе спецыяльная нарада ў гарвыканкаме па гэтым пытанні. У прыватнасці, усім, хто яшчэ не выплаціў штрафы (такіх не менш за 9 чалавек з 12), пагражае пачатак канфіскацыі маёмасці. Памеры санкцыяў ад 10 да 40 базавых велічыняў.

Рамановіч называе такія паводзіны ўладамі акцыяй застрашэння.

Двое судовых выканаўцаў прыйшлі і да актывіста Руху «За Свабоду» Ігара Салаўя. «Для большай пераканаўчасці сваіх сур’ёзных намераў нават гразіліся прымяніць супраць мяне некаторыя санкцыі: забарону выезду за мяжу і пазбаўленне вадзіцельскага пасведчання. Далей па тэлефоне агаворвалі час іх з’яўлення на маім парозе, распытвалі пра колькасць пакояў у кватэры, пра іншае каштоўным маёмасці. Кажуць, мы ў вас апішам што-небудзь, тэлевізар, кампутар, і калі вы на працягу 10 дзён не заплацілі штраф, то гэта маёмасць будзе рэалізавана», — распавёў Ігар.

Па ягоных словах, у яго штраф быў 10 базавых велічыняў, таму ён сярод тых, хто змог яго аплаціць.

Рух «За Свабоду» абвесціў збор сродкаў на пакрыццё штрафаў актывістаў з Пінску.

«Улады моцна напалоханыя акцыямі пратэсту вясны бягучага году. Рэпрэсіі былі асабліва жорсткімі ў адносінах тых людзей, якія раней не праяўлялі палітычнай актыўнасці. У шэрагу гарадоў склалі спісы усіх, хто неяк праявіў сябе на акцыях. Ім прысудзілі вялікія штрафы, а цяпер даціскаюць людзей пагрозамі канфіскацыі маёмасці», — пракаментаваў сітуацыю старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.

Па ягоных словах, вельмі важна зараз праявіць салідарнасць і паказаць людзям, якія прайшлі праз суды, што яны не адны, што яны не засталіся сам-насам з карнай сістэмай. «Падтрымаць іх можа кожны з нас», — дадаў кіраўнік Руху.

Для збору сродкаў грошы можна пераводзіць на любы рахунак кампаніі BY_Help з пазнакай «На выплату штрафаў у Пінску». Справа тэрміновая, бо ўжо на наступным тыдні тэрміны на аплату канчаткова закончацца і пачнецца канфіскацыя маёмасці.

Грошы можна перадаць (кантакты кампаніі BYhelpBY з пазнакай на выплаты штрафаў у Пінску).

 Вольга Быкоўская, pyx.by




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: