Вайсковыя могілкі — гэта пра жыццё

Абарона Вайсковых могілак перарасла межы змагання за помнікі і агароджы. Цяпер гэта змаганне за права быць гаспадарамі горада і краіны і будаваць сваё жыццё так, як гэтага хочуць людзі, а не чыноўнікі.
Валанцёры, якія ўсё лета працуюць над добраўпарадкаваннем пахаванняў на Вайсковых, а таксама літаратары сабраліся ў «Арт-сядзібе», размаўлялі, чыталі вершы і прыйшлі да высновы, што могілкі – гэта не толькі месца пра смерць, але і, як ні дзіўна, пра жыццё. У выпадку Вайсковых могілак – гэта месца, дзе зарадзілася лакальная грамадзянская супольнасць.  

– Вайсковыя могілкі – незвычайны феномен у мінскім жыцці, – лічыць настаўніца, літаратарка і валанцёрка Ганна Севярынец. – Руйнаванне могілак – звычайная справа для нашага горада, тут заўсёды зносілі пахаванні, каб будаваць на іх новыя дамы, новае жыццё. Першы раз грамадства стала на абарону сваіх могілак, і на нашых вачах ствараецца прэцэдэнт, калі мы кажам пра могілкі як пра каштоўнасць сённяшняга дня. Гісторыя, жыццё і сыход людзей 1930-40-х гадоў, якія збольшага тут пахаваныя, – каштоўнасць для нас сёння. Гэта людзі, гісторыю якіх мы яшчэ не перажылі, час якіх мы яшчэ не пераасэнсавалі. Абараняючы Вайсковыя могілкі, мы абараняем сваё права на такое жыццё, якое лічым патрэбным.

Гэты некропаль аб’яднаў сяброў і ворагаў, рэпрэсаваных паэтаў і акадэмікаў і чэкістаў, ён стаў яскравым фіналам незвычайных перапляценняў лёсаў для тых, хто тут спачыў, і пачаткам для тых, хто толькі знаёміцца з яго гісторыяй.

Дарэчы, пра гісторыі. Іх Вайсковыя захоўваюць багата, да якой магілы не падыйдзі – знойдзеш цікавостку, пачынаючы ад самых вядомых «забранзавелых» класікаў заканчваючы сціплымі забытымі геніямі.
Узяць хаця б народных паэтаў. Гісторык Павел Каралёў, які арганізаваў абарону могілак, працуе ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы. Ён распавёў пра тое, як у 1962 годзе Янку Купалу хавалі (дакладней, гэта было перапахаванне) на Вайсковых. Улады пабаяліся масавай дэманстрацыі, таму пайшлі на хітрык: кожнай дэлегацыі, якая ішла на пахаванне, казалі розны час. І ў гадзіну сапраўднага пахавання, па ўспамінах Паўліны Мядзёлкі, прысутнічала ўсяго чалавек 50. Пазней Пімен Панчанка прызнаваўся, што калі пасля пахавання ім насустрач ішлі людзі, якім назвалі пазнейшы час, «нам было сорамна, мы апускалі вочы долу і казалі, што пахаванне ўжо адбылося». Тады ўлады апраўдваліся: маўляў, баяліся, што вялікі натоўп, які прыйдзе развітацца з песняром, патопча сцежкі. На што Паўліна Мядзёлка едка адказвала: «А калі хавалі Якуба Коласа ці Уладзіславу Францаўну – не баяліся патаптаць?»

У тым сапраўдным пахаванні Купалы, дарэчы, удзельнічаў паэт Уладзімір Дубоўка, але калі ў «ЛіМе» пісалі пра падзею, Дубоўку выкраслілі. Той разумеў сваю «нязручнасць» для тагачаснай улады і адказаў на цэнзуру эпіграмай.

Канешне, з магіламі класікаў на Вайсковых, дзякуй Богу, пакуль нічога рабіць не збіраюцца. Але каштоўнасць уяўляюць не толькі яны. Як справядліва зазначыла паэтка Галіна Сіўчанка, па кожным помніку тут можна напісаць кнігу, бо ён вельмі шмат можа расказаць пра чалавека. А па шэрых «квадраціках», якія ўсталёўвае цяпер Спецкамбінат КБА, ніякая кніга жыцця не ствараецца.

– Па іх можна толькі прачытаць шаблон пра тых, хто іх вынайшаў. Таму валанцёры, што працуюць на Вайсковых, робяць усім нам «прышчэпку» ад бяспамяцтва.

А Марыя Міхайлаўна Міцкевіч, унучка Якуба Коласа і Янкі Маўра, распавяла, што Колас шмат пісаў у лістах пра тое, што яго непакоіў беспарадак на могілках.

– Вайсковыя могілкі ўвайшлі ў маё жыццё, не толькі таму, што тут пахаваны Якуб Колас, але і іншыя родзічы, напрыклад, цешча Коласа, помнік якой таксама хацелі знесці. Цяпер там пахаваны і мой дзядзька, старэйшы сын Якуба Коласа Даніла Канстанцінавіч, і мая бабуля Марыя, у гонар якой мяне назвалі.

Па яе словах, сам Колас прысутнічаў на Вайсковых могілках на пахаванні маладога загінулага ад брушнога тыфу паэта Паўлюка Труса.

Марыя Міхайлаўна прачытала вершы свайго знакамітага дзеда і паведаміла, што хутка выйдзе яго паэма “Сымон-музыка” без цэнзуры.

 – У мяне ніхто не пахаваны на Вайсковых могілках, але мая 6-гадовая бабуля ў час першай бамбёжкі Мінска ў 1941 годзе хавалася тут паміж магіл. Мужчыны яшчэ казалі жанчынам здымаць белыя хустачкі, каб іх не ўбачылі. Усе тады выжылі. Такім чынам могілкі ўратавалі жыццё маёй бабулі, – распавяла яшчэ адну гісторыю «пра жыццё» валанцёрка Марыя Каленнікава.

Яшчэ адна валанцёрка і самая актыўная каардынатарка прац Кацярына Парыжаская заўважыла, што калі прыходзіць прыбіраць магілы, чытае эпітафіі і думае пра тое, з якімі пачуццямі людзі ўладкоўвалі гэтыя пахаванні.

– Я скажу словамі Паўлюка Труса: «Здзейсніць мэту і золата дум падарыць на карысць Беларусі» – вось чаму мы сюды прыходзім, – падсумавала валанцёрка.

На вечарыне таксама выступілі літаратары Кацярына Глухоўская, Вольга Маркітантава, Андрэй Хадановіч. І мяркуючы па тым, што памяшканне «Арт-сядзібы» было перапоўнена людзьмі, ёсць спадзеў, што жыццё могілак не спыніцца.

Валанцёрскія працы будуць працягвацца, актывісты непакояцца, што напачатку верасня Спецкамбінат можа аднавіць знос помнікаў. Таму ўсіх, у каго ёсць вольны час, рыштунак, фарба, альбо проста жаданне дапамагчы, чакаюць штодня на Вайсковых могілках з 9 да 20 гадзін. Сачыць за хадой прац можна на прысвечаных некропалю старонках у Фэйсбуку і Укантакце.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!