Вандруем танна па Еўропе: выбіраем дату, краіну і візу

Жадаеце нядорага павандраваць па Італіі, выправіцца ў круіз па Балтыйскаму мору, злётаць на выходныя ў Данію ці аб’ехаць Нідэрланды на ровары? Мы параім, як бюджэтна арганізаваць падарожжа.


Плануем паездку

Здаецца, што ў Еўропе ёсць некалькі краін, куды паехаць за нядорага наўрад ці атрымаецца. Напрыклад, у Швейцарыю не лётаюць лоўкосты, а ежа ў Ісландыі нават у супермаркеце каштуе нішто сабе. І ў абедзвюх краінах вельмі дарагое жытло. Але нават і туды можна адправіцца ў падарожжа бюджэтна. Важна запланаваць паездку загадзя, напрыклад, за тры месяцы да вандроўкі. У ідэале, каб гэта быў не ліпень-жнівень і не апошнія тыдні снежня — пачатак студзеня, а таксама не святочныя дні. Бо ў гэты час кошты на транспарт і жытло могуць істотна падняцца. Таксама важна раптоўна не трапіць на буйныя спартовыя ці культурніцкія падзеі кшталту Алімпійскіх гульняў, Чэмпіянату свету па футболе, Лігі чэмпіёнаў ці Еўрабачання.

Цяпер засталося выбраць краіну, а з ёй — даведацца ці патрэбна туды віза і як яе атрымаць.


Куды віза не патрэбна, а з якой можна вандраваць амаль па ўсёй Еўропе

Для беларусаў віза не патрэбна ва ўсе краіны СНД, а таксама ў Грузію, Украіну, Турцыю і Сербію. Апрача іх ёсць яшчэ ўмоўна бязвізавыя дзяржавы. Гэта Чарнагорыя і Македонія (пры наяўнасці запрашэння альбо ваўчара), і Албанія, куды можна трапіць без візы з 1 красавіка па 31 кастрычніка. У астатнія краіны Еўропы для грамадзян Беларусі яе трэба будзе атрымаць.

З наяўнасцю дзейнай шматразовай Шэнгенскай візы беларусам можна знаходзіцца ў любой краіне Еўропы апрача Вялікабрытаніі і яе валоданняў (акрамя Гібралтару, але з умовамі), Ірландыі, Фарэрскіх выспаў і Грэнландыі. То-бок, калі вы збіраецеся нават у Харватыю, Кіпр ці Румынію, і ў вас няма адпаведнай нацыянальнай візы, але ёсць дзейны мультышэнген, то вас прапусцяць.

Калі ў вас няма мультышэнгена, але засталася дзейная румынская ці балгарская віза, то з імі дазваляецца злятаць на Кіпр ці ў Харватыю.

Пры атрыманні брытанскай візы можна наведаць Каралеўства і яго еўрапейскія ўладанні, а таксама Ірландыю, але пры ўмове адкрыцця візы ў Вялікабрытаніі.


Як зрабіць?


Прасцей за ўсё зрабіць шэнгенскую візу. У Беларусі прадстаўлена шмат пасольстваў і консульстваў, якія яе выдаюць. Калі падавацца на мультышэнген, то істотнай залежнасці візы ад мэтаў вашага падарожжа і нават першага ўезду ў краіну Шэнгенскай дамовы няма. То-бок, нават з польскай візай можна адправіцца ў Каўнас, каб потым паляцець на Мальту. Але якую краіну для падачы выбраць? Часцей за ўсё гэта Польша, Літва ці Іспанія.

Чаму? Хоць консульскі збор заўсёды адзін (60 еўра) і спіс дакументаў ва ўсіх дыпламатычных прадстаўніцтваў прыкладна аднолькавы, але верагодныя ўмовы атрымання мультышэнгена розныя. З «чыстым» пашпартам (без віз) лепш за ўсё звяртацца да літоўцаў. Калі выкананы ўсе ўмовы для атрымання візы, хутчэй за ўсё атрымаеце мультышэнген мінімум на 3 месяцы. Іспанцы часта робяць першую візу на год, але з умовай значнага заробку і прыстойнай сумы на карт-рахунку.

Калі вы ўжо атрымлівалі шэнгенскія візы ў апошнія тры гады, варта звярнуцца да палякаў ці літоўцаў. Калі ў польскай краме закупіцца таварамі мінімум на 200 злотых (каля 47 еўра) і аформіць іх па сістэме Tax free, то перад наступнай паездкай можна падаць дакументы на польскі шэнген на закупы. Яго могуць выдаць на год або нават два. Літоўцы ж пасля першай шматразовай візы таксама могуць другую выдаць на больш вялікі тэрмін.

Зрабіць брытанскую візу складаней за шэнгенскую. Але ўсё магчыма. Спіс дакументаў, умоваў, у тым ліку грашовых, крыху паболей. У Беларусі турыстычная віза выдаецца толькі праз візавы цэнтр і яе афармленне каштуе каля 130-140 долараў. Затое выдаюць адразу шматразовую і, як мінімум, на паўгады. У далейшым можна разлічваць на візу да 10 гадоў.


Пасольства, візавы цэнтр ці агенцыя?

Цяпер трэба вызначыцца з месцам падачы. У пасольстве (консульстве), асабліва Літвы ці Польшчы, часта велізарныя чэргі, і нават цяжка запісацца. У італьянскай, французскай і эстонскай амбасадзе людзей значна менш, але і разглядаюць дакументы там больш пільна. Візавы цэнтр уратуе тых, хто не хоча ахвяраваць некалькімі гадзінамі працоўнага дня, але прыйдзецца даплаціць каля 18-20 еўра. Туды звычайна можна падаць дакументы і прыйсці па візу ў зручны час. Астатняй розніцы паміж пасольствам і ВЦ няма: нідзе бясплатна кансультаваць ці запаўняць анкету за вас — не будуць. А вось да візавых агенцый звяртацца сэнсу не мае. Нічога звышважнага там не зробяць, дакументы збіраць усё адно прыйдзецца вам, а грошы заплаціце немаленькія.

Карысныя спасылкі:
34travel.me – беларускі інтэрнэт-праект пра вандроўкі са шматлікімі гайдамі па канкрэтных краінах.
aviasales.ru – карта танных пералётаў, дзякуючы якой можна запланаваць падарожжа. 



Ведаеце цікавыя парады па выбару даты, краіны і візы? Дзяліцеся сваімі лайфхакамі ў каментарах.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: