Валанцёр: Сродкі абароны для медыкаў прыходзіцца шукаць па ўсёй краіне

Дзянісу Жуку 21 год, ён студэнт чацвёртага курса гістарычнага факультэта БДУ. Па размеркаванні выкладае дзецям у гістарычным гуртку, а па поклічу сэрца каардынуе валанцёрскую дапамогу медыкам у бальніцы ў Аксакаўшчыне.
Дапамога медыкам у Аксакаўшчыне. Фота прадастаўлена Дзянісам Жуком

Дапамога медыкам у Аксакаўшчыне. Фота прадастаўлена Дзянісам Жуком

Днямі стала вядома, што ў Рэспубліканскай клінічнай бальніцы медыцынскай рэабілітацыі ў Аксакаўшчыне, што ў Мінскім раёне, выяўлена некалькі выпадкаў каронавіруса сярод пацыентаў і медыкаў. Супрацоўнікі ўстановы распавялі, што аказаліся проста непадрыхтаванымі да сустрэчы з інфекцыяй: у медработнікаў не было неабходных сродкаў абароны, а пацыенты, якія калі паступалі на рэабілітацыю, не ведалі, што ў іх вірус.

Але дактары не засталіся адны ў гэтай сітуацыі, ім на дапамогу прыйшлі валанцёры, якія арганізавалі збор грошай для закупкі неабходных сродкаў індывідуальнай абароны для медыкаў. «Новы Час» пагутарыў з каардынатарам ініцыятывы #ВрачиБезЗащиты Дзянісам Жуком пра яе працу.

Дзяніс Жук. Фота: Фэйсбук

Дзяніс Жук. Фота: Фэйсбук

— Чаму вы займаецеся дапамогай менавіта бальніцы медрэабілітацыі ў Аксакаўшчыне? Цяпер існуе адразу некалькі ініцыятыў па дапамозе беларускім медыкам, кропкавая дапамога розным медустановам працуе лепш, чым аб’яднаныя высілкі?

— Шчыра кажучы, гэты рух пачаўся вельмі імкліва. Я ўбачыў фотаздымкі першых хуткіх дапамог ля бальніцы ў Аксакаўшчыне і адразу патэлефанаваў сваёй сяброўцы, якая там працуе, каб даведацца, што адбываецца. Яна паведаміла, што толькі што ў бальніцу падвезлі першых хворых. Я быў там да гэтага і бачыў абстаноўку ўнутры, а таксама пацыентаў — кволых, у большасці сваёй старых і бездапаможных людзей. І на міг я уявіў, што будзе, калі пандэмія ўспыхне ў гэтай установе — урачы проста не змогуць выратаваць і частку пацыентаў. Трэба было сабраць грошы для дапамогі як мага хутчэй і ні аб якіх аб'яднаннях тады гаворкі ісці не магло. А аб'яднанні ў большасці сваёй не могуць аказаць кропкавую дапамогу – у адрозненне ад канкрэтных суполак.

Бальніца ў Аксакаўшчыне — не інфекцыйная ўстанова: там рэабілітуюць людзей у цяжкім стане здароўя. Цяпер ёй прышлося змяняць свой профіль і для гэтага патрэбна дапамога сродкамі індывідуальнай абароны і медыцынскай апаратурай.

— Якая там цяпер абстаноўка?

— Цяпер медыкі фактычна жывуць на тэрыторыі бальніцы, працуючы пазменна цэлы дзень. Людзям страшна. Сталыя супрацоўнікі вельмі баяцца захварэць, а маладых «берагуць» на самы цяжкі перыяд. Дапамогі ад дзяржавы чакаць ім не прыходзіцца.

Пра забеспячэнне я наогул маўчу. Яшчэ тыдзень у звычайным рэжыме яны мо і працягнуць, але далей, калі мы не прывязем ім патрэбную дапамогу, усё будзе змяняцца не ў лепшы бок.

Наогул, медыкі радыя любой дапамозе — ці тое смачная ежа, ці тое супрацьчумныя касцюмы. Але адразу ж бачна, як яны радуюцца, калі прывозіш ім новыя рэспіратары. Большасць аднаразовых сродкаў абароны (маскі, пальчаткі, касцюмы) яны вымушаны кварцаваць штораз і апранаць па новай, бо чакаць штосьці ад Мінздароўя бессэнсоўна. Таму кожны наш прывоз яны сустракаюць і радуюцца, як дзеці. У такія моманты разумееш, што ты не дарэмна ў гэты час менавіта там, дзе насамрэч патрэбны.

— Якая дапамога ім цяпер найперш патрэбная?

— Перш за ўсё медыкам патрэбныя рэспіратары, бо дзякуючы ім можна заставацца як мага больш «у страі». Маскі ці абарончыя экраны везці бессэнсоўна, бо гэта не дапаможа пры штодзённым кантакце са шматлікімі хворымі пацыентамі. Таму рэспіратары — гэта тое, за што нас гатовыя расцалаваць, калі, канешне, усё скончыццы і гэта будзе магчыма. На дадзены момант мы прывезлі ў Аксакаўшчыну 150 рэспіратараў, 3 набора з танометрамі, інгалятарамі, пульсаксіметрамі, 60 абарончых акуляраў, некалькі антыфогаў і 100 абедаў, 3 кантактных і 1 бескантактны тэрмометр. Таксама ў 6-Ю ГКБ сёння прывезлі 50 абедаў і 2 абарончых шлем-экрана.

У наступны панядзек плануем прывезці некалькі скрынак крэмаў для рук, бахілы і касцюмы. Перамовы па закупках на дадзены момант вядуцца. Спадзяемся, што на ўсё хопіць грошай.

Дапамога медыкам у Аксакаўшчыне. Фота прадастаўлена Дзянісам Жуком

— Дзе вы знаходзіце неабходныя сродкі індывідуальнай абароны, якія цяпер у дэфіцыце?

— Насамрэч, прыходзіцца шукаць па ўсёй краіне. Учора, напрыклад, забралі рэспіратары з Гомельскай вобласці — спадзяемся, што там яны не будуць так патрэбныя, як цяпер у сталіцы.

Але ж калі, напрыклад, зараз у сетцы з'явяцца 100 рэспіратараў па 9 рублёў, праз 5 хвілін вы іх ужо не ўбачыце — змятуць як піражкі з паліцы. Бяруць і нізкакласавыя рэспіратары, купляюць і шлак па 42 рублі за штуку. Жудасна глядзець, як нажываюцца на чужым горы недобрасумленныя людзі, але ж купляе ў іх хтосьці і дае магчымасць гэтую спекуляцыю працягваць. Што датычыцца нас, глядзець на вялізныя кошты будзем толькі ў экстраных абставінах. А калі добра пашукаць, можна і апарат ШВЛ для бальніцы набыць — былі б грошы.

— Ці сутыкаліся вы з якімі-небудзь праблемамі, перашкодамі? Напрыклад, ведаю, што з сабраных для дапамогі ўрачам грашовых сродкаў трэба заплаціць падатак…

— Маючы невялікі досвед у гэтай сферы і спасылаючыся на свой узрост, пакуль з фіскальнымі ўстановамі негатыўных кантактаў не меў. На жаль, дзяржаўныя ўстановы пакуль не ідуць на саступкі нашай добраахвотнай справе. Перамовы з імі вядзем не мы, але ж дагрукацца да іх спрабуюць. Спадзяюся, што ў канцы гэтага цяжкага перыяду фіскальныя службы зробяць для нас выключэнне, бо цяпер часткова мы выконваем справу адной з дзяржаўных устаноў.

— Людзі, якія вам дапамагаюць, — хто яны?

— У нашай камандзе каля 20 валанцёраў. Але ж не ўсе яны задзейнічаны па прычыне працы ці іншых уласных абставінаў. Працуюць у нас рабяты розных прафесій: ад прадстаўнікоў авіяібізнесу да школьнай адукацыі. Але ж галоўнае, што ўсе мы гарым адной мэтай – дапамагчы бліжняму ў цяжкай сітуацыі. Мы ўсе выйшлі з валанцёрскай сферы, таму хранічны актывізм у сінтэзе з дабрачыннасцю ў нас ужо ў крыві.

— А ўвогуле, наколькі актыўна людзі адгукаюцца і ахвяруюць грошы, час, іншыя рэсурсы?

— Калі казаць сумленна, людзі ў нас добразычлівыя. І, як бы ні казалі пра скупасць ці меркантыльнасць як часткі нашага менталітэта, гэта хлусня. А медыкаў простыя людзі заўсёды любяць. І калі ў наш час бачыш на вокладцы сусветна вядомага часопіса «Тайм» фотаздымак італьянскага анэстэзіёлага, пачынаеш разумець, што эпоха герояў ваенных і паліцэйскіх сыходзіць у небыццё, а іх месца займае ўрач.

— А як вы самі ўцягнуліся ў гэты праект, чаму ўзяліся каардынаваць яго?

— Мяне заўсёды цягнула ў грамадскія ініцыятывы — журналістыка (на дадзены момант я пазаштатны супрацоўнік медыяпартала ТUT.BY) ці сацыяльныя праекты (дабрачыннасць, а таксама 100/101 і 102-кіламетровыя забегі ў гонар нараджэння БНР).

Для мяне кожны ўласны дзень — гэта 100 % нерастрачанага ККД. І пражываць дзень, не патраціўшы хаця б палову гэтай энергіі, для мяне вельмі непрыемна. Таму і знаходзяцца заўсёды сілы на розныя праекты — напрыклад, месяц таму я праводзіў дабрачынныя фотасеты ў дапамогу бяздомным сабакам з прытулка. Карацей кажучы, энерджайзер працуе — была б добрая каманда побач і разуменне агульнай мэты. А сілы ўжо дзесьці на шляху падхопім.

— Але ж гэта нялёгкая праца. Не сутыкаліся з выгараннем?

— Выгараць у гэтай сферы нельга. Бо цябе заўсёды цягне наперад адчуванне таго, што людзям, якім ты зараз шукаеш дапамогу, значна цяжэй, чым табе.

І мы знойдзем усё патрэбнае для нашых дактароў. Патрэбна будзе — і ў іншы канец краіны па гэта паедзем. Але ж выратаванне чалавецтва цяпер ляжыць на плячах такіх жа людзей, як мы.

З нашымі ўрачамі мы жывем у адным доме, у адным аўтобусе едзем на працу, разам стаім у чарзе ў краме. Але ж цяпер яны — не проста людзі, гэта героі, у неабароненых руках якіх знаходзіцца наш агульны лёс. Дык давайце ж зробім разам так, каб гэтыя рабяты заўсёды адчувалі сабе, як рыбкі ў прыветным моры рэспіратараў, касцюмаў, масак, бахіл і пальчатак! Хтосьці скажа, гэта немагчыма, але ж толькі недальнабачны чалавек можа з упэўненасцю казаць, што ў жыцці ёсць штосьці немагчымае.

Калі вы хочаце дапамагчы медыкам, можна перавесці сродкі на платформе MOLAMOLA, а таксама на наступныя рэквізіты:

Банк атрымальніка: BLBBBY2XXXX
BELINVESTBANK JSC
MINSK BY
Атрымальнік: BY41BLBB30141200000004071030
Банк-карэспандэнт: OWHBDEFFXXX
VTB BANK (EUROPE) SE
FRANKFURT AM MAIN DE
(Via CITIUS33XXX)


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: