Валанцёру штаба Бабарыкі налічылі 115 тысяч рублёў шкоды. Ён нават не разумее, у чым яго вінавацяць

У судзе Фрунзенскага раёна Мінска раніцай 9 лютага пачаўся працэс над кіраўніком Ruin Bar ОК16 і валанцёрам выбарчага штаба Віктара Бабарыка Лявонам Халатранам. Справу разглядае суддзя Юлія Блізнюк, пазіцыю дзяржаўнага абвінавачвання падтрымлівае старэйшы памочнік пракурора Павел Папкоў.


Лявон Халатран быў затрыманы 11 жніўня 2020 года і моцна збіты, нагадвае «Вясна». Спачатку яго абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — «Удзел у масавых беспарадках», аднак у снежні абвінавачванне перакваліфікавалі на ч. 1 арт. 342 КК — «Групавыя дзеянні, груба парушаючыя грамадскі парадак».

Лявон Халатран жанаты, у яго ёсць маленькі сын. Раней да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся. Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала Лявона Халатрана палітычным вязнем.

У судзе забаранілі відэа і фотаздымку, хаця абвінавачваны быў не супраць. Лявон Халатран хадайнічаў аб вяртанні справы ў пракуратуру для выпраўлення граматычных і пунктуацыйных памылак, аднак суддзя такое хадайніцтва не задаволіла.

Згодна з абвінавачваннем, Лявон Халатран прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеннях ў ноч з 9 на 10 жніўня, якія пацягнулі грубае парушэнне грамадскага парадку, а менавіта публічна заклікаў людзей да такіх дзеянняў праз інтэрнэт, перакрываў дарогі па вуліцах Багдановіча-Машэрава і Куйбышава-Машэрава ў Мінску, перашкаджаў руху транспарта, выкрыкваў лозунгі, гучна пляскаў у далоні. Нанесеная нібыта Лявонам шкода Мінсктрансу складае 115 000 рублёў.

Сваёй віны Лявон Халатран не прызнае.

У судзе хацелі дапытаць жонку Лявона — Яну Смаляга, але яна адмовілася сведчыць супраць мужа.

Суд дапытаў самаго Лявона. Ён сцвярджае, што ніякіх супрацьпраўных дзеянняў не здзяйсняў, а 11 жніўня яго груба затрымлівалі супрацоўнікі ГУБАЗіК. Па словах палітвязня, 9 жніўня ён прачнуўся, пайшоў галасаваць, пасля паехаў у штаб Віктара Бабарыкі, у мітынгах удзелу не прымаў. Лічыць, што абвінавачванне звязанае з яго ўдзелам ў ініцыятыўнай групе Віктара Бабарыкі.

Калі Лявона затрымалі, то адвезлі ў ГУБАЗіК, дзе паставілі да сцяны, рукі скруцілі за спіной хамутамі, пачалі збіваць. Міліцыянеры прасілі аддаць пароль ад тэлефона, каб яны спынілі збіццё — Лявон даў пароль.

На Акрэсціна ў ІЧУ палітвязень прасіў зняць пабоі, аднак медыцынскі агляд адбыўся толькі праз два тыдні. Пасля ў медыцынскіх дакументах адсутнічала фатаграфія ілба, дзе была буйная драпіна.

На працэсе былі дапытаныя сведкі. Марыя Грышчанка распавяла, што гуляла ў ноч з 9 на 10 жніўня па вул. Машэрава і Старажоўская, але Лявона не бачыла.

Яшчэ адна сведка Таццяна Бабчонак з палітвязнем не знаёмая, але мабільны тэлефон, зарэгістраваны на яе імя, быў знойдзены ў Лявона пры затрыманні. Жанчына кажа, што тэлефонам карысталася яе дачка Паліна, якая таксама была затрыманая 11 жніўня.

Дзяржабвінаваўца зачытаў раздрукоўкі тэлефонных перамоваў розных людей, у іх няма ніякіх пацверджанняў вінаватасці Лявона Халатрана, ён увогуле не з'яўляецца ўдзельнікам часткі размоў.

У судзе аб'яўлены перапынак да 16 лютага.

Адвакат валанцёра штаба Бабарыкі Лявона Халатрана Уладзімір Пыльчанка пракаментаваў вынікі першага дня судовага працэсу:

— Абвінавачванне, як казаў мой падабаронны, складзена такім чынам, што зразумець яго сэнс практычна немагчыма. Лявон прасіў суд у адпаведнасці з КПК растлумачыць сутнасць таго, у чым яго абвінавачваюць. Абвінавачванне складаецца з чатырох старонак, з іх тры — гэта суцэльны тэкст з адной кропкай. У гэтай грувасткай лексічнай канструкцыі зразумець, што мелася на ўвазе, вельмі складана любому чалавеку. Да канца Лявон не разумее, у чым ён абвінавачваецца. Абарона таксама спрабуе расшыфраваць, у чым яго абвінавачваюць.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: