Валанцёр Ілля Міронаў, якога затрымаў КДБ, «трымаецца малайцом»

Ад 8 ліпеня знаходзіцца за кратамі гомельскі валанцёр Ілля Міронаў. Спачатку ён быў у КДБ, зараз — у ізалятары часовага ўтрымання, піша «Свабода».

Ілля Міронаў напісаў больш за 2 тысячы лістоў палітычным вязням і занёс ім у ІЧУ і СІЗА сотні кілаграмаў перадач.

«Адвакатка сказала, што, прынамсі, да канца тыдня Ілля будзе ў ІЧУ. Яна сына бачыла ў пятніцу. Сказала, што трымаецца малайцом, бадзёры і нават выспаўся, нягледзячы на тое, што ані бялізны, ані матраца яму не далі ў ізалятары. Гэта што такое наогул? Ну, вы схапілі чалавека, ён цалкам у вашай уладзе, дзеля чаго яго катаваць, прыніжаць? У мяне для сына не прынялі ваду. Я пыталася: "Як гэта так? Такая спёка! Гэта што — каб яшчэ і смагай катаваць?" Яны — сваё: "Не паложана"», — расказала маці валанцёра Валянціна Міронава.

Яна не ведае, за што затрымалі Іллю. Нічога не гаворыць і адвакатка, бо яна дала падпіску аб неразгалошванні. «Мусіць, не паспелі яшчэ прыдумаць, за што. Кватэру на ператрусе перавярнулі дагары нагамі. Што можна было знайсці ў Іллі? Канверты, лісты, паштоўкі», — дадала маці.

У гомельскім ІЧУ ад 8 ліпеня знаходзіцца таксама палітык і праваабаронца Васіль Палякоў. Жонцы стала вядома, што яго затрымалі за нібыта «акт тэрарызму».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: