«Вашы погляды і падыходы нам не падабаюцца»: звальненні ў Інстытуце генетыкі

5 ліпеня быў апошні працоўны дзень у трох супрацоўнікаў Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі. Яшчэ траіх чалавек з вялікай імавернасцю звольняць у жніўні-верасні. Колькі людзей у чарзе на далейшае «добраахвотна-прымусовае» звальненне — навукоўцы не ведаюць.

Акцыя салідарнасці навукоўцаў «Лазневы дзень», 2020


Не выключана, што адміністрацыя неўзабаве спыніць махавік. Але можа быць і так, што пачнуць «чысціць» па «прафсаюзным спісе», піша «Еўрарадыё».

У лістападзе 2020 года 15 навукоўцаў Інстытута генетыкі і цыталогіі выйшлі з дзяржаўнай Федэрацыі прафсаюзаў і стварылі першасную прафсаюзную арганізацыю «Свабоднага прафсаюза беларускага». Ёсць падставы лічыць, што спіс сябраў ячэйкі трапіў у рукі адміністрацыі інстытута. Адсюль усё пайшло.


«А вам не шкада інстытут развальваць?»

— Асноўная прычына нашага ўступлення ў СПБ — імкненне аб'яднацца з аднадумцамі, — расказвае «Еўрарадыё» супрацоўніца інстытута. — Цяпер нас звальняюць па пагадненні бакоў. Калі паклікалі на размову, то ўжо былі гатовыя адпаведныя заявы і загады. Мы здзівіліся, што ж так загадзя — а калі не будзем падпісваць? У адказ пачулі пагрозы пра звальненні па артыкуле. Па розных абставінах ніхто з нас не пайшоў ва-банк, таму афіцыйная фармулёўка ў працоўнай — «па пагадненні бакоў».

Гэта ініцыятыва сто адсоткаў ішла зверху, гэта не кіраўніцтва інстытута так вырашыла. Ім прыйшла разнарадка, і я думаю, яны гэтага не хацелі. Асабліва ні ў чым нас не дакаралі. Тыпу, «ну вы ж усё разумееце». Мною было зададзена пытанне: «Можа, я дрэнна працую?» — «Вашы погляды і падыходы нам не падабаюцца». Пытаюся: «А вам не шкада інстытут развальваць, адразу столькі людзей звольніць?» — «Не, не шкада. Мы вас папярэджвалі». Хоць асабіста мяне ніхто ні пра што не папярэджваў.

У выніку «несупадзення поглядаў» інстытут ужо цяпер губляе доктара і двух кандыдатаў навук. З тых, хто трапіў «пад каток», акрамя дзвюх маладых супрацоўніц, ва ўсіх ёсць дзеці. Куды падацца навукоўцу? Як утрымліваць сям'ю?

— Вядома, гэта страта. Гэта дырэктар у нас тут з 2017 года, а людзі адпрацавалі па 20 гадоў, і свой уклад яны, безумоўна, унеслі, — тлумачыць «Еўрарадыё» суразмоўца. — Бо яны працавалі ў навуцы — у кожнага з іх ёсць пэўны бэкграўнд, любімыя даследаванні, якім яны аддалі шмат сіл і часу, укладвалі душу. Куды пайсці, напрыклад, малекулярнаму генетыку? Гэта не так проста. Дый калі спрабаваць працягнуць займацца навукай — то ўсё роўна гэта толькі дзяржустановы, і не факт, што там не паўторыцца тое самае. І наогул, ці возьмуць — вось пытанне.


«Асноўная праблема — засілле выпадковых людзей у кіраўніцтве Акадэміі навук»

— У цяперашняй беларускай навукі ў такім выглядзе будучыні няма, — лічыць суразмоўца «Еўрарадыё». — Сітуацыя такая, што найлепшыя навукоўцы пакідаюць краіну, часцяком проста вымушаныя бегчы. Фінансаванне навуковых даследаванняў ніколі не было ў Беларусі нават на ўзроўні сумежных постсавецкіх краін, не кажучы ўжо пра Еўропу. Штогод у першым паўгоддзі ў інстытутах узнікаюць праблемы з фінансаваннем. Навуковая дзейнасць заўсёды цікавая для незвычайных людзей. Калі прэстыж вымяраць грашыма — то не, навука цяпер не прэстыжная. Але цікавасць у маладога пакалення па-ранейшаму ёсць — гэта відаць па студэнтах на практыцы, навучэнцах на экскурсіях.

На думку навукоўцаў, асноўным каменем спатыкнення ў развіцці навукі ёсць не столькі праблемы з фінансаваннем, колькі адсутнасць кампетэнцыі «наверсе».

— Адна з галоўных праблем — засілле выпадковых людзей у кіраўніцтве Акадэміі навук. Там хто заўгодна — менеджары, клеркі, але ўжо не навукоўцы. Для іх выкананне фармальнасцей — такіх, як напісанне планаў, калькуляцый, справаздач, — і ёсць навука. Але бяда ў тым, што ўся гэтая калянавуковая лухта не мае нічога супольнага з пазнаннем і пошукам праўды, што і павінна быць мэтай для сапраўдных навукоўцаў.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: