Вечарына памяці ахвяраў сталінізму

29 кастрычніка ў Галерэі TUT.BY прайшла вечарына, прысвечаная памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Арганізатарам мерапрыемства выступіў Саюз беларускіх пісьменнікаў (СБП). Пры канцы імпрэзы быў прадэманстраваны фільм рэжысёра Віктара Корзуна «Суд над камунізмам. Пачатак».

Курапаты


Сярод выступоўцаў былі гісторык і даследчык Наталля Гардзіенка, паэты Міхась Скобла і Віктар Жыбуль, лінгвіст і перакладчык Лявон Баршчэўскі ды іншыя. Вёў рэй паэт і празаік, сябра СБП Усевалад Сцебурака.


Усевалад Сцебурака


«Сёння мы адзначаем сумныя ўгодкі падзеі, якая павінна стацца адмысловым днём, калі беларусы памінаюць на Дзяды не проста памерлых, але людзей, якія пацярпелі ад рэпрэсіяў мінулага стагоддзя. Уноч з 29-га на 30-га кастрычніка 1937 года ў сутарэннях сумнавядомай унутранай турмы НКУС былі расстраляныя больш за сто дзеячоў культуры, мастацтва, навукі, а таксама грамадскія дзеячы тагачаснай БССР. У ліку расстраляных былі 22 беларускія пісьменнікі — амаль траціна існых на той час літаратараў маладой рэспублікі», — адзначыў Усевалад Сцебурака.

Гэта, канстатаваў ён, было значна больш, чым у нашых суседзяў. Сярод забітых апынуліся Уладзіслаў Галубок, Цішка Гартны, Платон Галавач, Міхась Зарэцкі, Алесь Дудар, Валеры Маракоў, Анатоль Вольны многія іншыя. Назаўтра пасля расстрэлу быў забіты яшчэ Тодар Кляшторны.



Наталла Гардзіенка


Па словах Наталлі Гардзіенка, сёння тэма камуністычных рэпрэсіяў недастаткова ўздымаецца ў грамадстве. «Але гэтая тэма, як і асуджэнне злачынстваў камунізма, наўпрост звязана з захаваннем беларускай дзяржаўнасці. Пакуль у нас ёсць ілюзіі, што не так усё блага было пры савецкай уладзе, не будзе асуджэння камунізму і не будзе гарантыяў, што гэтыя рэпрэсіі не паўторацца зноў», — пераканана прамоўца.


Міхась Скобла


Паэт і літаратуразнаўца Міхась Скобла высветліў, што ў сучасных школьных праграмах даводзіцца тэза аб скарачэнні інфармацыі пра масавыя рэпрэсіі за савецкім часам, найперш у дачыненні да літаратараў. «Там чорным па белым напісана — мінімізаваць тэму рэпрэсій у беларускай літаратуры. Што значыць мінімізаваць? Да якога мінімуму давесці? І кожны настаўнік вырашае сам, што гэта за мінімум. А, хутчэй за ўсё, ён вырашыць так, што лепш я гэта зусім успамінаць не буду, каб потым не мець нейкіх непрыемнасцяў. Вось гэтым радком «мінімізаваць» і выказана пазіцыя сённяшняй дзяржавы да гэтай тэмы», — мяркуе паэт.



Лявон Баршчэўскі



Лявон Баршчэўскі, прачытаўшы адзін з вершаў Тодара Кляшторнага (дарэчы, амаль усе выступоўцы чыталі вершы расстраляных беларускіх паэтаў), адзначыў, што за апошнія гады ў суседняй Расіі ўжо пастаўлена 26 помнікаў Сталіну ў поўны рост. Колькасць бюстаў вымяраецца сотнямі. «Гэта значыць, грамадству падаецца знак, што дзеля інтарэсаў пэўнай кучкі, якая кіруе, яны гатовы забіваць, яны гатовы нішчыць тых, хто будзе гаварыць нешта ў адказ, і гэта вельмі сур’ёзна… Суцэльная дэбілізацыя, у якую добра ўпісваецца рэсталінізацыя, аднаўленне таго, што грамадства павінна баяцца людзей, якія каля ўлады, — гэта вельмі моцна ўплывае на стан самога грамадства, якое адчувае сябе запалоханым. Таму мы павінны не проста паспачуваць лёсам тых знішчаных падчас рэпрэсій людзей і ўзгадаць іх добрым словам, але мы павінны пра гэта крычаць пры любой аказіі», — упэўнены Лявон Баршчэўскі.  



Зміцер Бартосік
      

На вечарыне свае творы выканалі знакамітыя айчынныя барды Андрэй Мельнікаў (ён, прынамсі, нагадаў, што падчас рэпрэсій было знішчана 100 адсоткаў беларускіх краязнаўцаў), а таксама Зміцер Бартосік і Яўген Барышнікаў.  

Андрэй Мельнікаў



У фінале вечарыны адбыўся паказ дакументальнага фільма рэжысёра Віктара Корзуна «Суд над камунізмам. Пачатак». Сам аўтар сказаў колькі словаў пра сваю стужку, прыдусарам якой выступіла Кася Камоцкая. Ён распавёў кароткую гісторыю ўзнікнення гэтага фільма.


Віктар Корзун


«Калі ўзгадаць час ад пачатку збора матэрыялу, то атрымливаецца, што на яго пайшло гадоў каля дваццаці. З 1996-га асяродак вакол «Нашай Нівы», Архіў найноўшай гісторыі рабіў рознае, і, па сутнасці, звыштэмай была дэкамунізацыя культуры, а таксама дэкамунізацыя і ўсяго нашага жыцця. Таму што ўсё, што выходзіла беларускае — і выходзіць зараз — яно антысавецкае, антыкамуністычнае. У 1996 годзе мы пачалі здымаць людзей, якія былі сябрамі Саюза беларускіх патрыётаў і ўдзельнічалі ў стварэнні кнігі «Гарт». Яны прайшлі шмат чаго, не збаяліся, выжылі. Гэтыя людзі былі ўжо немаладыя, таму мы кінуліся іх здымаць. Пасля мы здымалі сябраў іншых арганізацыяў — Саюза беларускай моладзі, «Чайкі» і гэтак далей. Пасля 2010 года, калі з’явіліся новыя палітвязні, мы іх таксама не маглі абысці, бо гэта тая ж тэма — тэма дэкамунізацыі, тэма суда над камунізмам, і ў Беларусі шмат чаго залежыць ад гэтай тэмы. Дваццаць гадоў збіраўся матэрыял, каля ста гадзінаў відэазапісаў розных падзеяў і інтэрв’ю, і толькі пасля пры дапамозе “Белсата” з’явілася магчымасць скончыць фільм, змантаваць. І вось яго прэм’ера ў Мінску адбываецца, па сутнасці, менавіта сёння», — сказаў Віктар Корзун. Ён не стаў шмат распавядаць пра сам фільм, бо, на думку аўтара, ягоны твор сам усё раскажа.

Рэжысёр дадаў, што фільм ужо можна паглядзець у інтэрнэце





 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: