Вайна «без асобых прычын»

«Не хачу нікога ні ў чым пераконваць, адно хачу, каб пра вайну гаварылі без хлусні — як гэта рабілі Адамовіч, Быкаў, Астаф’еў і многія іншыя, хто там рэальна быў», — піша ў сваім блозе на Радыё Свабода Сяргей Дубавец.

Здаецца, усё сваё жыццё я спрабую разабрацца ў той вайне, але да канца зразумець яе немагчыма.

Адзіны «свой» эпізод у мяне — які згадваў бацька-франтавік. У 1945-м яны ішлі строем па вуліцах нейкай там Гдыні, было цёпла і сонечна, іх сустракаў радасны натоўп, пераважна жанчыны ў летніх сукенках. І сярод іх былі дзяўчаты з бацькавых Мялешкавіч, якія пазналі яго і крычалі: «Ваня-Ваня!» Яны, сагнаныя на працу ў Нямеччыну, выглядалі цалкам свабоднымі, можа быць нават шчаслівымі, без ценю страху.

Тое, што для звычайнага беларуса і для ўсяго беларускага народа гэта ніякая не Перамога, я зразумеў у сярэдзіне жыцця.

Перамога — гэта ў кожным разе нейкі бонус, калі не матэрыяльны, дык маральны, вызваленне, напрыклад. А ад чаго ў 1945-м вызваліліся беларусы? Ад калгаснага прыгону? Не. Ад русіфікацыі? Не. Ад страху? Таксама не. Што набылі? Страшную, як вялізная радзімая пляма, ганьбу ў выглядзе «невядомага салдата», які так і застанецца невядомым, бо зрабіць яго вядомым ніхто асабліва і не імкнуўся. Як бы і няма патрэбы.

Дзе яна хаваецца, Перамога? У сотнях спаленых беларускіх вёсак, у галакосце беларускіх габрэяў, у той лютай нянавісці, з якой палова выпускнікоў вясковае беларускае школы, якая пайшла ў партызаны, забівала другую палову, якая пайшла ў паліцыю, і наадварот?

Якія на ўсё гэта ў нас былі прычыны і якая была наша роля? Ратуйся хто можа?

Выглядае, што для беларусаў не было ні перамогі, ні паразы. Была акупацыя. Калі яна пачалася? Яўна ня ў 1941-м. У 1937-м, з вынішчэння практычна ўсёй нацыянальнай эліты? Ці ў 1929-м, з масавага вывазу ў Сібір заможнага беларускага сялянства? Ці ў 1917-м, з чырвонага тэрору, з вынішчэння беларускага дваранства і люмпенізацыі народных мас? Ці ў канцы ХVIII ст. — з падзелаў Рэчы Паспалітай і прыходу ў Беларусь вялізнай арміі расейскіх вайскоўцаў, чыноўнікаў, царквы, школы? Ці ў 1654-м, калі Беларусь страціла кожнага другога, калі ў Масковію быў выведзены 300-тысячны палон нашых рамесьнікаў, у выніку чаго знік беларускі горад, а народ ператварыўся ў сялянскую масу?

Скажаце, так далёка не баліць? А ўявіце, што ўсё гэта адбываецца сёння. Дакладней, адбіткі ўсяго гэтага штохвілінна прысутнічаюць у жыцці кожнага з нас. Бо так толкам і не адрадзілася нацыя з яе элітамі, так і не паўстаў наноў беларускі горад. Затое канчаткова знікла сялянства. Прапалі кудысьці вяршэнства закону і цана чалавечага жыцця.

Перамога — толькі слова, якое таксама існуе ў сённяшнім дні, без учора і заўтра, без рэальнага напаўнення.
Людзі ў пераважнай большасці сваёй жывуць сённяшнім днём, ня думаючы ні пра ўчора, ні пра заўтра, ні пра тое, хто яны на гэтай зямлі. І гэтая Перамога — толькі слова, якое таксама існуе ў сённяшнім дні, без учора і заўтра, без рэальнага сэнсавага напаўнення. Адсюль гэтыя «ряженые» «ветэраны», «лінія Сталіна» і зыкі патасу пра «несмяротны подзвіг».

У чым вымяраецца Перамога для звычайнага беларуса? У колькасці нямецкіх машын на беларускіх вуліцах і дарогах? Ці ў якасці нямецкай медыцыны, якую збеглы з Мінску начальнік «валадаркі» Алкаеў не прамяняе ні на якое вяртанне на радзіму? Ці ў кватэрах, якіх толькі ў Свярдлоўскай вобласці ў 2015-м чакалі ў чарзе 15 тысяч франтавікоў?
Ці расплацілася Нямеччына за нанесеныя Беларусі страты? Ці расплацілася Расея? Хто болей вінаваты? Ці кампенсавалі? Пра гэта ніхто не гаворыць, бо жывучы па-за гістарычнай перспектывай, ніхто ў такіх катэгорыях ня мысліць. З іншага боку, пытанні рытарычныя, бо кампенсаваць гэтыя страты могуць толькі самі беларусы, адбудоўваючы саміх сябе самімі сабою, а ня «рускімі» ці «немцамі».

Вы скажаце, калі б не перамаглі фашызм, беларусы сталі б рабамі немцаў. А ці яны ня сталі рабамі саветаў? Чыё рабства лепшае? Чые канцлагеры камфартнейшыя? Чые кулі больш гуманныя?.. Колькі беларусаў загінула ад рукі немцаў, а колькі ад рукі саветаў — гэтага таксама не падлічвае ніхто. Чыя авіяцыя ў большай ступені разбурыла беларускія гарады?.. Замест халоднай статыстыкі — палымяныя і пустыя фанфары.

Дык у чым і чыя гэта Перамога? Вялікая Перамога сёння сінонім Вялікай Расеі. А мы тут пры чым? З гледзішча звычайнага беларуса — гэта ідэалагічная бурбалка ці проста звычка — адзначаць. «Дзяды ваявалі…» А за што? За мірнае неба? Выходзіць, над Нямеччынай яно сёння больш мірнае, чым над Беларуссю. У нас тут больш пра пагрозы гавораць.

Не было для нас Перамогі. Толькі страты, боль, гора. Наслаенне акупацыяў — расейскай на маскоўскую, савецкай на расейскую, нямецкай на савецкую, савецкай на нямецкую… Беларусь апынулася паміж страшным злом фашызму і страшным злом камунізму. Паміж «немцамі» і «рускімі». «Немцы» нібыта пакаяліся, «рускія» ва ўсю святкуюць, лязгаюць зброяй на парадах, надзяваюць на сваіх дзетак вайсковы камуфляж — быццам клічуць новую вайну. І сам агрэсіўны «русский мир», што ўсе ўжо зразумелі, гэта насамрэч «русская война», прага рэваншу. Але якога і за што, калі — Перамога?


Не хачу нікога ні ў чым пераконваць, адно хачу, каб пра вайну гаварылі без хлусні — як гэта рабілі Адамовіч, Быкаў, Астаф’еў і многія іншыя, хто там рэальна быў. І ў гісторыі гэтай не хачу і не магу паставіць кропку, бо да ўсёй праўды пра вайну, па-мойму, яшчэ вельмі далёка. Аж да поўнага кагнітыўнага дысанансу. Адно са мною застаецца нязменным той эпізод з бацькавых успамінаў пра тых мялешкаўскіх дзяўчат у летніх сукенках, што крычалі яму на сонечнай вуліцы ў нейкай там Гдыні: «Ваня-Ваня!».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2018-05-09 17:22:58
Да двух апошніх абзацаў: а што, Алесь Адамовіч і Васіль Быкаў не святкавалі 9 мая як Дзень Перамогі?!
Пісьменнік Валянцін Тарас у 1994 г.: "Уважаю всех тех, кто в годы фашистского нашествия брался за оружие. Потому что тогда это был единственно правильный выбор. И то, что германский фашизм был разгромлен под красными знаменами, ничего не меняет и не искажает в сути нашей великой, такой тяжелой Победы. Потому что она явилась фундаментом будущего, в том числе и будущего моей Беларуси как независимого суверенного государства… Вот почему и Третье июля, и День Победы – святые праздники". http://belisrael.info/?p=15197
  • фцф
  • 2018-05-09 20:53:37
А насамрэч, большасьць знаёмых мне ўдоў, дзяцей-сірот і ўдзельнікаў той вайны, асабліва ў 45-м і першыя гады пасьля вайны ў гэты дзень больш плакалі ды галасілі, для іх гэта быў дзень смутку, жалобы і вялікага болю, а ўсе гэтыя пампезныя "мерапрыемствы" і мілітарны афіцыёз з'явіліся ў 60-70 гады, калі стала забывацца катастрафічна-жахлівая сутнасьць той вайны, і ўсё стала раптам "прамым і вялікім", як лінія партыі і ейная хлусьня.
  • ВР
  • 2018-05-10 10:32:43
Так, 9 мая - свята "со слезами на глазах", але ж свята. Няслушна казаць: "Не было для нас Перамогі. Толькі страты, боль, гора".

Больш цікавага на «Новым Часе»: