Васіля Логвінава, які намаляваў «ды-джэяў перамен» 7 траўня, прызналі палітвязнем

Згодна з прад’яўленым абвінавачаннем, ён разам з іншымі грамадзянамі 7 траўня 2021 года нанес малюнак «ды-джэяў перамен» на трансфарматарнай будцы на г.зв. «Плошчы Перамен» у Мінску. Такім чынам, па меркаванні следства, Васіль Логвінаў здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч. 2 арт. 339 КК (хуліганства) — наўмысныя дзеянні, здзейсненыя групай асобаў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, выражаюць яўную непавагу да грамадства і вызначаюцца выключным цынізмам.
Ілюстрацыйная выява. Самы першы малюнак ды-джэяў на "Плошчы Перамен"

Ілюстрацыйная выява. Самы першы малюнак ды-джэяў на "Плошчы Перамен"


Васіля Логвінава затрымалі 14 траўня,цяпер ён знаходзіцца пад вартай у СІЗА Жодзіна. Праваабаронцам вядома, што да свайго затрымання Васіль Логвінаў з’яўляўся падазраваным па арт. 342 КК (групавыя дзеянні, які груба парушаюць грамадскі парадак).

Як адзначаюць праваабаронцы, відавочна, што мэтай нанясення малюнка было выказванне свайго пратэсту і нязгоды з фальсіфікацыяй прэзідэнцкіх выбараў і сітуацыяй, якая склалася ў краіне ў поствыбарчы перыяд.

Праваабаронцы лічаць, што дадзеная форма выказвання меркавання патрапляе пад абарону Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і не мае нічога агульнага з прад’яўленымі абвінавачаннямі.

У адпаведнасці з арт. 19 Пакта кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэтае права ўключае ў сябе свабоду шукаць, атрымліваць усялякага рода інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці праз сродкі друку ці мастацкія формы выяўлення, ці іншымі сродкамі на свой выбар. Карыстанне гэтым правам можа накладаць асаблівыя абавязкі і асаблівую адказнасць. Яно можа быць, адпаведна, звязана з некаторымі абмежаваннямі, якія, аднак, павінны быць устаноўленыя законам і з’яўляцца неабходнымі: для павагі правоў і рэпутацыі іншых асобаў, для аховы грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя і маральнасці насельніцтва.

Абвінавачаны не пасягаў на сакральныя ці гісторыка-культурныя каштоўнасці. Нанесеная выява таксама не пасягала на грамадскую мараль, не была скіраваная на прапаганду варожасці і нянавісці па прыкметах нацыянальнай, расавай, рэлігійнай прыналежнасці ці сацыяльнага паходжання і іншых прыкметах.

Нанясенне малюнка не магло і не прывяло да значнага пашкоджання ці знішчэння аб'екта (трансфарматарнай будкі), на які ён быў нанесены, а матэрыяльная шкода ад такіх дзеянняў відавочна насіла сімвалічны характар

Такім чынам, гэтыя дзеянні нельга кваліфікаваць як хуліганства.

У гэтым кантэксце праваабаронцы лічаць пазбаўленне волі Васіля Логвінава палітычна матываваным, а самога Васіля Логвінава палітычным зняволеным у адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”.

Такім чынам, па стане на 11 чэрвеня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 477 чалавек.

У сувязі з гэтым прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі патрабуюць:

  • Неадкладнага і безумоўнага вызвалення з-пад варты Васіля Логвінава, спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да яго.
  • Неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў і спынення палітычных рэпрэсій у краіне.

Паводле spring96.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: