Валанцёры — састарэлым і людзям з інваліднасцю (фота)

У Кобрыне 29 чэрвеня адбылася валанцёрская акцыя па добраўпарадкаванні тэрыторыі Кобрынскага псіханеўралагічнага дому-інтэрнату для састарэлых і людзей з інваліднасцю.

У акцыі, арганізаванай амбасадай ЗША ў Беларусі, прынялі ўдзел грамадскія актывісты з Брэста, Кобрыну і Пінску — выпускнікі праграмы прафесійна-культурнага абмену «Сувязі супольнасцяў» (Community Connections). 

Валанцёры абрэзалі кустоўе, высадзілі саджанцы раслінаў, разбілі дэкаратыўныя кветнікі, пафарбавалі альтанкі і падрыхтавалі пляцоўку для бочэ (італ.bocce) — спартовая гульня на дакладнасць, не блытаць з боча (італ. boccia) — паралімпійскі від спорту (адаптаваная гульня для людзей з дзіцячым цэрэбральным паралюшам і з парушэннямі апорна-рухальнага апарату).

Затым валанцёры завіталі ў госці да Ніны Главацкай — гаспадыні адной з лепшых на Беларусі аграсядзібаў «Палескія традыцыі», што месціцца ў вёсцы Андронава. Спадарыня Ніна пазнаёміла сваіх гасцей з гісторыяй і працай аграсядзібы па захаванні старадаўняй культуры мяцовых жыхароў і пачаставала валанцёраў палескімі напоямі і прысмакамі. 

Адзін з удзельнікаў акцыі, лекар дому-інтэрнату Павел Руткоўскі, у 2008 годзе стажыраваўся ў амерыканскім штаце Вермонт па праграме сацыяльнай інтэграцыі людзей з інваліднасцю. Гэтая стажыроўка пазнаёміла беларускага доктара з прафесійным вопытам амерыканскіх калегаў, што спадар Павел выкарыстоўвае ў сваёй практычнай дзейнасці. Паводле Паўла Руткоўскага, дом-інтэрнат, дзе ўтрымліваецца 300 пацыентаў, дзейнічае з 1978 года. 

Офіс Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці ў Беларусі (USAID/Belarus) з 1997 года аб’яўляе конкурс на ўдзел грамадзянаў краіны ў праграме прафесійна-культурнага абмену «Сувязі супольнасцяў». За 22 гады дзейнасці гэтай праграмы ў Беларусі ёй скарысталіся больш за 1 тысяча прафесіяналаў у розных галінах. Стажоры знаходзяцца ў ЗША 22 дні. За гэты час адбываецца знаёмства з амерыканскімі калегамі па працы і экспертамі, з традыцыямі мясцовай культуры. Пры гэтым стажоры ўдзельнічаюць у валанцёрскіх справах і жывуць у амерыканскіх сем’ях. Амерыканскі бок бярэ на сябе ўсе выдаткі праграмы, у тым ліку на пералёты беларускіх стажораў у ЗША і Беларусь, на іхнае медычнае страхаванне і суправаджэнне перакладчыкамі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: