Вайна супраць гістарычнай памяці

Сітуацыя з аховай гісторыка-культурнай спадчыны ў Беларусі нагадвае вайну.

Не паспела грамадскасць «адбіць» ад зносу Асмалоўку (аналагічнаму пасёлку Трактарнага завода пашчасціла менш — частку дамоў там усё ж знеслі), як выбухнула чарговая бітва за Курапаты. Паралельна з ёй разгортваецца канфрантацыя на Вайсковых могілках, дзе каштоўныя гістарычныя агароджы і надмагіллі мяняюць на аднолькавыя безгустоўныя падгалоўнікі з мармуровай крошкі.


Навошта рамантаваць, калі можна знесці?

Тры гады таму на шэрагу магіл, якія былі ў занядбаным стане, павесілі шыльды з просьбай добраўпарадкаваць іх, іначай гэта зробіць Спецкамбінат КБА. Вядома, у рамках свайго густу і бюджэту.

Такія абвесткі павесілі на занядбаных агароджах у 2015 годзе

Такія абвесткі павесілі на занядбаных агароджах у 2015 годзе

Усё было зроблена нібыта па правілах: праведзена інвентарызацыя, выяўлена, якія з магіл знаходзяцца ў кепскім стане, людзі папярэджаны і нават тэрмін у тры гады да пачатку работ вытрыманы. Вось толькі разуменне «кепскага стану» ў супрацоўнікаў Спецкамбіната, відаць, вельмі шырокае: пад знос пайшлі як зусім спарахнелыя помнікі, так і цалкам прыстойныя, і больш за тое — тыя, што ўяўляюць сабой каштоўнасць.
Першымі трывогу, як заўсёды, узнялі гісторыкі.

«Я думаў, на Вайсковых прыбіраюць старыя крыжы. Але ж яны сапраўды знішчаюць унікальныя надмагіллі, якія іх (гэтых чыноўнікаў і камунальнікаў) маглі б перажыць. На здымку агароджа на магіле аднаго з галоўных чэкістаў БССР Апанскага. Гэтая агароджа амаль равесніца стагоддзя. Яна ўнікальная. Навошта яе зносіць?! Гэта не рэканструкцыя, а вандалізм. Унікальны помнік знішчаюць... Жудасна...» — напісаў у сваім фэйсбуку даследчык міжваеннага перыяду з Заслаўя Ігар Мельнікаў.

— Мы звярталіся год назад у Мінкульт, Мінгарвыканкам і Спецкамбінат, дасылалі ім лісты з пытаннямі, ці ёсць праект, ці будуць выконвацца працы згодна з Кодэксам аб культуры — нас запэўнівалі, што ўсё будзе рабіцца па законе, — распавядае гісторык, сакратар грамадска-назіральнай камісіі па ахове помнікаў Павел Каралёў.

Але, па словах гісторыка, нават закон «Аб пахаванні і пахавальнай справе», на які спасылаюцца будаўнікі, яны парушаюць. Згодна з ім могуць быць прыбраныя надмагіллі, ступень разбурэння якіх выключае іх рамонт і аднаўленне. Сапраўды, такія пахаванні сустракаюцца, але ж пад знос ідуць і цалкам прыстойныя агароджы і крыжы, якія не патрабуюць асаблівага рамонту.  

— Рабочыя матывуюць знос тым, што праз пяць-сем гадоў гэтыя агароджы стануць старымі, таму лепш цяпер іх знесці. Логіка проста ўнікальная! Праз 50 гадоў тут палова агароджаў будзе ў кепскім стане — давайце, не чакаючы, усё закатаем у асфальт! — абураецца сакратар грамадска-назіральнай камісіі.


Павел Каралёў склаў звароты ў Міністэрства культуры, Мінгарвыканкам і Адміністрацыю прэзідэнта і заклікае рабіць гэта ўсіх. У зваротах ён паведаміў, што знос агароджаў, якія ўяўляюць гісторыка-культурную каштоўнасць, сведчыць пра непрафесійнасць прац, што праводзяцца. Таксама ён будзе склікаць грамадска-назіральную камісію па ахове помнікаў.


Людзі прыйшлі — а крыж спілаваны

Грамадскасць гатовая змагацца за кожнае пахаванне: за некалькі дзён на Вайсковых могілках сабралася стыхійная талака — неабыякавыя да лёсу некропаля людзі штодня прыходзяць і прыбіраюць занядбаныя магілы.

Белымі стужкамі валанцёры пазначылі помнікі, якія ўратавалі

Белымі стужкамі валанцёры пазначылі помнікі, якія ўратавалі

Я прыехала на могілкі, якія цяпер выглядаюць як поле бітвы, а сёмай вечара, і думала, што нікога ўжо не заспею. Аднак ля адной з магіл заўважаю некалькі чалавек, што расчышчаюць пахаванне ад травы. Аказваецца, гэта валанцёры-талакоўцы: Каця прывяла на прыборку свайго бацьку Сяргея, Алена прыйшла з маленькай дачкой Сафіяй.


Актывісты распавядаюць, што сітуацыя на некропалі складваецца гарачая, крыжы і агароджы даводзіцца адстойваць ледзь не з боем. Адваяваныя магілы пазначаюць белай стужкай, каб будаўнікі не чапалі. Намеснік дырэктара па ідэалагічнай працы Спецкамбіната КБА Сяргей Тур даў валанцёрам тыдзень, каб яны прывялі ўсе пазначаныя пахаванні ў належны стан — іначай іх усё роўна знясуць.

— Сёння была сітуацыя: людзі не маглі адшукаць магілу свайго сваяка, нарэшце знайшлі, і аказалася, што крыж на помніку спілаваны. Ім пра гэта ніхто не паведаміў, яны былі абураныя, — распавядае Каця.




— Ніколі не думаў, што дажыву да такога сораму, — абураецца Сяргей. — Яны ж як працуюць? Была магіла, яе раўняюць — і няма магілы, паклалі падгалоўнік, і ўсё.


 На многіх падгалоўніках няма надпісаў

Такі падыход, мяркуюць талакоўцы, вельмі ўскладніць пошук пахаванняў як для родных, якія раней арыентаваліся па крыжах і агароджах, так і для гісторыкаў. Тым больш, што многія новыя падгалоўнікі не маюць надпісаў і пакладзены проста ў шэраг — паспрабуй разбяры, на месцы якіх пахаванняў яны ляжаць.

— Сёння прыйшло чалавек сем, вельмі актыўна ўключыўся ў працу кіраўнік «Арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана» Зміцер Юркевіч, журналісты здымаюць, — каментуе Павел Каралёў. — Няправільна проста стаяць над душой у будаўнікоў і казаць, што рабіць, а што не. Трэба паказваць свае перакананні і браць на сябе адказнасць за магілы.


Выратаваная з-пад балгаркі агароджа на магіле прафесара Выдрына — абсалютна цэлая, адыходзіць толькі адна апора

Менавіта дзякуючы асабістай адказнасці Паўла днямі ўдалося літаральна выцягнуць з-пад балгаркі агароджу на магіле прафесара Маісея Выдрына, заснавальніка першай у Беларусі кафедры акушэрства і гінекалогіі. Я агледзела агароджу: ад яе адыйшла толькі адна з кутніх апор, усе астатнія элементы ў поўным парадку, нідзе нічога нават не хістаецца.

Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што адзінкавыя прыклады рэстаўрацыі старых надмагілляў на Вайсковых могілках усё ж плануюцца. Па словах Сяргея Тура, «ні адзін помнік, які выглядае дагледжаным, знесены не будзе. Паглядзіце, мы не зачапілі ні адно надмагілле, якое акуратна прыбранае». Бадай, гэта фраза характарызуе стаўленне да гісторыка-культурнай спадчыны ў нашай краіне: каштоўнае — значыць, акуратна прыбранае. Занядбанае — хоць яму 300 год — друз і ламачча.

Інфармацыя пра могілкі на трамвайным прыпынку

Інфармацыя пра могілкі на трамвайным прыпынку

На жаль, статус гісторыка-культурнай каштоўнасці маюць толькі самі могілкі, а таксама некаторыя пахаванні — напрыклад, Янкі Купалы, Якуба Коласа. Аднак тут ёсць і іншыя ўнікальныя аб’екты, якія не маюць ахоўнага статусу, але вельмі выразна характарызуюць эпоху 1920-1930-х гадоў.

— Вы заходзіце на могілкі, бачыце паўсюль гэтыя белыя плітачкі і пару дзясяткаў іншых надмагілляў — выглядаць гэта будзе жудасна. Гэта, магчыма, аптымальны варыянт для супрацоўнікаў Спецкамбіната, але ж гэта не проста нейкія могілкі, а каштоўнасць, яны маюць выразныя мастацкія рысы! — тлумачыць важнасць захавання некропаля ў першасным выглядзе Павел Каралёў.


Руйнаванне памяці

Чамусьці я не магу ўявіць, каб нешта падобнае рабілі на Лычакаўскіх могілках у Львове, Росах у Вільні, Пер-Лашэз у Парыжы ці Асістэнс у Капенгагене. Бо там нават смерць чалавечая, як працяг і памяць пра жыццё — каштоўная. А ў нас?..  


У мяне пытанне да Міністэрства культуры: чаму ўстанова, якая павінна ахоўваць гісторыка-культурныя каштоўнасці, іх знішчае, а ў лепшым выпадку — проста бяздзейнічае? Хто даў вам права так легкадумна разбазарваць спадчыну нацыі?

Чыноўнікі ўсіх рангаў спяшаюцца рапартаваць аб праведзенай працы і шчыра не разумеюць, што не так — бо ўсё ж робіцца ў рамках закона. Толькі вось ніяк гэтыя слугі народа не могуць уцяміць, што сваімі дзеяннямі руйнуюць нешта большае, чым старыя надмагіллі, спарахнелыя будынкі, аварыйныя дрэвы. Яны руйнуюць адзін з тых нацыятворчых чыннікаў, без якога ў народа няма будучыні. Яны руйнуюць гістарычную памяць. На жаль, у нас так і не навучыліся яе ахоўваць належным чынам. Бо знішчаць прасцей, чым узрошчваць і захоўваць. А няма памяці — няма праблем. Вось толькі адказваць за гэта давядзецца не толькі перад сучасным пакаленнем беларусаў, але і перад мінулым і будучым.

Фота аўтаркі

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Дзіяна
  • 2018-06-22 16:46:53
Петыцыю супраць зносу каштоўных агароджаў і помнікаў можна падпісаць тут: https://petitions.by/petitions/1610