Ваенныя вучэнні ў «штацкім» лесе: «Боялись, украинец»

Бронетранспарцёры ездзяць па даспелых лясах у зонах, абазначаных фанернымі таблічкамі са зместам кшталту «Стой, страляць будзем!». Але стрэлы раздаюцца і з памежнай «зялёнкі». На фінальны рост позніх грыбоў наклаліся сумесныя беларуска-расійскія вайсковыя вучэнні.
Калона БТР на лясной дарозе па-за палігонам «Брэсцкі».

Калона БТР на лясной дарозе па-за палігонам «Брэсцкі».

Неспадзяванка з імем БТР

Няўсцешную карціну вайны ў мірным лесе мне выпала бачыць, калі паехаў у свой чарговы грыбны рэйд у Маларыцкі раён, у водападзел Шацкіх азёр. Вяртаўся назад звыклай дарогай, цераз балацянку на мяжы Шацкага і Бугскага водападзелу і далей цераз рэчышча прытоку Буга Прырвы. Да вайсковага палігона там добрых пяць кіламетраў. Як раптам насустрач… выпаўзае калона бронетранспарцёраў. Замаскаваныя хвояй, тыя рухаліся «штацкім» лясгасаўскім лесам. З кожнага высоўваўся вайсковец, перад скрыжаваннем камандаваў кіроўцу «Налева!». Прапусціў, праехаў наперад. На дрэвах і кустоўі справа ад дарогі з’явілася свежая чытанка – жоўтыя таблічкі «СТОЙ, СТРЕЛЯЮТ! ПРОЕЗД И ПРОХОД ЗАПРЕЩЕНЫ». Адна з машын, якая засталася на шашы, пры мне доўга тузалася, буксавала на пяску і нарэшце запаўзла заднім ходам па лясной дарожцы глыбока ў левы, неабазначаны бок. Няйначай, адпрацоўваць тэму «ноч у лесе».
Дарога гэтая насыпаная цераз балота гадоў з пяць таму. Ніколі там не было вайскоўцаў, адны лесавозы, паляўнічыя ды грыбнікі. «И вот опять», падумалася мне, гледзячы на старыя, савецкія яшчэ «бронікі». Зноў вяртаецца савеччына.


Пераехаў цераз балота – стрэлы, аўтаматныя чэргі з ляснога масіву злева. Прайшоўся «градкамі» глыбей у лесе – нібыта людзі былі, за выходныя грыбы павыбіралі. Прыдарожнае дрэва з боку страляніны працягвае галінай-рукой пад нос таблічку «Проход и проезд запрещен. Валка леса».

Чалавеку ўгоддзі: навошта або на халеру?

Да шашы Р94 «Брэст – Тамашоўка» паехаў дарогай уздоўж палігона, які дазвання згарэў сёлета. Мы пра гэта пісалі – сплыло агнём ад тысячы да двух тысяч гектараў. Таблічак там не было, як і людзей. Толькі ў канцы, з таго берага Прырвы, скочылі з цемры двое салдацікаў з аўтаматамі. «Стой! Гаси фонарь!» Пагасіў сваю велафару. «У парадку, ніякіх праблем. Еду дахаты». Салдаты паспакайнелі. «Тут вучэнні». Адзін спытаў чамусьці, ці дабяруся сам. Пажадаў добрай дарогі.

Што вучэнні – не сакрэт. З боку палігона раздавалася траскатня кулямётаў, слабкія выбухі. Падствольнікі. Ішоў бой.

Нават нецікава даведвацца афіцыйна: з кім, хто ўмоўны праціўнік. Вяртаецца татальная савецкая хлусня, і застаецца чытаць па дэталях.

Афіцыйна заяўлена, што ў вучэннях на палігоне «Брэсцкі» ўдзельнічае каля 900 вайскоўцаў з абодвух бакоў. Чаму яны раптам пачалі ездзіць па-за палігонам?


З аднаго боку, зразумела: сваю «зялёнку» беларусы спалілі, на пажарыску пэцкаецца казённае абмундзіраванне, дыхаць попелам нездарова. Не замаскіруешся, урэшце, бо няма чым. «Умоўнаму праціўніку» – як на далоні. Але ж гэта не азначае, што можна вось так запраста зрабіць палігонам угоддзі. Бо «ўгоддзі» дагаджаюць, годзяць чалавеку ягадамі, грыбамі, даюць яму забудоўны, спраўны лес. Там жа хвойкі – люба-дорага паглядзець!

І вось – дарогі разварочаныя коламі БТРаў, ідзе нейкая незразумелая валтузня.


