Ва Украіне забаранілі вяшчанне дзяржаўнага беларускага канала «Беларусь 24»

Ва Украіне забаранілі вяшчанне дзяржаўнага беларускага канала «Беларусь 24». Такое рашэнне прыняла Нацыянальная рада Украіны па пытаннях тэлебачання і радыёвяшчання.
Рэтрансляцыя ва Украіне тэлеканала «Беларусь 24» была дазволеная з ліпеня 2015 года.

Пад забарону тэлеканал трапіў за размяшчэнне ў эфіры «аўдыявізуальных твораў, забароненых для дэманстрацыі на тэрыторыі Украіны, і фільмаў з удзелам акцёраў, унесеных Міністэрствам культуры і інфармацыйнай палітыкі ў пералік асоб, якія пагражаюць нацыянальнай бяспецы дзяржавы».

Сябра Нацрады Максім Аанапрыенка адзначыў, што раней напаўненне тэлеканала адрознівалася ад іншых праўладных беларускіх, бо гэта ўсё ж міжнародная версія. Аднак апошнім часам украінскі маніторынг выявіў парушэнні заканадаўства.

У прыватнасці, на тэлеканале паказвалі праграмы з удзелам Алега Газманава, Барыса Шчарбакова і Вольгі Кармухінай, унесеных у спіс забароненых ва  Украіне.

«Акрамя таго, у эфіры тэлеканала «Беларусь 24» зафіксавана трансляцыя перадачы «Панарама». У сюжэце ад 21 мая пад назвай «Украінскі след у спробе дзяржаўнага перавароту ў Беларусі» гучалі абразлівыя выказванні на адрас батальёна «Данбас», які ў складзе нацыянальнай гвардыі абараняе тэрытарыяльную цэласнасць нашай дзяржавы ад расійскай ваеннай агрэсіі (ваеннае фармаванне было названае «карным батальёнам»).

У іншым сюжэце ад 22 мая пад назвай «Зяленскі адмовіў рускім у праве лічыцца карэнным народам» распаўсюджвалася недакладная інфармацыя, якая дэзынфармуе аўдыторыю. У гэтым паведамленні гучалі абвінавачванні наконт адмовы ва Украіне на заканадаўчым узроўні бараніць правы нацыянальных меншасцяў з-за беспадстаўнага атаясамлення катэгорый «нацыянальная меншасць» і «карэнны народ». Такі кантэнт змяшчае элементы распальвання нацыянальнай варожасці», — заяўляюць у Нацрадзе.

Паводле «Еўрарадыё».


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: