«Вайна на Данбасе падаравала дадатковыя пяць гадоў рэжыму Лукашэнкі»

Навошта беларусы едуць ваяваць на Данбас па абодва бакі фронту? Хто гэтыя людзі? Як з імі працуюць беларускія спецслужбы? І якая роля Аляксандра Лукашэнкі ў гэтым канфлікце?
Ігар Ільяш і Кацярына Андрэева. Фота Дзіяны Серадзюк

Ігар Ільяш і Кацярына Андрэева. Фота Дзіяны Серадзюк

Усё гэта журналісты тэлеканала «Белсат» Ігар Ільяш і Кацярына Андрэева аналізуюць у сваёй кнізе «Беларускі Данбас», якая выйшла ва ўкраінскім выдавецтве «Фоліо». Прадмову да кнігі напісаў першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч.

«Палітыка Лукашэнкі ў адносінах да канфлікту на Данбасе — гэта хлусня»

Некалькі гадоў таму ў «Савецкай Беларусі» выйшаў праграмны артыкул, прысвечаны беларусам, якія паехалі ваяваць на Данбас. У ім гаварылася пра тое, што ўсе гэтыя людзі — злачынцы і ў Беларусі іх будуць строга пераследваць, незалежна ад таго, на чыім баку яны ваявалі.

Чытаючы той артыкул, журналіст Ігар Ільяш звярнуў увагу на гісторыю баевіка «ЛНР» з пазыўным «Пушкін», якога, як паведамляла газета, у кастрычніку 2015 года затрымалі ў Оршы. Ігар знайшоў «Пушкіна» ў сацсетках і ўзяў у яго інтэрв'ю. Аказалася, што ён зусім не пад следствам, а паспеў з’ездзіць на фронт і лячыўся пасля ранення ў Растове. Нашы спецслужбы не заводзілі на баевіка ніякую крымінальную справу: пратрымаўшы некалькі дзён у ізалятары, яго адпусцілі. Менавіта пасля гэтай гісторыі журналіст пачаў разумець, што палітыка Лукашэнкі ў адносінах да канфлікту на Данбасе — гэта хлусня.

Ігар Ільяш глыбока пагрузіўся ў тэму ўдзелу беларусаў у вайне на Данбасе і ўжо ў першыя месяцы працы ў яго з’явілася думка напісаць пра гэта кнігу. Хацелася не проста абмежавацца журналісцкімі матэрыяламі, а зрабіць нешта, што застанецца ў гісторыі. Пазней да працы далучылася калега Ігара Кацярына Андрэева.

Усё пачалося пасля таго, як я пабачыла першыя эксклюзіўныя інтэрв’ю з баевікамі, якія Ігар рабіў яшчэ ў 2016 годзе. На той момант мы былі проста калегамі, і я сказала, што хачу далучыцца да гэтай тэмы. Ён пагадзіўся.

У выніку сумеснай працы нарадзілася не толькі 500-старонкавае выданне, але і журналісцкая сям’я: у сакавіку Кацярына прачытала першы матэрыял Ігара, а ўжо ў снежні яны ажаніліся.

Па словах журналістаў, ім не хацелася перавыдаваць у фармаце кнігі артыкулы, якія выходзілі на «Радыё Свабода» і «Белсаце». Таму некалькі гадоў збіралі фактуру для будучага выдання.

Вялікую частку кнігі складаюць інтэрв’ю, большасць герояў якіх — баевікі, што ваююць на баку «ЛДНР». Суадносіны паміж беларусамі-добраахвотнікамі, што ваююць за Украіну, і беларусамі-баевікамі прыкладна 1:3 на карысць апошніх. Гэта не дзіўна, тлумачаць журналісты, бо мы маем 26 гадоў Лукашэнку пры ўладзе і расійскае тэлебачанне, якое пануе ў інфармацыйнай прасторы.

Вокладка кнігі «Беларускі Данбас»

Вокладка кнігі «Беларускі Данбас»

Для большасці баевікоў вайна — гэта сацыяльны ліфт

Шукаць баевікоў было няцяжка: на форумах «ЛДНР» можна знайсці спасылкі на сацсеткі выхадцаў з Беларусі. Яны не хаваюць свайго ўдзелу ў ваенных дзеяннях, пазіруюць са зброяй для фотаздымкаў і большасць з іх гатовая размаўляць з журналістамі.

 Існуе памылковае меркаванне, што беларусы-баевікі ехалі ваяваць за грошы. Гэта велізарнае спрашчэнне. Для большасці гэта — сацыяльны ліфт, — тлумачыць Ігар. — У Беларусі яны вялі лад жыцця маргіналаў. Я не кажу, што яны былі алкаголікамі ці наркаманамі, проста яны не мелі свайго месца ў жыцці і грамадстве. Тут яны — ніхто, і яны ехалі (на Данбас. — НЧ.) і змянялі сваю рэчаіснасць на тую, дзе яны — героі і змагары з фашызмам.