А можа, нездарма пясчаныя тракты цераз Альманскія балоты адсыпаныя? Як і гэты, цераз балота, на якім цяпер бронетэхніка намалявалася-акрэслілася? У аднаго з колішніх начных дазорных вырвалася: «Боялись, украинец».

«Не, – адказаў ім. – Я мірны беларус». Так, я дык вось мірны, але ці ёсць шанец ва ўсіх беларусаў застацца такімі, пры такой вось змычцы, як на гэтым палігоне? Пытанне з пытанняў.

«А чаго гэта вам тых украінцаў баяцца, – пытаю ўжо ідучы. – Яны ж нам браты». «Х … … они братья», – адказаў адзін. Другі, падумаўшы, прымірэнча перамасціў: «Мы все братья».

Ага, навучыце дзядзьку жыць! Калі ўжо «братья» ў Крыме і на Усходзе Украіны «за спинами женщин и детей» хаваліся, то тут за каго…

«Товарищи, будет непросто»

У аддзеле аховы лесу Брэсцкага лясгасу мне з месяц таму патлумачылі, чаму вайсковыя спалілі «свае» тысячы гектараў. «Бо няправільна выстаўляюць вышыню падрыву на асвятляльных ракетах. Тыя закоратка вісяць, не паспяваюць выгарыць, – і пайшло палыхаць».

Парэшткі спаленага часовага шлагбаўма пры палігоне «Брэсцкі».

Парэшткі спаленага часовага шлагбаўма пры палігоне «Брэсцкі».

Вось і гэтым хлапцам «няправільна выставілі» пра ўкраінцаў. Дый не толькі пра іх. І можна беспакарана спаліць сваю зялёную зону, пакінуць дзясяткі тысячаў згарэлых дрэваў, потым запраста, прыбіўшы цвікамі да вячыстых сосен нягеглыя таблічкі, перайсці на агульнанародныя (як-ніяк) угоддзі, там ездзіць-совацца на цяжкай тэхніцы з думкамі пра «недругов-украинцев», а насамрэч пляжачы сваю малую\вялікую Радзіму, год якой афіцыйна святкуюць трэці год ужо запар (!!!).

І, магчыма, насамрэч робячы ўсё гэта дзеля таго, каб не служыць у войску коратка, якіх год-два, пры доме, а потым мірна працаваць усё жыццё. Зусім наадварот – каб усё жыццё ездзіць на не свае войны. Найперш да братоў ва Украіну. Потым у Сірыю, Венесуэлу і яшчэ ў чортмаведама які куток зямлі, якой заваліся сваёй, пустой і неабробленай – ездзіць-лётаць-поўзаць ракам, каб там ваяваць. Усё жыццё.
Спаленыя дрэвы дасюль стаяць. 

Спаленыя дрэвы дасюль стаяць. 

Але не ўсё так проста. Проста так не абыдзецца. Летась увосень, калі пляжылі ў чадным суіцці з усходнімі братанамі першую вышыньку за палігонам, пачулася мне іншае.

Тады таксама прыпала позна вяртацца з грыбоў. Было цёмна, фара мая падсела, і каб не застрэлілі паляўнічыя ў качыных угоддзях перад палігонам і вайскоўцы на ім (адчувалася там надзвычайная актыўнасць), гарлаў ва-ўсю розныя песні. Беларускія, украінскія ды нямецкія народныя. Бліжэй да тэрыторыі палігона аказалася: усё ўсур’ёз. Тэнтаваныя «Уралы», квадрацыклы з экіпажамі два чалавекі, войскі перасоўваліся калонамі. Накапалі акопаў, траншэй. Але ж гэта не палігон!

Жаўнеры перамяшчаліся групкамі, там-сям у цемры пасадка пачалася. Нікому да мяне, роварнага, з поўным мяхом грыбоў, няма справы. І толькі адзін салдацік малады, праходзячы міма, з сорамам і просьбай выбачэння прамовіў два словы. Толькі два. «Скоро уедем».

Замест эпілогу верш


Шукаць грыбы – улюбёны мой занятак. Але мае ён яшчэ тую карыснасць, што знаходзіцца тое-сёе іншае. Так знайшоўся і гэты верш.

Хаджу VII
Іранічны антымілітарны хоку

Хаджу грабу грыбы, як медалі.
За зрок мне – гэты, той за горб далі.

Ды відам ордэна працяты на нішто:
Вунь баравік. Не шапка – шапіто.

Нікога не забіў – і слава Богу.
Грыбных узнагарод на ўсіх у лесе многа.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!