Вароты ў расстрэльны палігон Курапатаў пазначаны

У Курапатах 10 чэрвеня адбылася чарговая талака па пазначэнні аб’ектаў гістарычнай тапаграфіі Народнага мемарыялу.

У сумеснай працы па прыборцы гэтага знакавага для беларусаў месца, арганізаванай грамадскай ініцыятывай «Эксперты ў абарону Курапатаў» пры падтрымцы «Маладога Фронту», удзельнічалі іхныя актывісты, а таксама сябры КХП-БНФ, моладзь сталіцы, жыхары мікрараёну Зялёны Луг і ветэраны беларускага нацыянальнага адраджэння.


Яны разбілі шэраг новых кветнікаў, у тым ліку каля  месца, дзе ў выніку раскопак і эксгумацыі былі ўпершыню ідэнтыфікаваныя парэшткі ахвяраў — вязьняў Гарадзенскага астрогу Мойшы Крамера, Мардыхая Шулькеса і Штама, расстраляных у Курапатах летам-ранняй восенню 1940 году, а таксама месца самага масавага забойства ва ўрочышчы, дзе позняй восенню 1938-зімой 1939 гадоў былі расстраляныя энкавэдзістамі не менш за 373 ураджэнцаў Усходняй Беларусі, у тым ліку 19 жанчынаў, асабістыя рэчы якіх былі спаленыя катамі.


Грамадскія актывісты пазначылі кветнікамі створ варотаў у высокім плоце, які выгароджваў расстрэльны палігон ва ўрочышчы з 1937 па 1941 гады. Цяпер створ варотаў хораша бачны з боку Заслаўскай шашы і самаго ўрочышча.


Што сабою ўяўлялі гэтыя вароты ў 1937 годзе? Яны былі шэрыя, непафарбаваныя, з негабляваных, неабразных дошак усутыч, шчыліны між імі закрываліся накладнымі дошкамі-аполкамі. Двустворкавыя вароты былі звычайныя — з дошак і жэрдак, збітых цвікамі, вельмі простыя — без стрэшкі і гзымсаў, досыць вялікія і доўгія, адчыняліся звонку, зачыняліся знадворку на клямку, што накладалася на прабой, куды ўстаўляўся вісячы замок, а таксама знутры — на кручок ці штабу; дзірку ўнізе паміж зямлёй і варотамі закладалі дошкай.


Апроч таго, удзельнікі талакі даводзілі да ладу і палолі кветнікі, разбітыя раней, чысцілі Народны мемарыял ад смецця і сухога галля, зносілі да дарогаў распіленыя дрэвы.

Хаду талакі асвячалі журналісты беларускіх і польскіх СМІ, у тым ліку праграмны дырэктар Радыё Рацыя Юрка Ляшчынскі з Беластоку, карэспандэнт Польскага радыё Уладзімер Пац, журналіст Радые Рацыя Генадзь Барбарыч. Сярод удзельнікаў талакі — кінарыжысёр Вольга Нікалайчык, грамадскі дзеяч і мовазаўца Вінцук Вячорка, вядомы фермер Уладзімер Матусевіч, які сістэматычна дапамагае грамадскасці расадаю кветак, чарназёмам, садовым рыштункам і каменнем, а таксама слухачы Лятучага ўніверсітэта, якія праводзяць даследаванне па сітуацыі вакол Курапатаў.


На наступнай талацы, якая распачнецца 17 чэрвеня а 12.00, запланавана пазначыць такія аб’екты гістарычнай тапаграфіі Куропатаў, як месца каля варотаў у плоце, дзе знаходзілася будка ахоўнікаў, а таксама пачатак і канец грунтавога ўчастку «Дарогі смерці» на полі паміж Курапатамі і Экспабелам. 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: