Валерый Карбалевіч: Дзяржаўнае кіраванне па-беларуску — гвалт ператвораны ў культ

«Гвалт зрабіўся не проста асноўным, а фактычна адзіным інструментам палітыкі, дзяржаўнага кіравання. Прычым улады гэтага не саромеюцца, не хаваюць, не апраўдваюцца, а робяць дэманстратыўна, напаказ, з задавальненнем. Чысты гвалт, без усялякіх прымешкаў», — піша Валерый Карбалевіч у сваім блогу на «Свабодзе».

У сённяшняй Беларусі гвалт перастаў выконваць рацыянальную ролю (напрыклад, каб прадухіліць новыя пратэсты), а ператварыўся ў культ, рытуал, стаў элементам дзяржаўнай дактрыны.

Гвалт як дадатковы чыннік у дзейнасці любой дзяржавы ў Беларусі зрабіўся не проста асноўным, а фактычна адзіным інструментам палітыкі, дзяржаўнага кіравання.

У вядомым фільме часоў гарбачоўскай перабудовы «Пакаянне» аднаго з герояў, ахвяру сталінскіх рэпрэсій, абвінавацілі ў змове з мэтай пракапаць тунель «ад Бамбея да Лондана». Гэтая кіношная мэтафара павінна была паказаць увесь абсурд тых часоў. Хоць тагачаснае жыццё давала шмат рэальных падобных прыкладаў. Калі, напрыклад, чалавека прызнавалі шпіёнам адразу некалькіх замежных выведак, іншы раз да дзясятка.

І мала хто думаў, што тыя часы прававога абсурду вернуцца ў сучаснай Беларусі. Пра кур’ёзныя абвінавачванні апошніх месяцаў можна напісаць цэлую кнігу. Возьмем толькі апошнія выпадкі. Людзей судзілі за шкарпэткі не таго колеру, за «няправільную» песню, за тое, што сабраліся ў саўну ў Жодзіне. Пэўна, нашы нашчадкі з такім жа здзіўленнем будуць успамінаць пра сённяшнюю беларускую кафкіянскую рэальнасць, як мы пра 1937 год.

Яшчэ адна аналогія з тымі часамі — гэта стаўленне да палітвязняў. Ім створаны значна горшыя, часта невыносныя ўмовы ўтрымання, чым зладзеям, бандытам, гвалтаўнікам. У сталінскім ГУЛАГу таксама крымінальнікі мелі значныя льготы ў параўнанні з «палітычнымі». Больш за тое, была прапанавана цэлая канцэпцыя, што крымінальнікі — гэта «сацыяльна блізкія», бо яны рабоча-сялянскага паходжання, таму, адрозна ад «ворагаў народу», могуць «перакавацца».

І сённяшняя рыторыка дзяржаўных медыя нагадвае рэзалюцыі мітынгаў 1937 году.

Для ўсіх стала нечаканасцю, як краіна ў цэнтры Еўропы ў ХХІ стагоддзі можа хутка і раптоўна праваліцца ў амаль стогадовую даўніну. Трэба было здарыцца падзеям мінулага года, каб змыць з вобразу рэжыму ўсю вонкавую рэспектабельнасць, агаліць існасць.

Пазбаўленне званняў 86 былых вайскоўцаў — таксама важны сімвалічны знак, які адлюстроўвае эвалюцыю беларускай улады. Гэта не толькі помста сілавікам у адстаўцы, але і папярэджанне, запужванне дзейных. Пры гэтым заўважце: рэжым прывязвае да сябе сілавікоў не дадатковымі стымуламі (для гэтага няма рэсурсаў), а толькі страхам пакарання.

Гвалт як дадатковы чыннік у дзейнасці любой дзяржавы ў Беларусі зрабіўся не проста асноўным, а фактычна адзіным інструментам палітыкі, дзяржаўнага кіравання. Прычым улады гэтага не саромеюцца, не хаваюць, не апраўдваюцца, а робяць дэманстратыўна, напаказ, з задавальненнем. Чысты гвалт, без усялякіх прымешкаў. Гэта тое, што, напрыклад, робяць з палітычнымі зняволенымі.

У былыя эпохі пакаранне злачынцаў адбывалася на плошчах. Каб запужаць іншых, навучыць людзей жыць па правілах, законах. Дык вось, здаецца, у сённяшняй Беларусі гвалт у нейкім сэнсе перастаў выконваць нейкую рацыянальную ролю (напрыклад, каб прадухіліць новыя пратэсты), а ператварыўся ў культ, рытуал, ён стаў ідэалагічным падмуркам, асноўным элементам дзяржаўнай дактрыны, нейкай новай рэлігіяй. Хто сумняваецца — паглядзіце, як ацэньваюць апанентаў дзяржаўныя СМІ. Беларусь стала нейкім палігонам для вяртання старых тэхналогій мінулых вякоў.

 



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: