«Вашыя дзеці адправяцца ў прытулак». Спявачка Кацярына Ваданосава атрымлівае пагрозы з РУУСа

Сёння спявачцы, былой вядоўцы праграмы «Жывая культура» на «Беларусь 3» Кацярыне Ваданосавай патэлефанавалі і запрасілі на гутарку ў РУУС. Калі тая адмовілася, пачалі пагражаць.
Кацярына Ваданосава. Фота з асабістага архіва

Кацярына Ваданосава. Фота з асабістага архіва

Да гэтага Кацярына Ваданосава атрымала па пошце копію пратакола за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 27 верасня. 

А ў сённяшнім званку прагучала, што яны мяне сфатаграфавалі на Кальварыйскай 4 кастрычніка. То-бок, у мяне будзе два суды. Але калі я сказала, каб дасылалі позву, мне адказалі, што «мы маем права вас выклікаць у любы момант для размовы». Я кажу: ну давайце, я прыйду са сваімі дзецьмі — мне няма куды іх падзець. На што мне сказалі «вашыя дзеці адправяцца ў прытулак».

Па словах Кацярыны, той, хто тэлефанаваў, не прадставіўся і нават не ўдакладніў, з якога РУУСа тэлефануе. Калі спявачка папрасіла яго назваць сябе, ён нешта прагугнеў і кінуў слухаўку. Ператэлефанаваць яна не змагла, таму што нумар суразмоўцы быў схаваны.

Кацярына Ваданосава не мае намеру ісці ў РУУСы без адпаведных дакументаў, але той, хто званіў, сказаў, што, калі яна настолькі занятая, яны могуць прыехаць да яе пад пад'езд.

Крыўдна! Я думала — будзе за канцэрты, за творчасць, а тут — за нейкі марш! — жартуе спявачка. — Як сказаў Павел Аракелян у нашай размове: «Давядзецца пасядзець усім» (музыка Павел Аракелян быў затрыманы 7 кастрычніка падчас дваравога канцэрту і сёння атрымаў 15 сутак адміністрацыйнага арышту. — НЧ).

Нядаўна сям'і Кацярыны Ваданосавай спрабавалі пагражаць сацыяльна небяспечным становішчам, але працягу гэтая гісторыя не атрымала. Ды й яго і не можа быць: у сям'і не маюць шкодных звычак, ёсць усё неабходнае, старэйшая дачка спявачкі вучыцца на «выдатна» і пастаянна перамагае ў школьных алімпіядах і конкурсах. 

Таму пагрозы ніяк не паўплывалі на перакананні Кацярыны. 






Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: