Валер Карбалевіч: Пасіянарны выбух 2020 года — форма нацыянальна-вызвольнага руху

Радыё Свабода звярнулася да 21 беларускага інтэлектуала з просьбай падзяліцца бачаннем і разуменнем падзеяў 2020 года, адказаць у шырокім сэнсе на пытанне «Што гэта было?». Сёння вашай увазе — адказы палітолага Валера Карбалевіча.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева


1. Галоўная прычына рэвалюцыйнага выбуху палягае ў тым, што беларуская сацыяльная мадэль, створаная Аляксандрам Лукашэнкам чвэрць стагоддзя таму, вычарпала свой рэсурс, стала тормазам развіцця. Больш за тое, развіццё — пагроза яе выжыванню.

2. «Беларуская вясна» 2020 года — гэта рэвалюцыя чаканняў, якія растуць. За 26 гадоў кіравання Лукашэнкі адбылася змена пакаленняў. Памянялася структура эканомікі і сацыяльная структура грамадства. Пабольшала людзей, якія працуюць у прыватных структурах. Сацыялагічныя апытанні паказваюць, што беларусы сталі адным з самых прарынкавых народаў Еўропы. А антырынкавая сацыяльная мадэль засталася старой.

Новыя тэхналогіі, стварыўшы сучасныя сектары эканомікі, у прыватнасці ІТ-галіну, спарадзілі работнікаў з іншымі каштоўнасцямі і ладам жыцця. Тэхгалогіі стымулявалі канфлікт, стылістычны разрыў паміж людзьмі, якія жывуць у лічбавай сферы, з гарызантальна арганізаванай сеткавай культурай, і дамінантнай у краіне аўтарытарнай, іерархічнай кіроўнай вертыкаллю.

3. У Беларусі сёння мы маем мадэрнізаванае грамадства, арыентаванае на перамены, якое хоча вызваліцца ад дзяржаўнага патэрналізму, і ўладу, якая кансервуе status quo. Грамадства перарасло дзяржаву, яму стала цесна ў яе рамках.

4. Беларуская сацыяльная мадэль была заснаваная не на даверы грамадства да палітычных інстытутаў, а на даверы да Лукашэнкі. Легітымнасць рэжыму шмат у чым грунтавалася на асабістай харызме кіраўніка дзяржавы. А крызіс даверу да яго прывёў да вострага палітычнага крызісу.

5. Вынікам апошніх падзеяў стала дэсакралізацыя ўлады як такой. Яна страціла маральны аўтарытэт. У Беларусі дасюль дзяржаўныя інстытуты былі адзінай змацоўкай, якая аб’ядноўвала беларусаў у агульны соцыум. Іншыя механізмы — кшталту нацыі, грамадзянскай супольнасці — былі слабыя. Цяпер дзяржава адмовілася выконваць гэтую функцыю. Улады ўзялі курс на раскол грамадства, папраўдзе абвясцілі грамадзянскую вайну большасці сваіх грамадзянаў. Цяпер дзяржава, уключыўшы на поўную магутнасць механізм рэпрэсіяў, большасцю грамадства ўспрымаецца як небяспека.

6. За некалькі месяцаў адбылася паскораная сацыялізацыя грамадства. Абываталі раптам ператварыліся ў грамадзянаў. Народ стаў палітычным суб’ектам, чаго ніяк ня хоча прызнаваць рэжым.

7. За некалькі месяцаў у Беларусі была створаная гарызантальная інфраструктура грамадзянскай супольнасці. Мадэль карпаратыўнай дзяржавы зазнала моцную эрозію. Карпарацыі, створаныя дзяржаваю (ФПБ, БРСМ, «Белая Русь» і інш.), у момант вострага крызісу выявіліся недзеяздольнымі. Замест іх стыхійна паўсталі самаарганізаваныя супольнасці дамоў, мікрараёнаў, прафесійныя супольнасьці («Белыя халаты», чаты спартоўцаў і інш.). Гэты працэс у значнай меры адбываецца на базе лічбавых платформаў.

8. Пратэсты 2020 года сталі важнай праявай завяршэння працэсу станаўлення беларускай нацыі. У процівагу рэжыму, які апелюе да савецкай традыцыі, пратэставае грамадства ўзяло на ўзбраенне традыцыйныя нацыянальныя сімвалы: бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». На іх аснове фармуецца новая (несавецкая) беларуская ідэнтычнасць. Пасіянарны выбух беларускага соцыуму — гэта своеасаблівая форма нацыянальна-вызвольнага руху.

9. Беларускі пратэставы выбух нанёс скрышальны ўдар па апошняй постсавецкай утопіі. Ён разбурыў праект, заснаваны на ілюзіі, што можна забяспечыць развіццё краіны без дэмакратычнай трансфармацыі, кансервуючы асноўныя элементы савецкага мінулага. Яго можна разглядаць як апошняе рэха рэвалюцыяў 1989–1991 гадоў.

10. Ранейшымі метадамі Лукашэнка ўлады не ўтрымае. Складаецца сітуацыя, якую класік рэвалюцыі апісаў формулай: вярхі не могуць кіраваць па-старому. Гэта азначае, што аўтарытарны рэжым у Беларусі, каб выжыць, павінен стаць больш жорсткім і недэмакратычным, чым раней.

11. Культ голага гвалту больш за ўсё характарызуе няздольнасць кіроўнага рэжыму адаптавацца да новай рэальнасці. Рэжым не мае ніякага наратыву будучыні, акрамя захавання status quo, заснаванага на гвалце і страху. Лукашэнка нават не разумее неабходнасці такога наратыву.

12. Цана навядзення парадку сілавым спосабам ужо вельмі высокая і надалей расце.

У супрацьстаянні рэжыму з пратэстамі адбыўся дэфолт дзяржаўных функцыяў. Гэта значыць, дзяржаўныя ўстановы перасталі выконваць свае абавязкі.

Фактычна разбураецца замежная палітыка Беларусі, краіна губляе сваю міжнародную субʼектнасць.

Цалкам разбураная прававая сістэма і інстытуты правасуддзя, без чаго немагчымае існаванне паўнавартаснай сучаснай дзяржавы.

У краіне паслядоўна руйнуюцца структуры бізнесу, культуры (Купалаўскі тэатр), спорту, падазраваныя ў нелаяльнасці кіроўнаму рэжыму. Улады ахвяравалі міжнацыянальным мірам у краіне, пачаўся пераслед польскай нацыянальнай меншасці.

Такім чынам, дзяржава пазбаўляецца ад уласных функцыяў, пакідаючы толькі тыя, якія забяспечваюць захаванне ўлады, то-бок карныя. Адбылася рэдукцыя дзяржавы да палітычнага рэжыму.

Вельмі паказальна, што многія прадстаўнікі сілавых структураў дзейнічаюць ананімна. Гэта значыць, яны не падобныя да людзей, што дзейнічаюць ад імя дзяржавы, якая валодае манаполіяй на гвалт. Гэтыя людзі больш нагадваюць нейкую прыватную вайсковую кампанію (кажучы рускай мовай, ЧВК) Лукашэнкі.

13. Аляксандр Лукашэнка, які чвэрць стагоддзя быў гарантам стабільнасці, цяпер, як гэта ні парадаксальна, стаў адным з асноўных фактараў дэстабілізацыі беларускага грамадства.

14. Дагэтуль Лукашэнка апеляваў да народу паўзверх усіх дзяржаўных інстытутаў і наменклатуры, і яго рэжым аднаасобнай улады трымаўся на народнай падтрымцы. Цяпер, калі грамадскае падтрыманне знікла, ён вымушаны спадзявацца на дзяржаўны апарат. Гэта азначае, што роля, палітычная вага наменклатуры ўзрастае. Яна можа ператварыцца ў субʼект палітыкі. Пра гэта сведчаць, напрыклад, крокі Лукашэнкі да падвышэння ролі і паўнамоцтваў Савету бяспекі.

15. Беларусь увайшла ў перыяд перманентнага сацыяльна-палітычнага крызісу, які няможна вырашыць у рамках існага палітычнага рэжыму. Мы атрымалі расколаты, траўмаваны соцыум.

16. Перанасычэнне аўтарытарызмам лукашэнкаўскага тыпу прывяло да таго, што ківач грамадскіх настрояў моцна хіснуўся ў іншы бок. За 27 гадоў кіравання Лукашэнкі ў краіне адбылася антыаўтарытарная вакцынацыя, выпрацаваліся «антыцелы» супраць дыктатуры, праўнай сваволі, патэрналісцкай дзяржавы. Беларусь даспела да паўнавартаснай рынкавай эканомікі і дэмакратыі ліберальнага тыпу. На парадку дня перазаснаванне дзяржавы на новых прынцыпах.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: