Вечаровыя затрыманні на плошчы Пераменаў і не толькі (відэа)

На Плошчы Пераменаў, дзе ўвечары 12 студзеня збіраліся людзі, каб ушанаваць памяць Рамана Бандарэнкі, які памёр роўна два месяцы таму, адбыліся затрыманні.



Чытачы Белсата паведамілі: «Мы не паспелі нават сабрацца. Адразу схапілі аднаго мужчыну. Потым прыехала яшчэ падмацаванне. Жанчыны не змаглі адбіць. Угаворвалі міліцыю адпусціць мужчыну. Не атрымалася».

Затрыманні на Плошчы Пераменаў адбыліся пасля таго, як жыхары раёну прайшліся з ліхтарыкамі ў памяць Рамана Бандарэнкі.

Мясцовая жыхарка распавяла Нашай Ніве пра падзеі на Плошчы Перамен (ПП):

«Міліцыянты на ПП дзяжураць з 12 лістапада кругласутачна: раней стаяў сіні аўтобус, цяпер стаіць джып, а двор патрулюць ад двух да шасці чалавек. Сёння яны былі таксама тут, дзесьці ў двары. Бо настолькі хутка прыехаць яны б проста не паспелі.

Жыхары падышлі да будкі, запалілі ліхтарыкі на тэлефонах і пачалі крычаць «Жыве!», а праз секунд 20 на плошчы з'явіліся сілавікі, якія пачалі хапаць тых, хто побач — у выніку схапілі толькі аднаго з мужчын.

Пачалася мітусня, мужчыну з жонкай прыціснулі да сцяны, яна яго абняла, каб не забралі. Яны крычалі, што ў іх двое дзяцей. Міліцыя выклікала падмацаванне, але ніхто не прыехаў.

Вакол будкі стаялі мясцовыя жыхары: прасілі адпусціць затрыманых. У выніку прыйшоў міліцыянер з газавым балонам. Людзі, ўбачыўшы гэта, пачалі разыходзіцца. У выніку мужчыну забралі, жонку пакінулі — яна ў стрэсе плакала, змагла сказаць толькі прозвішча мужа: Чадзюк або Чудзюк.
 
Цяпер на ПП засталіся толькі сілавікі, жыхары разышліся».

Жыхары Навінак зрабілі мемарыял у памяць Рамана Бандарэнкі. Фота kyky_org.


"Я выхожу!" — у Красным Бары прайшаў шматлюдны вечаровы марш памяці Рамана Бандарэнкі.
Таксама вечаровыя затрыманні адбыліся ў Мінску на вуліцы Матусевіча. Праваабаронцам "Вясны" паведамілі, што ў 20:30 каля маленькай царквы затрымалі трох мужчын. Сярод затрыманых — Раман Кісленка.


Пра затрыманні паведамляюць і чытачы Hrodna.life. Гарадзенскія мікрараёны Вішнявец, Фарты і Дзевятоўка збіраліся прайсці ўвечары 12 студзеня маршам у памяць пра Раман Бандарэнку. "Праз пару хвілін ціхары ўнутры калоны пачалі выкрыкваць каманды "Працуем!". Відавочцы перадаюць, што сярод ціхароў заўважылі жанчыну", — напісалі Hrodna.life відавочцы. Паводле інфармацыі відавочцаў, мінімум чатыры чалавекі затрыманыя.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: