Ва Украіне арыштавалі беларуса з батальёна «Тарнада» — у ім праявіліся садысцкія схільнасці

Ва Украіне затрыманы беларус з батальёна «Тарнада» з пазыўным «Маджахед», якога абвінавачваюць у цяжкіх злачынствах. Галоўны вайсковы пракурор Украіны Анатоль Маціос назваў яго самым небяспечным і жорсткім з байцоў «Тарнада», што хаваюцца. Нагадаем, што батальён «Тарнада» быў распушчаны, а супраць некаторых яго байцоў заведзеныя крымінальныя справы.

 



«Жорстка, але без стральбы, следчыя Галоўнай вайсковай пракуратуры… у гасцінічным комплексе на Абухоўскай трасе пад Кіевам, вечарам 9 верасня адшукалі і затрымалі самага небяспечнага і жорсткага з усіх падазраваных байцоў роты «Тарнада» па мянушцы «Маджахед», — заявіў Маціос.

 

Ён адзначыў, што затрыманы Ляшук з'яўляецца грамадзянінам Беларусі і хаваўся ад следства больш за 2 месяцы.

 

Таксама Маціос паведаміў, што затрыманы вызнае каштоўнасці экстрэмісцкай арганізацыі Ісламская дзяржава.

 

Раней журналісты прыйшлі да высновы, што Ляшук, які раней нейкі час жыў у Расіі і Крыме пэўны час належыў да праваэкстрэмісцкіх расісцкіх арганізацый. Па натуры ён «хейтар» — чалавек, якому «трэба кагосьці ненавідзець», зрабілі выснову журналісты.

 

Вырас ён у Брэсце, спяваў рэп, удзельнічаў у групоўках моладзі, пакуль не пераехаў у Севастопаль. Там ён пражыў два гады. Даніла Ляшук прайшоў шлях ад неанацызму да радыкальнага ісламізму, абвясціў Расіі джыхад і адправіўся ваяваць ва ўкраінскі батальён «Тарнада».

 

Там ён быў паранены, трапіў у шпіталь.

 

«Менавіта «Маджахед»-Ляшук з надзвычайным цынізмам і дзёрзкасцю, жорсткасцю і бязлітаснасцю ажыццяўляў найбольш жорсткія катаванні мясцовага насельніцтва Луганскай вобласці, арганізоўваў і браў непасрэдны ўдзел у згвалтаванні затрыманых, якіх ён разам з іншымі падазраванымі выкрадаў з карыслівых меркаванняў», — заявіў пракурор Маціос.

 

Арыштавалі яго ў лазні пад Кіевам, дзе ён адпачываў з сябрамі.

 

У канцы чэрвеня міністр унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў падпісаў загад аб расфарміраванні гэтага батальёна. Ваенная пракуратура арыштавала камандзіра батальёна Руслана Анішчанка і семярых байцоў. Іх абвінавачваюць у незаконным пазбаўленні волі, утрымліванні, выкраданні і катаванні мясцовых жыхароў.

Паводле: Наша Ніва
 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: