Мінгарвыканкам назваў дзве версіі прарыву вадаправода ў Мінску. Ваду па-ранейшаму нельга піць

Санэпідслужба сталіцы зрабіла пробы вады і паведаміла, што толькі вада з камеры пераключэння №5 (Мінск, Чыжэўскіх) адпавядае норме.

Гарадскія ўлады агучылі дзве версіі прычын аварыі ў Чыжоўцы, але адзначылі, што рабіць высновы заўчасна.

— Папярэдніх версій — дзве, — сказаў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Аляксандр Дараховіч. — Гэта пашкоджанне трубаправода пры выкананні будаўніча-мантажных работ. На будаўнічым аб'екце, дзе і адбылася аварыя, праводзіліся будаўніча-мантажныя работы. Мяркуецца, што працы маглі выконвацца без выканання рэгламенту. Другая версія — нізкія эксплуатацыйныя характарыстыкі металу (чыгуну), якія прывялі да паскоранага зносу трубаправода. Рабіць высновы заўчасна, цяпер вывучаем сітуацыю. Канфіскавалі відэа з камер гандлёвага цэнтра, размешчанага побач з месцам аварыі, выкарыстоўваем яго для ўстанаўлення прычын таго, што здарылася. Трэба будзе аб'ектыўна разабрацца ў тым, што адбылося, каб не дапускаць такіх сітуацый надалей, — цытуе чыноўніка TUT.BY.

Санэпідслужба заклікае пакуль устрымацца ад піцця вады з-пад крана.

«Згодна з вынікамі лабараторных даследаванняў, пробы вады, адабраныя з пробаадборнага крана РПНС “Курасоўшчына-1” (вул.Каржанеўскага, 8б), не адпавядаюць па паказчыку “мутнасць” і ўтрыманні жалеза; пробы вады, адабраныя з пробаадборнага крана РПНС “Серабранка” (вул. Ракасоўскага, 12/2) не адпавядаюць па паказчыках “каляровасць”, “мутнасць” і ўтрыманні жалеза; пробы вады, адабраныя ў камеры пераключэння №5 (вул. Чыжэўскіх), адпавядаюць па ўсіх даследаваных паказчыках», — гаворыцца ў паведамленні.

Кантроль якасці пітной вады, якая падаецца насельніцтву Заводскага, Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў Мінска працягваецца.

Ваду ўсё яшчэ рэкамендуюць піць прывазную або бутыляваную.

Нагадаем, учора ў выніку прарыву вадаправоду ў Чыжоўцы праблемы з водазабеспячэннем паўсталі ў Кастрычніцкім, Ленінскім і Заводскім раёнах.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: