VeganFood: святочныя стравы да навагодняга стала

Святочная ноч не выключэнне, каб паспрабаваць абысціся без мяса, застаючыся сытым і задаволеным. Праект ''VeganFood'' пацікавіўся ў практыкуючых веганак, што яны традыцыйна ставяць на стол.

 

Салата з фасоляй і балгарскімі перцамі ад Марты

 

Для салаты нам спатрэбяцца:

  • два буйных балгарскіх перца чырвонага і жоўтага колераў;
  • 200 г сухой фасолі;
  • 250-300 г алівак без костак;
  • 250-300 г маслін без костак;
  • Дзве цыбуліны;
  • 400 г свежых ці марынаваных шампіньёнаў;
  • алей;
  • соль і чорны перац.

Загадзя замачваем фасолю і варым яе да мяккасці. Калі вы аддаеце перавагу свежым шампін’ёнам, то абавязкова пасмажце іх, нарэзаўшы тонкімі скрылькамі. Перцы нашынкуйце невялікімі кубікамі, аліўкі і масліны парэжце на чатыры часткі.

У якасці запраўкі для салаты добра высмажваем цыбуліны на алеі да залацістага колеру.

Усе інгрыдыенты перамешваем, солім, перчым і даем салаце настаяцца.

 

Па словах Марты, салата атрымоўваецца яркай і сытнай, неверагодна араматнай. І нават на наступны дзень есці яе смачней, чым у навагоднюю ноч.

 

Печаныя сушкі з начынкай ад Ані

Для стравы нам спатрэбяцца:

  • сушкі;
  • сачавіца;
  • рыс;
  • морква;
  • сухая гарчыца;
  • сухі імбір;
  • асафетыда;
  • алей;
  • соль і перац.

Замачваем на ноч сачавіцу і раніцай перамолваем яе блэндэрам ці кухоным камбайнам. Адварваем рыс і змешваем яго з сачавіцай. Чысцім і націраем на буйную тарку моркву.

Разаграем на патэльні алей і дадаем сухой гарчыцы, літаральна праз хвіліну дадаем астатнія спецыі: імбір, асафетыду, перац і соль. Закідваем нацёртую моркву, усё высмажваем каля дзесяці хвілінаў. Затым перамешваем моркву з рысам і сачавіцай.

Вымочваем сушкі ў вадзе ці соявым малацэ. Кладзем ва ўнутар сушкі начынку з горкай і ставім запякацца ў духоўку. Каб яны не атрымаліся занадта сухімі можна загадзя змазаць іх посным маянэзам.

Начынкі для сушак могуць быць і значна прасцейшымі. Напрыклад, абсмажыць добра парэзаную цыбулю, нацёртую моркву і грыбы. Перамяшаць з адвараным рысам. Ці любы іншы варыянт па вашаму густу і фантазіі.

 

Салата ''Гранатавы браслет'' ад Карыны

 

Для салаты нам спатрэбяцца:

  • адзін адвараны бурак;
  • 100 г грэцкіх арэхаў;
  • дзве вараныя бульбіны;
  • адзін гранат;
  • посны маянэз.

Адварваем бурак і бульбіны. Паасобна націраем іх на буйной тарцы. Трушчым грэцкія арэхі.

Затым ставім у цэнтр вялікай талеркі шклянку пачынаем выкладаць вакол яе інгрыдыенты слаямі:

- бурак;

- маянэз;

- грэцкія арэхі;

- бульба;

- маянэз;

- гранат.

Затым акуратна вымаем з салаты шклянку, бо яна нам патрэбна была выключна для формы.

 

Як зазначае Карына, салата атрымоўваецца злёгку салодкай і пажыўной.

 

Вясёлых вам святаў і смачна есці!

 Фота: Хрысціна Чарняўская 



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: