Вадзім Саранчукоў падаў у суд на тэлерадыёкампанію «Гродна»

Старшыня гродзенскай гарадской арганізацыі партыі БНФ Вадзім Саранчукоў падаў іскавую заяву аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі супраць тэлерадыёкампаніі «Гродна».

Падставай стаў прадэманстраваны 17 красавіка ў эфіры відэасюжэт “Маршем в никуда”. Пасля ён быў апублікаваны на  афіцыйным канале Тэлерадыёкампаніі "Гродна"  на сервісе Youtube. Пры вырабе гэтага фільма не былі пазначаныя аўтары і адказныя за выпуск асобы. На момант падачы іскавой заявы колькасць праглядаў на Youtube склала больш за 9 700 праглядаў.

У заяве Вадзім Саранчукоў даводзіць, што распаўсюджаная ў гэтым відэафільме інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці і зневажае яго гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю.

У прыватнасці, заяўнік піша:

"У фільме выкарыстоўваюцца кадры, якія нагадваюць аператыўную здымку сілавых органаў. З’яўленне гэтых кадраў у распараджэнні тэлерадыёкампаніі можа сведчыць пра ўцечку аператыўных матэрыялаў ад супрацоўнікаў МУС.

Выкарыстанне ў эфіры кадраў схаванай здымкі мяне з’яўляецца грубым умяшальніцтвам у маё асабістае жыццё.

Выкарыстанне ў эфіры кадраў, на якіх знаходзіцца мой непаўнагадовы сын, без атрымання згоды ягоных законных прадстаўнікоў з’яўляецца незаконным і можа пагражаць ягонай бяспецы.

Выкарыстанне ў фільме выразаных з кантэксту кадраў з майго выступу, як кандыдата ў дэпутаты і накладанне іх на сучасныя падзеі стварае наўмысна сфальсіфікаваны вобраз і з’яўляецца абразай майго гонару.

Беспадстаўнае і хлуслівае сцвярджэнне аўтараў гэтага відэаматэрыялу, што я нібыта фіктыўна займаюся рамесніцкай дзейнасцю, наносіць шкоду маёй дзелавой рэпутацыі і з'яўляецца недапушчальным".

У межах падрыхтоўкі да справы  Вадзім Саранчукоў праз суд патрабуе ад тэлерадыёкампаніі "Гродна" прадставіць інфармацыю пра журналіста, які рыхтаваў спрэчны відэасюжэт “Маршем в никуда”.

Палітык просіць суд прызнаць распаўсюджаныя ў відэасюжэце “Маршем в никуда” пра яго звесткі не адпавядаючымі рэчаіснасці і зневажальнымі і абавязаць тэлерадыёкампанію "Гродна" абвергнуць іх ў вечаровым эфіры на канале "Беларусь-4".

Справу старшыні гродзенскай рады Партыі БНФ будзе разглядаць суд Ленінскага раёна Гродна. Тэрмін разгляду яшчэ не прызначаны, аднак Вадзім Саранчукоў спадзяецца, што гэта адбудзецца ў бліжэйшы месяц.

Больш за месяц таму Вадзім Саранчукоў па гэтым пытанні звяртаўся ў пракуратуру Гродзенскай вобласці. Тэрмін адказу на скаргу ў абласную пракуратуру ўжо быў вычарпаны і актывіст не атрымаў адказу. Вадзім Саранчукоў спадзяецца, што праз суд ён атрымае адказ, хто з'яўляецца аўтарам матэрыялу і будзе рыхтаваць далейшыя справы аб абароне свайго гонару і годнасці.

baj.by


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!