А наконт грошай — яны былі не такімі вялікімі, кажа Ігар: заробак баевікоў-шарагоўцаў складаў каля 15 тысяч расійскіх рублёў — у 2016 годзе гэта было менш, чым 300 долараў. Таму расійская прапаганда ідэі барацьбы з фашызмам ва Украіне сапраўды спрацавала.

Частка кнігі прысвечана псіхалогіі беларусаў, якія едуць на чужую вайну. Баевікоў аўтары ўмоўна падзяляюць на некалькі тыпаў. Першыя — 18 – 20-гадовыя рамантыкі, якія ўзраслі на расійскай прапагандзе і шчыра ў яе вераць. Другі тып — уцекачы, людзі, чыё жыццё зайшло ў тупік: былыя крымінальнікі ці проста людзі з асабістымі трагедыямі. Трэція — людзі вайны, для якіх гэта не першы канфлікт, або кадравыя сілавікі. Дарэчы, яшчэ адзін міф, што ўсе баевікі — крыважэрныя забойцы. Сярод іх бываюць нават камічныя персанажы, проста кажучы — лузеры.

У добраахвотнікаў размежаванне не такое жорсткае, там пераходныя катэгорыі, — гаворыць Кацярына. — Можна вылучыць тыпаж актывіста-рамантыка — ідэйнага маладога чалавека да 30 гадоў, які быў заангажаваны ў палітычнае жыццё, меў апазіцыйныя погляды і, калі пачаўся канфлікт, сімпатызаваў Украіне. Другі тыпаж — «мужык-беларус» з катэгорыі людзей, якія заўжды былі апалітычнымі. Гэта проста людзі, якія адчулі, што вайна можа прыйсці на беларускую тэрыторыю і прынесці пагрозу іх ладу жыцця. І ў іх прачнулася першабытнае жаданне абараніць. Трэці тыпаж — таксама ўцекачы, людзі, у якіх тут не склалася жыццё.

Цяжка сказаць, ці знайшлі беларусы на гэтай вайне тое, што шукалі. Добраахвотнікі, якія паехалі ваяваць за Украіну, аказаліся ў вымушанай эміграцыі. Абяцанні Пятра Парашэнкі і пазней Уладзіміра Зяленскага даць усім ім украінскае грамадзянства не спраўдзіліся, і цяпер яны маюць шмат побытавых цяжкасцяў. Што тычыцца баевікоў — у іх вельмі моцна працуе псіхалагічная абарона. Яны нават сабе не могуць прызнацца, што расчараваныя, таму пераконваюць сябе і навакольных у адваротным.

Асобныя главы «Беларускага Данбаса» прысвечаныя методыкам працы спецслужбаў з беларускімі ваярамі. Таксама аўтары даследавалі маштабны гандаль беларускіх прадпрыемстваў з падкантрольнымі баевікам фірмамі. І, нарэшце, паказаная інфармацыйная палітыка, у тым ліку ціск на СМІ з мэтай уплыву на асвятленне вайны на Данбасе і ўдзелу ў ёй беларусаў.

Аўтары таксама даследуюць, як канфлікт на Данбасе адбіўся на беларускім грамадстве. Яны лічаць, што ён паскорыў працэс яго пацыфікацыі: з пачатку вайны і да нядаўняга часу масавыя пратэсты не мелі папулярнасці і лічыліся ледзьве не радыкалізмам. Многія нават угледзелі магчымасць аб’яднацца з Лукашэнкам у барацьбе за незалежнасць Беларусі ад Расіі.

Вайна на Данбасе падаравала дадатковыя пяць гадоў рэжыму Лукашэнкі, — перакананы Ігар Ільяш.

«Спецслужбы завуалявана пагражалі фізічнай расправай»

 Ігар і Кацярына напісалі кнігу за паўгода, але пры гэтым праца не была лёгкай, і журналістам падчас яе даводзілася сутыкацца з пагрозамі. Ігар Ільяш распавядае пра сустрэчу з адным з самых жорсткіх баевікоў:

— Мы сядзелі з ім на лаўцы, ён паказваў мне свой смартфон, дзе было шмат здымкаў трупаў украінцаў, пасля — яго дачка, пасля — зноў трупы. Ён — кадравы афіцэр і, у адрозненне ад іншых, не балбатаў лішняга. І намякаў, што калі ў публікацыі будзе нешта не так, у мяне будуць праблемы. Калі мы пагутарылі, разыйшліся ў розныя бакі, ён мэтанакіравана пачакаў мяне на выхадзе з двара і зрабіў захоп (Ігар дэманструе на Кацярыне захоп ззаду левай рукой за шыю, у той час як правая накіроўваецца ў вобласць грудной клеткі. — НЧ.), дэманструючы, як бы гэта было з нажом. І сказаў мне на вуха: «Адзін удар — і нават варухнуцца не паспееш». А потым перавёў гэта ў жарт.

Падчас працы журналістам прыходзілі і ананімныя пагрозы, у тым ліку ўскосныя, ад беларускіх спецслужбаў, што перадаваліся праз калегаў, якіх выклікалі на гутаркі ў КДБ.

— Яны завуалявана пагражалі фізічнай расправай, скажам так, — удакладняе Кацярына.

Ёй таксама неаднойчы даводзілася сутыкацца з ціскам.

 У студзені 2019 года я выпусціла інтэрв’ю з баевіком. Ён, імаверна, яго прачытаў, і пасля тэлефануе мне і кажа: «Ты ведаеш, што не ў аднаго мяне ёсць жаданне скруціць табе галаву?». Ад чалавека з баявым досведам, магчыма, траўмаваным псіхічна, можна чакаць, чаго заўгодна. Таму я гэтыя словы запісала на дыктафон і звярнулася ў міліцыю з заявай. Але праз некаторы час мне адказалі, што не ўдалося высветліць месцазнаходжанне гэтага чалавека. Ну як немагчыма, калі ён быў у Беларусі, тэлефанаваў са свайго мабільнага і пры жаданні месца званка лакалізуюць за некалькі хвілінаў? — усміхаецца журналістка.

Кацярыне пісалі і ў сацсетках з фэйкавых акаўнтаў, раілі падумаць пра сям’ю і не займацца гэтай тэмай. Але пагрозы не прымусілі іх з Ігарам спыніцца.

З боку баевікоў не было ніякіх дзеянняў, таму што нашыя інтэрв’ю ім нічым не пагражалі, — перакананы Ігар Ільяш. — Яны прызнаваліся ў забойствах украінцаў, але ніякіх наступстваў для іх не было.

Таму калі будуць сапраўдныя правакацыі, мы будзем разумець іх як палітычна матываваны пераслед з боку спецслужбаў, — дадае Кацярына.

«Беларускія спецслужбы сімпатызуюць баевікам»

Найбольш актыўна канфлікт на Данбасе развіваўся ў 2015 – 2016 гадах. Некаторыя беларусы пачалі вяртацца з фронту, але з 2014 да сярэдзіны 2017 года ніводнага баевіка-беларуса не арыштавалі. Хаця журналісты за гэты час на тэрыторыі Беларусі сустрэліся і пагутарылі з дзясяткам людзей.

У той жа час мы ведаем гісторыі Станіслава Ганчарова з «Азова» і Тараса Аватарава (беларусы, якія ваявалі на баку Украіны. — НЧ.), якія прыехалі і былі арыштаваныя. Гэта былі мэтанакіраваныя акцыі, — кажа Ігар.

Толькі ў 2017 годзе з беларускіх дзяржаўных СМІ стала вядома пра некалькі арыштаў баевікоў, прычым заўжды гэта адбывалася пастфактум, а суды над імі часам праходзілі ў закрытым рэжыме.

Адметнасць у тым, што ў гэты час пачала мяняцца палітыка афіцыйнага Мінска адносна гэтага канфлікта, калі актыўна пачалі раскручваць тэму беларускай міратворчай місіі. Трэба было наладзіць стасункі з Украінай і, натуральна, паміж Лукашэнкам і Парашэнкам паўставалі пытанні, што рабіць з беларусамі на вайне. Тры з пяці арыштаў (баевікоў. — НЧ.) дакладна адбыліся паміж першай і другой сустрэчамі Лукашэнкі з Парашэнкам у 2017 годзе. Яшчэ два арышты адбыліся ў наступныя два гады. Гэта была відавочная палітычная акцыя, каб паказаць Украіне, што мы тут змагаемся з баевікамі. Але нават у гэтай сітуацыі яны атрымалі вельмі мяккія тэрміны: трое атрымалі па два гады, адзін — хатнюю «хімію» і адразу з'ехаў назад на фронт, і адзін — звычайную «хімію», — распавядае Ігар Ільяш.

Важна, што гэта былі не тыя людзі, якія раздавалі інтэрв’ю СМІ. Іх паказальна асудзілі на невялікія тэрміны, і гэтаму ёсць тлумачэнне. Мы ў сваёй кнізе сцвярджаем, што беларускія спецслужбы сімпатызуюць баевікам. Яны ў нас прарасійскія, і таму падзяляюць іх погляды, — звяртае ўвагу Кацярына Андрэева.

Лукашэнка рыхтаваўся да вайны?

Электронны варыянт кнігі «Беларускі Данбас» ужо дасяжны на сайце выдавецтва, пазней яна з'явіцца ў друкаваным выглядзе. Але аўтары зазначаюць, што пры цяперашняй уладзе разлічваць на тое, што вялікі наклад кнігі зможа трапіць у Беларусь, не даводзіцца — добра, калі атрымаецца завезці некалькі дзясяткаў асобнікаў. Затое пашчасціць украінскім чытачам — кніга будзе прадавацца ва ўкраінскіх кнігарнях.

— Магчыма, дзякуючы гэтаму ўкраінцы паглядзяць на беларусаў з іншага боку. Бо ва ўкраінскага абывацеля ёсць уяўленне, што Лукашэнка — гэта парадак, чыстыя вуліцы. Я думаю, што кніга дапаможа ім зразумець, якая роля Беларусі ў гэтай вайне і што Лукашэнка не заўжды быў міратворцам. Пры іншым сцэнары Беларусь магла быць уцягнутая ў поўнамаштабны ўдзел у канфлікце, — дадае Кацярына.

Яе суаўтар асобна разгледзеў ролю беларускага кіраўніка ў вайне на Данбасе і прыйшоў да цікавых высноваў.

Роля Беларусі і Лукашэнкі ў гэтым канфлікце ўспрымаецца як нешта суцэльнае і паслядоўнае — нейтралітэт і міратворчасць. Але першай рэакцыяй Лукашэнкі на падзеі ў Крыме была просьба да Пуціна даслаць у Беларусь яго баявую авіяцыю. У адным з інтэрв’ю Пуцін казаў, што гатовы выкарыстаць ядзерную зброю, калі б Захад умяшаўся. Уявіце, якая была б роля Беларусі ў момант сутыкнення Захаду і Расіі.

Пасля падзеяў у Адэсе (2 траўня 2014 года, калі ў выніку сутыкненняў паміж прыхільнікамі Еўрамайдана і прарасійскімі актывістамі і пажару ў Доме прафсаюзаў загінулі 48 чалавек. — НЧ.) Лукашэнка едзе ў Маскву і каментуе іх у духу расійскай прапаганды, называючы «другой Хатынню», прапануе Пуціну «скаардынаваць дзеянні» адносна Украіны, а таксама кажа, што немагчыма спакойна рэагаваць, калі нашыя людзі заклікаюць аб дапамозе. Гэта рыторыка палітыкаў, якія збіраюцца распачынаць вайну.

У красавіку 2014 года ў Лукашэнкі была таямнічая тэлефонная размова з Дональдам Тускам, інфармацыя пра якую спачатку з’явілася на сайце яго прэс-службы і БЕЛТА, а потым знікла. Потым Лукашэнка пракаментаваў тую размову і сказаў, што быў гатовы выкарыстаць узброеныя сілы, каб развесці бакі, і не ў якасці міратворцаў. Тады яшчэ ніхто не ведаў, чым скончыцца эскалацыя канфлікта — дапускалі і наступ на Кіеў, і вайну Расіі з NATO. На той момант Лукашэнка дэманстраваў найвышэйшую ступень падтрымкі Крамля.

Фота Дзіяны Серадзюк

Фота Дзіяны Серадзюк

Праца над кнігай шмат што дала яе аўтарам. Кацярыне Андрэевай давялося змагацца са страхам чыстага аркуша паперы і вучыцца самадысцыпліне. Таксама яна навучылася бачыць у адной з’яве некалькі слаёў, разумець, што хаваецца за тымі ці іншымі выказваннямі палітыкаў.

 Мне кніга дапамагла зразумець сваё месца ў журналістыцы. Я цяпер адчуваю сябе суаўтарам і хачу верыць, што гэтая кніга першая, але не апошняя. У будучыні мне хацелася б напісаць кнігу пра час, у які мы ўсе жывем — эпоху позняга лукашызму, — дзеліцца Кацярына.

Для мяне гэта вялізная ўдача ў прафесійным плане. У Беларусі вельмі цяжка знайсці тэму, дзе ты зможаш сказаць нейкае новае слова. Мне пашанцавала, што я гэтую тэму знайшоў, — зазначае Ігар.

З выхадам кнігі тэма беларусаў на Данбасе для журналістаў не завершыцца, але набудзе новы фармат: неўзабаве яны плануюць стварыць тэлеграм-канал, дзе будуць публікаваць усё самае цікавае пра стасункі Беларусі, Украіны і Расіі.

Анлайн-прэзентацыя «Беларускага Данбасу» плануецца напрыканцы наступнага тыдня.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: