«Васiль Быкаў з гэтым бы не пагадзiўся». Дацэнта Наталлю Суславу з Гомеля асудзілі на 8 сутак

29 верасня ў Гомелі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве асудзілі дацэнта кафедры рускай і сусветнай літаратуры ГДУ імя. Ф. Скарыны Наталлю Суславу. Анонсаў разгляду справы не было, але журналістам і групе падтрымкі ўсё-ткі атрымалася патрапіць на паседжанне.
Выкладчыка ВНУ затрымалі ў нядзелю, 27 верасня, падчас мірнага маршу. Пасля складання пратаколу з РАУС яе адправілі ў ІЧУ. У панядзелак, меркавалі ўсе, павінен быў быць суд. Падтрымаць педагога прыйшла вялікая колькасць людзей, сярод іх — выкладчыкі і студэнты. Аднак Наталлю так і не прывезлі.

У аўторак да суда зноў прыйшлі калегі і нават дэкан факультэта Алена Палуян. Але калі паседжанне — зноў невядома: ні ў канцылярыі суда, ні ў міліцыі, ні ў ІЧУ ніякіх каментароў з гэтай нагоды не даюць.

У 13.00 у судзе пачаўся абед. Група падтрымкі Суславай часткова разышлася, і тут у 13.10 у хол спусцілася сакратар і вывесіла лісток з інфармацыяй, што ў 13.15 адбудзецца пасяджэнне па Суславай.

Выкладчыкі і студэнты падняліся ў названую ў раскладзе залу, але паседжанне ўжо было ў самым разгары. Наталля Уладзіміраўна як раз давала паказанні.

— Пратакол складзены дакладна, але віну не прызнаю, — адказвала суду выкладчык. — Сёння на вуліцы выходзяць тыя, для каго не пустым гукам з'яўляюцца імёны філаматаў, слуцкіх паўстанцаў, Кастуся Каліноўскага, Уладзімір Караткевіча, Васіля Быкава. І калi б яны былi жывыя, яны б былi зараз з намi на гэтай вулiцы. I калi гавораць, што бела-чырвона-белыя сцягi — гэта незарэгiстраваная сiмволiка, я думаю, Васiль Быкаў з гэтым бы не пагадзiўся. Зараз лунаюць на вулiцах словы «Жыве Беларусь» — то трэба памятаць, што гэта словы нашага Янкi Купалы, якi таксама зяўляецца гонарам нашай нацыi.

— Па пратаколе ёсць што сказаць? — спытаў суддзя Яўген Шаршнёў.

— Не.

Суд прысудзіў універсітэцкага выкладчыка да васьмі сутак арышту.

Такое рашэнне Наталля Суслава сустрэла з усмешкай.

Паводле tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: