Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Велапрабегам па... бяздзейнасці, або Колькі фотаздымкаў з «брычкі Сыракомлі»

Традыцыйны наменклатурны велашпацыр Менскай вобласці гэты раз завітае ў Стоўпцы. Падобна, што новы «губернатар» перакрэсліў загадзя вызначаны маршрут і задаў свой…
Некалькі дзён на «народнай» будоўлі завіхаліся не толькі дарожныя і лясныя службы, але за паўсотні мясцовых «добраахвотнікаў» з граблямі ды рыдлёўкамі

Некалькі дзён на «народнай» будоўлі завіхаліся не толькі дарожныя і лясныя службы, але за паўсотні мясцовых «добраахвотнікаў» з граблямі ды рыдлёўкамі


Ці пабачым Анатоля Ісачэнку на дарогах Стаўпеччыны і ці здолее ацаніць новы кіраўнік «старанні» падначаленых коштам брутальных антыграмадскіх выклікаў, — застаецца пытаннем кароткага часу.

Аўторкавы поўдзень на тыдні. Кірую знаёмай дарогай з Нясвіжа на Стоўпцы, дзе вёскі Старыя Навасёлкі, Петухоўшчына, Ахрэмавічы, колішняя Гавязна… Вядомыя «былыя ваколіцы» Сыракомлі! Кірунак адвечнага шляху, калі Уладзіслаў, вясковы лірнік, служыў-працаваў у канцылярыі Радзівіла і кіраваў гэтай дарогай дахаты ў Мархачоўшчыну, у сваю «рэзідэнцыю» непадалёку Стоўпцаў.

Пад’язджаю да Вішняўца (нованазоў той самай Гавязны) і аж не веру вачам: бераг сажалкі, свежапаголены ад кустоўя і дрэваў, стракацее шматлюддзем, віскоча бензапіламі, перагукваецца стукам малаткоў і сякераў.
Малюнак дапаўняюць трактары, самазвалы, легкавушкі з нумарамі начальства — ад паўтары дзясятка адзінак транспарту. На фоне зеляніны ўжо віднеюцца абрысы альтанкі, сабранай з жоўтага смалістага бруса. Далей, праз метраў пяцьдзесят, падвезены лесаматэрыял яшчэ на адну, магчыма, не апошнюю. Тут жа кучы свежага жоўценькага пяску.

Першая свежасабраная альтанка коштам за 1000 рублёў хутка будзе даведзеная да ладу. Яна каля самай дарогі

Першая свежасабраная альтанка коштам за 1000 рублёў хутка будзе даведзеная да ладу. Яна каля самай дарогі

Ламачча і смецце спешна адвозілася ў «кар’ер» (як высветлілася, на тэрыторыю закрытай і рэкультываванай два гады таму смеццезвалкі ў в. Ахрэмавічы)

Ламачча і смецце спешна адвозілася ў «кар’ер» (як высветлілася, на тэрыторыю закрытай і рэкультываванай два гады таму смеццезвалкі ў в. Ахрэмавічы)

Цікава, які лёс чакае мясціну праз год ці два... Ці праз гадоў пятнаццаць? Альтанка схіляе да роздуму.

Цікава, які лёс чакае мясціну праз год ці два... Ці праз гадоў пятнаццаць? Альтанка схіляе да роздуму.


Гадоў пяць таму Яна-Прадцечанская царква змяніла адвечныя купалы на новыя, больш «сучасныя».

Гадоў пяць таму Яна-Прадцечанская царква змяніла адвечныя купалы на новыя, больш «сучасныя».



Штопраўда, заспець такую зладжаную будоўлю на беразе закінутага, часам брудна-зялёнага вадасховішча выпадае хіба што зрэдку. Цікавостка наўзвоч — з чаго раптам такая запарка, такі разгон? Міжволі падумаў пра масоўку для кіно з разгорнутымі эпізодамі камуністычнага суботніка. Прыглядаюся, ці не кіно, падыходжу бліжэй. Ды не, аніякага арту, «дубляў» няма, усё выглядае на яву-рэальнасць. Спрабую распытаць людзей. На кантакт ідуць неахвотна, нервова: «Не ведаем. Пытайце ў начальства». Але тут жа заступаюць і больш ахвотныя: нам нічога толкам не кажуць, сарвалі з працы, а што да чаго — паспрабуй разбярыся… быццам бы на ровары будзе ехаць новы губернатар вобласці. Нарэшце, чую і слова «велапрабег».

Падлучаюся ў сеціва, каб дабраць сэнсу. Часткова ўдаецца. «Мінская вобласць прымае ўдзельнікаў велапрабегу за мір «Парыж-Масква», — чытаю на нейкім сайце белтаўскае паведамленне ад 10 ліпеня. У маршруце пазначаны Гародзей і Стоўпцы, мемарыяльныя мясціны Якуба Коласа. Каляндарныя звесткі, што-калі-дзе, не даводзяцца. Спрабую спраўдзіць інфармацыю ў службах аблвыканкаму.

Мне кажуць, што велапрабег насамрэч мае быць, але — абласны, пра «Парыж» і «Маскву» не чулі. «Ці можна чакаць удзельнікаў у Вішняўцы?» — задаю правакацыйнае пытанне. Адказ суразмоўцы расставіў кропкі над «і»: так, гэта будзе ў суботу і першым прыпынкам пасля Стоўпцаў (сюды ўдзельнікі даедуць аўтобусам з Менску) будзе Вішнявец, дзе плануецца кароткі адпачынак. Затым раварысты, пераважна работнікі райвыканкамаў вобласці і аблвыканкаму, адправяцца на радзіму песняра, туды, дзе Акінчыцы, Альбуць, Мікалаеўшчына, дзе турбаза «Высокі бераг». Яшчэ мне пасведчылі, што мерапрыемства ладзіцца штолета, з пачатку 10-х. Былы старшыня Шапіра аднойчы таксама браў удзел. «Ці сядзе на ровар новы старшыня Ісачэнка?» — пытаюся. «Дакладна не ведаем, але думаем, гэта вельмі магчыма», — чую ў адказ.  

На гэтым — «ok», збольшага разабраліся. Цяпер вось гэты аўрал каля сажалкі, гэткая «гонка» перад гонкай, штурм-атака на запусцелую рэкрэацыю… Планаванае ж мерапрыемства, людзі!.. Як разумець? Новы «губернатар» закрэсліў вызначаны маршрут? Задаў свой? Вось і добра… Але і тут чыноўніцкі гарт, як заўсёды, на месцы, каманда зверху: разбіся ў кроў, дай вынік з папраўкай на новы маршрут і… новага «губернатара». Хоць выламі з калена, але дай. Карацей, я вельмі хацеў бы бачыць на дарогах маёй роднай Стаўпеччыны Анатоля Ісачэнку ў новым абліччы (раней ён тут бываў у якасці памочніка прэзідэнта па Мінскай вобласці). Ці здолее ацаніць новы кіраўнік «старанні» падначаленых коштам брутальных антыграмадскіх выклікаў, застаецца пытаннем кароткага часу.

Яшчэ па дарозе са Стоўпцаў, ён можа шмат чаго спытаць у стаўпецкай велакаманды. Напрыклад, адразу ж за Нёманам: чаму знак на ахову гістарычнай брукаванкі — помніка матэрыяльнай культуры, архітэктурнай каштоўнасці — схаваны ад людскога вока, аднесены ледзь не ў «кусты», ажно на два кіламетры ад пачатку гэтай дарогі? Кажуць, не так сабе; улады, трымаючы дулю ў кішэні, плануюць гэтую частку брукаванкі заліць асфальтам, а сам помнік скараціць да няўцямнага мінімуму.

Дарога Стоўпцы — Нясвіж праз Новы Свержань. За Нёманам, перад паваротам на Нясвіж адкрываецца відок-панарама на брукаваны шлях, які абвешчаны гісторыка-культурным помнікам (2015). Аўтарская хроніка, 2017.
 

Ахоўны знак брукаванкі (на другім баку каменя) аднесены ад пачатку дарогі на 1,8 км. Удалечыні пойма Нёмана і панарама Стоўпцаў. Аўтарская хроніка, 2017.

А едучы з Вішняўца на Мікалаеўшчыну, магчыма, варта спыніцца каля вёскі Пагарэлае і спытаць, куды дзеўся даўні знак мясцовага краявіду — драўляны вадзяны млын? Яго — амаль стагадовую будыніну з моцнага яшчэ дрэва, рэдкасны рарытэт! — разабралі па бярвёнах на абагрэў мясцовай фермы гадоў колькі таму…

Памятка краявіду — вадзяны млын у вёсцы Пагарэлае, Стаўпецкі раён. Аўтарская хроніка, 2007.

Памятка краявіду — вадзяны млын у вёсцы Пагарэлае, Стаўпецкі раён. Аўтарская хроніка, 2007.


Калі я спытаю, ці можна ўявіць ліхаманкавыя прыбіранні пустак для аднаразовага прывалу наменклатуры планавымі работамі па добраўпарадкаванні, з мяне хутчэй пасмяюцца: як такое пытанне магло прыйсці мне ў галаву, пра што пытаешся. Маўляў, звычайны аўральна-камандны псіхоз, чарговая гарачка перад «зажынкамі-дажынкамі» — ці бывае інакш? Скажаце — і будзеце мець поўную рацыю! Замест планамернасці і рытмічнасці — штурмаўшчына і несістэмнасць. А найперш — інертная бяздзейнасць, лайдакаватасць і абыякавасць чыноўніцкай арды.

Так называнае возера Вішнявецкае пакінулі на ўспамін меліяратары першага пакалення 60-х — наўзамен каналізаванай і ўшчэнт панішчанай мясцовай рачулкі Гавязьнянкі (акурат цяпер тут вядуцца ўзноўленыя «меліярацыйныя» работы) , якая адвеку несла свой сціплы крынічны дар бацьку-Нёману. На заходнім баку быў высаджаны сквер, пазней невялікі лясок. Месца як быццам прыўдалае, маляўнічае, заўсёды з вадой, на метраў 500 у даўжыню ды 200 у шырыню. Але так і засталося яно чужым і штучным, а ў дадатак экалагічна праблемным. Сквер зарастаў і дзічэў, вада напаўнялася  сцёкамі-«хімікаліямі» і ніколі не была прыдатнаю для купання. За паўстагоддзя тут не паставілі аніводнай лаўкі для адпачынку, не кажучы пра альтанкі ці іншыя дэкаратыўныя элементы. Паступова, не маючы догляду, бераг ператварыўся ў вадапой і рэкрэацыю для калгаснага статку.

Грамадскія энтузіясты прыгадваюць, як ініцыятыва школьнага экалагічнага клуба «Святаяннік» абкультурніць мясціну, надаць ёй іншага зместу, зрабіць прывабнай пляцоўкай для навукова-адукацыйных і творчых праектаў не знайшла належнага водгуку ні ў сельскім савеце, ні ў раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў, ні ў аддзеле адукацыі. Было гэта  пятнаццаць гадоў таму!

Дзеці сталі дарослымі.

Фота аўтара 

Каментаваць