Вандалізм у Курапатах: каго зробяць крайнім?

Паводле сведчанняў адказнага сакратару ўправы сойму КХП БНФ Алеся Чахольскага, 8 лютага побач з Курапатамі была затрыманая група маладзёнаў. Аднаго з іх трымалі пад вартай некалькі дзён і прымушалі даць прызнальныя паказанні што да знішчэння «лавы Клінтана».

Алесь Чахольскі паводле просьбы маладога чалавека не называе ягонае прозвішча. Вядома, што хлопцу 18 год і ён выпускнік мінскай гімназіі.

Згодна з словамі Алеся Чахольскага, у той дзень прыблізна аб 11.00 у Курапаты прыйшоў малады чалавек М., каб правесці экскурсію дзвюм дзяўчынам і распавесці ім пра гісторыю мемарыялу, а таксама пра тое значэнне, якое Курапаты маюць для Беларусі. Калі яны ўжо збіраліся сыходзіць, пабачылі непадалёк двух чалавек у спартовай форме, якія пачалі іх пераследаваць. Маладзёны падумалі, што гэты хуліганы і, калі зайшлі ў падземны пераход, вырашылі ад іх збегчы. Аднак пераследнікі пабеглі за імі і напалі. Падчас абароны адна з дзяўчынаў пырснула нападніку ў твар пярцовым газам з балончыку. Толькі пасля гэтага нападнікі закрычалі, што яны з міліцыі і здзяйсняюць затрыманне, пры гэтым свае пасведчанні не паказалі.

Усіх прывезлі ў Бараўлянскі аддзел міліцыі. Дзяўчат адпусцілі бліжэй да 19:00, а маладога чалавека М. трымалі ажно да 10 лютага. У яго правялі ператрус, забралі кампутар, тэлефон, пару абуткаў. Алесю Чахольскаму ён паведаміў, што падчас трымання пад вартай на яго ўвесь час ціснулі, ударылі нават у твар, перавералі на паліграфе, выбівалі з яго паказанні, што нібы гэта ён знішчыў «лаву Клінтана». Аднак паперу з прызнаннем ён не падпісаў.

Алесь Чахольскі ў камэнтары «Новаму Часу» наўпрост звярнуўся да пракурора Мінскай вобласці з патрабаваннем расследаваць гэты інцыдэнт:

«Спадар Алег Лаўрухін, вазьміце гэтую справу на асабісты кантроль, высвятліце, чаму здзейсненыя парушэнні правоў гэтых маладых людзей, і ці маецца перавышэнне службовых паўнамоцтваў супрацоўнікаў міліцыі. Праз гэтыя дзеянні ствараецца сітуацыя, што любога, хто прыйдзе ў Курапаты, могуць зараз абвінаваціць у вандалізме і затрымаць. Спадар Пракурор, патрабую аднавіць дзеянне заканадаўства, спадзяюся, што Вы стаіце на баку Закону. Лічыце гэта маім персанальным зваротам, як кіраўніка грамадскай дырэкцыі Народнага мемарыялу Курапаты».
Таксама Алесь Чахольскі распавёў, што быў дапытаны ў якасці сведкі ў Следчым камітэце, аднак з ягоных словаў у справе раскрыцця злачынства што да знішчэння «лавы Клінтана» пакуль зрухаў няма:

«Ужо мінуў больш за тыдзень, як я быў дапытаны. Я надаў следству прозвішчы і тэлефоны людзей, у тым ліку тых, хто бачыў патэнцыйнага злачынцу. Паводле іх сведчанняў можна скласці фотаробат і вызначыць прыкметы. Аднак ніякіх следчых дзеянняў з гэтымі людзьмі не адбываецца, іх не апытваюць. Я лічу гэтае наўмысным зацягваннем, мажлівай спробай схаваць сапраўдных злачынцаў».

1 лютага 2019 года невядомыя разбілі «лаву Клінтана» ва ўрочышцы Курапаты на некалькі кавалкаў. Праз некалькі дзён гэтыя кавалкі былі разбітыя на больш за 14 фрагментаў. Як стала вядома, 8 лютага па першым факце пашкоджання Мінскі раённы аддзел Следчага камітэту пачаў крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 344 КК Беларусі (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне гісторыка-культурных каштоўнасцяў або матэрыяльных абʼектаў, якія маюць адметную духоўную, мастацкую ці дакументальную вартасць і адпавядаюць аднаму з крытэраў адбору матэрыяльных аб’ектаў для надання ім статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці) — прадугледжвае пакаранне ад грамадскіх працаў да трох гадоў зняволення.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!