Вайсковы палігон «Брэсцкі»: безгаспадарнасць і «дарога ва Украіну»? (фотафакт)

На палігоне пад Брэстам пад «вайнушку» адвялі новыя квадратныя кіламетры бору. Абазначылі таблічкамі тыпу «Стой, страляюць!». А вось Маларыцкі лясгас абыйшоўся з пагарэлымі ўгоддзямі па-гаспадарску. Ды ці на карысць, калі будзем ваяваць з Украінай?


Што згарэла і што маем?

Летась у цёплы сезон вайскоўцы пад час вучэнняў на палігоне «Брэсцкі» выпалілі каля 2 тысяч гектараў сваіх і прылеглых тэрыторый, зарослых лесам. Пляма пажарыска працягнулася амаль да самай шашы «Брэст — пераходны пункт Макраны» на мяжы з Украінай. Высветлілася, аднак, што пляма дваістая. Палігон заняўся пры балоцістым рэчышчы Прырвы і Прылукскага канала і выгарэў з моцным заходнім ветрам, у азначаных памерах, да наступных балот перад вёскай Страдзічы. Што да маштабнага выгарання ў Маларыцкім раёне, то аўтару ўдалося выявіць, што яно здарылася з нядбайнасці брэсцкай пенсіянеркі — тая мела лецішча ў лесе ля вёскі Струга і так спяшалася на дызель, што недагасіла горбу пустазелля. Вынік — мінус 400 гектараў на суму каля 600 тысяч рублёў.

Праз год палігон і ваколіцы ўражваюць нязменнай карцінай спаленага лесу. Чорнымі мёртвымі галінамі-пальцамі пратыкаюць хвойкі ды бярозы блакіт неба. Месцамі відавочна, што лес саджаны — бачныя барозны, з якіх выраслі мёртвыя хвойкі, і ўзвышаная паласа ляснога падзолу паміж шэрагамі. На рупнасць лесніковых рук і антыпажарную задуму паказваюць таксама алеі бяроз, якія палосамі працягнуліся паміж хвойкамі.


Тэрыторыя гэтая неабгароджаная, агульнадаступная. Акрамя цэнтральнай часткі палігона — туды чалавек са здаровымі глуздамі і сам не пойдзе, бо паўсюль выбухованебяспечныя «недастрэлы», шматкіламетровыя драты-расцяжкі падрыву ад ракет. А вось закрайкі палігона звыкла абхаджваюць у сезон грыбнікі. Бліжэй да цэнтра кіравання вучэннямі і ўвогуле пасаджаны вялікі масіў лецішчаў, стаіць ферма буйной рагатай жывёлы. Прылеглыя да палігона тэрыторыі — гэта ўгоддзі, мясцовыя жыхары збіраюць тут грыбы-ягады, палююць. Таму сведкаў гэтай пагарэлай нядбайнасці сотні, калі не тысячы.

Бачаць яны і тое, што прылеглы лес на кіламетры раптам абазначылі як тэрыторыю, уваход на якую небяспечны або наўпрост забаронены. «Граница зоны безопасности», «Стой, стреляют! Проезд и проход ЗАПРЕЩЕНЫ!». Нядаўна адсыпалі дарогу цераз двухкіламетровай шырыні балацянку. Далей паабапал яе стаіць сапраўдны страявы бор, але там, аказваецца, страляюць! Прынамсі, пра гэта крычаць шыльды леваруч, калі ехаць у бок пасёлка Мухавец, цягам добрых пяці кіламетраў.


Любы чалавек, мала-мальскі знаёмы з дрэваапрацоўкай, скажа вам, што лес, дзе стралялі, прыдатны хіба толькі на слупы — пілаваць бярвенні піл не назапасішся. Дык што, (пры)палігонны двойчы забіты лес прырос новымі гектарамі?

У верасні на палігоне праходзілі маштабныя вучэнні «Славянскае братэрства». На кадрах, зробленых акрэдытаванымі журналістамі, сотні жаўнераў, дзясяткі адзінак баявой тэхнікі. На фота за насыпанымі валамі з пяску, кіламетрах у пятнаццаці — акурат мясціны, пра якія тут распавядаецца.


Нас слухаюць!

А вось маларыцкае пагарэльства мае іншую, больш шчасную гісторыю. Згарэлы лес амаль увесь спілаваны, на месцы працы відны сляды раздзелкі драўніны. Месцамі нават пасаджаны новы лес. Галоўны інжынер лясгаса Мікалай Максімук пацвердзіў: «Так, збольшага разабраліся. Прадалі пагарэлую драўніну на корані Кобрынскай ЖКГ. Яны на шчапу перапрацоўвалі, спецтэхнікай».

І не толькі гэта. Сайт лясгаса атрымаў больш прыстойны моўны выгляд. У беларускай версіі няма больш адыёзнага «ляснемся» замест «лясгас» (быў такі трагікамічны аборт гуглаўскага перакладу). Ускосныя сведчанні, што адрэагавалі на нашу крытыку — ладна ўсохлы корпус тэкстаў і адсутнасць надрадковага знака над «ў». Няйначай пасадзілі «несвядомага» кагось. Паленаваўся (паленавалася?) выцягнуць на панэль кампутара беларускі алфавіт. Ну ды хоць так. І тое вялікі крок наперад. У Беларусі прыслухаліся да недзяржаўнага выдання!


Асцярожна, не станьма Каінамі

Вярнуся на ваенныя абсягі. Адсутнасць чуйкі на гаспадарчыя страты вылучае вайскоўцаў ва ўсім свеце: вайна ж сама па сабе ненармальны стан, разбуральная дзейнасць. Але нас турбуюць найперш нашае войска, нашы вайскоўцы. Ці нашы? Куды завядзе «Славянскае братэрства»? У асаблівасці калі знакава ад удзелу ў ім адмовілася Сербія???


Нейкія падказкі чытаюцца ў ваколіцах палігона «Брэсцкі». Найперш тая, што ён прырос тэрыторыямі. Па-другое, і сугучна гэтаму: вучэнні на ім сёлета былі асабліва маштабнымі ды інтэнсіўнымі. Перад імі на палігоне вяліся аб’ёмныя будаўнічыя работы, цяжкая тэхніка давалася ў знакі лецішчанскім з іх утлымі веласіпедамі і ўзбочынай, якая і блізка не была падабенствам веладарожкі. Не буду залічваць гэта як паўнаважкі пункт, хай будзе падпоркай папярэдняму. А вось адсыпаная новая шаша цераз забалочаны лес, скіраваная ў бок Украіны, гэта вартае «па-трэцяе».

Дадам да гэтага яшчэ дзве зарубкі. Такія сама трасы адсыпаныя ў лясах на поўдзень ад Брэста, за Ракітніцай у бок Азятаў\Радванічаў. Пільныя мясцовыя жыхары распавялі: маўляў, да лецішчаў начальнікаў. Зрабіў запыт — ды не, траляваць па іх лес прызначаныя. Што ж, запраста можа быць праўдай. Ды і навошта хлусіць, — праўда можа быць спарышом, як гарэх ці сліва. Двайнога могуць быць прызначэння. Як траса М1 пад Івацэвічамі — там яна адпачатку пабудаваная як шаша, але і ўзлётна-пасадачная паласа для вайсковай авіятэхнікі на выпадак вайны. Тады, з улікам лецішчаў начальнікаў, трохпрызначанымі могуць быць тыя трасы.

Другая зарубка — гэта насыпаная, шырынёю з праспект, шаша цераз біялагічны заказнік «Альманскія балоты». У 2016 — 2018 гадах вялікая напруга была: навошта сыпаць пясок на жывое і абароненае законам балота пры існай старой дарозе? Як бы не стала непрыемнай яснасцю слова-ключ «Украіна» пры такім ваенным хаўрусніку і «славянскім браце». І што тады рабіць з Канстытуцыйнай зарукай імкнення да нейтральнасці? Хлусіць, услед за нястомным у гэтым занятку падпісантам той Канстытуцыі?


Каб засталіся нашымі, нялішне гаварыць

Днямі нечакана сустрэў у гіпермаркеце будаўнічых матэрыялаў воіна мясцовай 38-й брыгады паветрана-дэсантных войскаў. Пазнаць было зусім няцяжка: той быў у форме, а гэта значыць і ў абавязковым нацельніку, пад блакітным «блінцом» з кукардай. У руках трымаў… шпацель і рулетку. Кранула гэта мяне. «Што, будуемся?» — пытаю. «Так, лецішча», — адказвае салдацік. Вагаўся нядоўга, пытаю: «Як баявы дух? Ці не хочуць бацькі-камандзіры дэсантаваць вас ва Украіну?» «Ды не, — быў адказ. — Проста вучэнні ў нас, не больш за тое».

Але ж памятаю вайскоўцаў 38-й ПДБ на вуліцах і ў дварах Брэста два месяцы таму. У касках, бронекамізэльках, з аўтаматамі. Падпарадкоўваліся яны, як паведамілі неўзабаве СМІ, абласному міліцэйскаму начальніку. Спыніў майго сябра такі салдацік на Варшаўскім мосце, злазь, кажа, з ровара, паказвай заплечнік, пашпарт. Той не з баязлівых, хто ты такі, у адказ яму, каб мне тут патрабаванні выстаўляць. Будуць цябе яшчэ ў полі з аглобляй даганяць, пабачыш.

Праўда, прыбралі тое войска назаўтра ўжо, але ж было, было. То калі супраць сваіх вывезлі, дык на Украіну пагатоў могуць. І калі гэта аказалася папраўным, паправілі, то тое паправіць будзе нельга.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: