Працы на Вайсковых могілак праводзяцца без праекта добраўпарадкавання

Спецкамбінат КБА, які займаецца добраўпарадкаваннем некропаля ў цэнтры Мінска, не прадаставіў у Міністэрства культуры праект, згодна з якім павінны праводзіцца працы. Пра гэта стала вядома 5 ліпеня падчас пасяджэння Грамадскай назіральнай камісіі па ахове помнікаў пры Мінкульце.

Праекта няма, а дазвол ёсць

 Як паведаміў карэспандэнту “Новага Часу” сакратар камісіі Павел Каралёў, на пасяджэнні прысутнічалі прадстаўнікі спецкамбіната і святар царквы Аляксандра Неўскага, што стаіць на Вайсковых могілках.

 — Мы будзем звяртацца ў Міністэрства культуры, Мінгарвыканкам і ўпраўленне капітальнага будаўніцтва Савецкага раёна з просьбай прыпыніць працы і рабіць іх па праекце, таму што яго няма. Высветлілася, што спецкамбінат прадаставіў у Мінкульт інвентарызацыю могілак, але ж гэта не праект. Але дазвол ад міністэрства атрымаў, — распавёў пра вынікі сустрэчы Павел Каралёў.

Дазвол Міністэрства культуры на правядзенне прац

Дазвол Міністэрства культуры на правядзенне прац

 Паводле гэтага дазволу, датаванага 16 студзеня 2018 года і падпісанага першай намесніцай міністра культуры Ірынай Дрыгай, “прымаемыя навукова і метадычна абгрунтаванныя праектныя рашэнні павінны прадугледжваць безумоўнае захаванне адметных вартасцей”. Апроч таго, працы павінны праводзіцца на падставе комплексных навуковых даследванняў, якія ўключаюцца ў склад навукова-праектнай дакументацыі. Аднак калі няма нават праекта, то наіўна думаць, што нехта паклапаціўся пра даследванні. Яшчэ адзін пункт дазволу прама кажа пра тое, што праектныя рашэнні, якія могуць прывесці да навукова неабгрунтаваных змяненняў архітэктурнага аблічча гісторыка-культурнай каштоўнасці, пагаршэння візуальных умоў яе ўспрымання і страты адметных вартасцей, не могуць быць узгоднены.

Тым часам працы на могілках спецкамбінат прыпыніў (перадусім дзякуючы валанцёрам, якія штодня чысцяць і фарбуюць агароджы, вырываюць траву і ледзь не з боем змагаюцца з рабочымі за кожную магілу) і цяпер будзе рабіць дазвол на іх правядзенне. Што ж, лепш позна, чым ніколі, хаця ўсё яшчэ застаецца не зразумелым, як Міністэрства культуры магло даць дазвол на добраўпарадкаванне без праекта.



Калі магіла — гэта ўсё, што засталося

Пакуль валанцёры святкуюць маленькую перамогу і не збіраюцца спыняць свае працы, да якіх заклікаюць далучацца ўсіх ахвотных. Дапамагчы можна не толькі фізічным удзелам, але і фінансавым: каардынатары прымаюць ахвяраванні на фарбы, пэндзлі і іншы рыштунак, а таксама на экалагічную экспертызу дрэваў на могілках, якім таксама пагражае знішчэнне. Апроч таго можна далучацца да экскурсій па некропалі — бліжэйшую 9 ліпеня а 18.30 правядзе вядомы знаўца Мінска Іван Сацукевіч. Да гэтага ўжо адбыліся экскурсіі Паўла Каралёва і настаўніцы і літаратуразнаўцы Ганны Севярынец.

Апошняя, між іншым, не толькі праводзіць экскурсіі. Яна сабрала подпісы пад адкрытым лістом у Мінкульт, Мінгарвыканкам і спецкамбінат КБА, а таксама ўзялася каардынаваць працу валанцёраў. Вось і ўчора, прыйшоўшы на “аб’ект”, Ганна Канстанцінаўна найперш правяла для іх невялікі экскурс.

Ганна Севярынец праводзіць экскурсію для валанцёраў

Ганна Севярынец праводзіць экскурсію для валанцёраў

Могілкі пачыналіся ў 1840-х гадах, тут хавалі памерлых з ваеннага шпіталя на Даўгабродскай. У памяць пра загінулых на руска-турэцкай вайне тут узвялі царкву Аляксандра Неўскага. Але яе метрычныя кнігі не захаваліся, таму магілы і помнікі — адзіная магчымасць даведацца пра людзей, якія тут ляжаць. Цяпер жа, дзякуючы “добраўпарадкаванню”, якое праводзіць спецкамбінат, і яна апынулася пад пагрозай.

А яшчэ на некропалі пахавана вельмі шмат дзяцей, што загінулі ў 1930-40-х гадах. Рабочыя спецкамбіната павыдзіралі крыжы, якія ставілі іх бацькі. Цяпер ужо немагчыма ўбачыць гэтыя выведзеныя дрыжачай рукой літары, прачытаць, хто з жывых захоўваў памяць пра тых маленькіх. Замест шчымлівых радкоў засталася стэрыльная паляна з аднолькавымі бляшкамі-падгалоўнікамі, дзе толькі сухія даты — і тое не заўжды... Вось так літаральна за месяц праз чыюсьці абыякавасць (а можа, праз хабар — версія карупцыйнага складніка перадаецца на могілках з вуснаў у вусны, хаця пацверджанняў пакуль няма) назаўжды знікла памяць пра дзясяткі людзей.



На новым падгалоўніку дата смерці ўказана не цалкам. Фота Паўла Каралёва

Між тым вядома, што на Вайсковыя могілкі ўжо прыязджалі прадстаўнікі Генпракуратуры, захаваць каштоўны некропаль таксама заклікаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Фота аўтаркі

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: