Валанцёры просяць міліцыю разабрацца з жывадзёрам у Жыткавічах

У некалькіх групах ва «Укантакце» сталі з'яўляцца фатаграфіі катоў — спачатку жывых, а затым мёртвых з правакацыйнымі подпісамі: «Пакараць смерцю ці памілаваць?» Адзін з карыстальнікаў, убачыўшы такі пост, звярнуўся ў міліцыю, другі у пракуратуру, піша tut.by.

«У Жыткавічах фармуецца група па зачыстцы горада ад бадзяжных жывёл. Не праходзьце міма, зробім разам наш горад больш чыстым. Зробім унёсак у развіццё нашага горада і ўкладзём часцінку дабрыні. Уступайце ў нашы шэрагі па адлове і адстрэлу сабак і катоў», — такі запіс з'явіўся нядаўна ў групе ва «Укантакце» Жыткавічы Online.

Пост пра тое, што выезд «на адстрэл хутка, трэба дапамагаць людзям», з'явіўся 19 студзеня. Некаторыя карыстальнікі забілі трывогу: у групах сталі выкладваць здымкі спярша жывых катоў, а затым іх жа, толькі ўжо мёртвых. Людзі, якія заклікаюць да расправы над жывёламі, пішуць паведамленні: «Я злавіў ката. Караць або памілаваць? Адрэжу галаву і відэа табе прышлю».

— Калі ўбачыла ўсё гэта, у той жа дзень, 6 студзеня, звярнулася ў міліцыю па электроннай пошце. У нас у краіне ёсць артыкул за жорсткае абыходжанне з жывёламі, такімі заклікамі людзі просяць парушаць закон. Наколькі я ведаю, ніхто не можа праводзіць адлоў ці адстрэл жывёл без спецыяльнага дазволу, — распавядае TUT.BY жыхарка Барысава Кацярына.

Яна кажа, гэта тэма для яе вельмі важная, таму не магла прайсці міма, хоць гаворка ідзе пра Жыткавічы, а сама яна жыве ў Барысаве.

— Пакуль адказ з міліцыі не атрымала, планую падысці ў аддзяленне і яшчэ раз напісаць заяву, — дадае Кацярына.

Карыстальнікі груп Жыткавічы Online, Жыткавічы ТYТ так бурна высвятляюць паміж сабой адносіны і «праклінаюць ад душы», што адзін з хлопцаў, якога як раз і хочуць прыцягнуць за жорсткае абыходжанне з жывёламі, паведаміў: ён сам напісаў заяву ў міліцыю. Мабыць, пасля тых абразаў, якія пасыпаліся на ягоны адрас. Але як стала вядома TUT.BY, у праваахоўныя органы ён не звяртаўся.

— Учора анлайн адправіла зварот у пракуратуру, не ведаю, разгледзяць яго ці не, — распавядае мінчанка Алена. — У групе валанцёраў прачытала, што можна скардзіцца на карыстальнікаў, якія заклікаюць да гвалту над жывёламі. Пасля нашых скаргаў некаторыя групы заблакавалі, але з'явіліся новыя і пайшлі яшчэ далей ... Таму папрасіла пракуратуру прыцягнуць тых, хто падбухторвае да гвалту і жорстка абыходзіцца з жывёламі.

Як паведаміў TUT.BY афіцыйны прадстаўнік УУС Гомельскага аблвыканкама Віталь Прыстромаў, міліцыя ў курсе гэтай сітуацыі. Заява Кацярыны было перададзена ў Жыткавіцкі РАУС, да яе былі далучаны матэрыялы, размешчаныя ва «Укантакце».

— Зараз у рамках крымінальна-працэсуальнага заканадаўства супрацоўнікі Жыткавіцкага РАУС праводзяць праверку. Папярэдне ўстаноўлена асоба аднаго з тых, хто выяўлены на фотаздымках. Каб зняць усе інсінуацыі, скажам: гэта не падлетак, гэта дарослы чалавек, і з ім ужо працуюць супрацоўнікі міліцыі, — удакладніў Віталь Прыстромаў.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: