Варта ў Курапатах працягваецца нягледзячы на зняволенне актыўных пікетоўцаў

У чацвер 5 ліпеня за вахту ля рэстарана «Поедем поедим» адказвала Партыя БНФ. Першыя наведвальнікі зайшлі ва ўстанову толькі каля 19.20, а машына з мінскага заапарка забрала 300 кіло сапсаванага хлеба для жывёл.


На пачатак варты апоўдні прыйшоў сябра партыі БНФ Андрэй Анішын, але адзін пачуваўся няўтульна, таму то абыходзіў тэрыторыю, то назіраў за брамай рэстарана з машыны, на пэўны час з’язджаў па справах. Каля другой гадзіны стала ў адзіночны пікет з бел-чырвона-белым сцягам Ніна Багінская. Андрэй Анішын з захапленнем казаў потым: “Калі б усе беларусы былі як Багінская, мы б даўно ўжо жылі ў іншай краіне”.


Неўзабаве да вахты далучылася Наталля Ільініч, жыхарка Пухавіцкага раёна, вядомая аматарам беларушчыны як арганізатарка Талькоўскага фэсту. Наталля раней працавала настаўніцай гісторыі, зазнала пераслед за свае палітычныя погляды. Цяпер на пенсіі. Прыязджае на вахту ў Курапаты шточацвер. Часцей не атрымліваецца: жанчына трымае гаспадарку. Абрала менавіта чацвер, каб і выказаць сваю пазіцыю, і падтрымаць партыю БНФ, сябрам якой з’яўляецца.


У пасляпрацоўны час абаронцаў пабольшала, сабралася каля 10 чалавек. За дзень, па словах удзельнікаў вахты, змянілася чатыры дзяжурныя КДБ-істы з камерамі. Яны размаўлялі з ахоўнікамі рэстарана і хавалі твары ад фотаапаратаў пад капелюшамі ды кепкамі.


Па словах Ніны Багінскай, удзень пад’язджала ўсяго пара машын з патэнцыйнымі кліентамі рэстарана. Атрымаўшы інфармацыю пра Курапаты, яны разварочваліся, у канфлікты не ўступалі. Заехала некалькі супрацоўнікаў рэстарана. Прыязджаў грузавік, кіроўца якога паказаў дакумент ад заапарка і паведаміў, што яго ўстанова набыла ў «Поедем поедим» для жывёл 300 кілаграм сапсаванага таннага хлеба. Як бачым, надзеі на плынь кліентаў аказаліся марнымі, прадукты псуюцца.


5 ліпеня першыя ахвочыя паесці, сям'я з двума дзецьмі, з’явіліся ў рэстаране каля 19.20. Яны прыйшлі пешкі, не спрабавалі праехаць, відаць, ці наведвалі ўстанову не першым разам, ці блізка ад яе жывуць.


Каля пятай вечара на машыне з нумарам АР 2789-7 на вялікай хуткасці ў рэстаран спрабаваў праехаць мужчына. Ніна Багінская стала спінай да машыны і не пускала яе. Спрэчка цягнулася даволі доўга, кіроўца не глушыў матор, казаў, што інфармацыю пра Курапаты ўжо атрымліваў і дазволеннай хуткасці ў 5 кіламетраў на гадзіну не перавышаў.

– Скажыце, а вы едзеце есці ці нешта везяцё?
– Нічога не вязу, па справах.
– А навошта тады на машыне, прагуляйцеся пешкі.
– Ашчаджаю красоўкі.

Праўда, красоўкі кіроўцу ўсё ж давялося стаптаць, пакінуўшы машыну на паркоўцы перад рэстаранам.


Стала вядома месца зняволення абаронцаў Курапатаў, пра якіх не было дакладных звестак. Наталля Гарачка-Басалыга знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсціна (затрыманая 1 ліпеня, атрымала 10 сутак). Дзяніс Урбановіч таксама атрымаў 10 сутак, суд адбыўся яшчэ 1 ліпеня (затрыманы 30 чэрвеня). Ён знайшоўся ў Мінскім раённым ізалятары часовага ўтрымання на вуліцы Скарыны. Па словах кіраўніцы ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» Ганны Шапуцька, пошукі хлопца зацягнуліся, бо думалі, што пасля арышту яго адвязуць у Лагойск, дзе ён знаходзіцца пад прэвентыўным наглядам.

Па 10 сутак атрымалі таксама абаронцы Курапатаў Павел Севярынец, Вольга Мікалайчык, Аляксей Туровіч, Максім Вінярскі. Нягледзячы на зняволенне актыўных пікетоўцаў, варта працягваецца, да яе можна далучыцца штодня з 12.00 да 24.00. Рэстаран «Поедем поедим» стаіць практычна без кліентаў.



Нагадаем, пратэсты супраць працы рэстарана працягваюцца ўжо больш за месяц. Установа пабудаваная блізка ад гісторыка-культурнай каштоўнасці “Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій ў 1930 – 1940-я гг” на зямлі, незаконна выведзеннай з ахоўнай зоны помніка гісторыі ў 2014-м годзе.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Абмеркаванне:

  • Кетцаль
  • 2018-07-13 14:26:31
Есть такой диагноз: вялотекущая шизофрения.

Больш цікавага на «Новым Часе»: