Вертыкаль: умацаванне ўлады і смерць ініцыятывы

Адзін з асноўных элементаў беларускага палітычнага рэжыму, створанага за чвэрць стагоддзя Аляксандрам Лукашэнкам, — так званая «прэзідэнцкая вертыкаль». Гэтая структура пачала фармавацца амаль дваццаць пяць гадоў таму, калі 6 кастрычніка 1994 года Вярхоўны Савет 12 склікання зацвердзіў змены і дапаўненні ў закон аб мясцовым самакіраванні і мясцовай гаспадарцы (быў прыняты яшчэ 20 лютага 1991 года).

Фота Арцёма Лявы

Ноў-хаў палягала ў тым, што кіраўнік краіны прызначаў кіраўніка вобласці (а таксама «мэра» Мінска) з наступным зацвярджэннем на сесіі адпаведнага абласнога Савета. Кіраўнік вобласці, у сваю чаргу, прызначаў старшынь раённага і гарадскога выканаўчых камітэтаў. Тыя таксама зацвярджаліся адпаведным раённым і гарадскім Саветам. Такая ма­дэль, якая цалкам выключала непасрэдныя выбары, была, на думку Лукашэнкі, ідэальнай для Беларусі. Ён сцвярджаў, што менавіта такая сістэма ўмацуе мясцовую ўладу, дазволіць вырашыць шматлікія рэгіянальныя пытанні і дасць штуршок для эканамічнага рыўка краіны.

Акрамя таго, скасоўваліся пасялковыя, гарадскія (у гарадах раённага падпарадкавання) і раённыя (у буйных гарадах) Саветы. Заставаліся два ўзроўні мясцовай улады: базавы і абласны, пасады старшыні выканкама і старшыні савета дэпутатаў раз’ядноўваліся. Выканаўчым і распарадчым органам на тэрыторыі вобласці, горада, раёна з’яўляўся выканкам, а на тэрыторыі сельсаветаў, пасёлкаў, гарадоў раённага падпарадкавання — мясцовая адміністрацыя.

Сваё бачанне «вертыкалі» Лукашэнка падрабязна патлумачыў на пасяджэнні сесіі Вярхоўнага Савета 29 верасня 1994 года. На яго думку, «исполнительная власть как самостоятельная власть государственной власти должна представлять собой сквозную вертикальную структуру, включающую в себя исполнительные, распорядительные органы как в центре, так и на местах». Па словах Лукашэнкі, у Беларусі ніколі не будзе дыктатуры, дый не павінна быць: «Республика живёт не в вакууме. Она окружена со всех сторон государствами, которые идут в определённом направлении».

Праўда, кіраўнік дзяржавы не заўсёды быў аматарам «вертыкалі». За два гады да таго, 20 кастрычніка 1992 года на дзясятай сесіі Вярхоўнага Савета 12 склікання дэпутат Аляксандр Лукашэнка прапанаваў унесці ў парадак дня пытанне аб выбарнасці рэгіянальных кіраўнікоў непасрэдна мясцовым насельніцтвам, бо на месцах «продолжается хапужничество, коррупция, гребут так, как это не было при партократической системе». Тады супраць Лукашэнкі выступіў Віктар Ганчар, які заяўляў, што такая выбарнасць цалкам парушыць мясцовае кіраванне і самакіраванне. Больш таго, Ганчар выступіў не толькі за прызначэнне мясцовых кіраўнікоў, але і за тое, каб даць старшыні Савета Міністраў права ўносіць адпаведныя кандыдатуры. За прапанову Лукашэнкі прагаласавалі ажно 163 дэпутаты пры кворуме ў 174.


«Кастрычніцкая рэвалюцыя»

Асноўныя падзеі разгарнуліся ў Вярхоўным Савеце 12 склікання 6 кастрычніка 1994 года. Для Лукашэнкі абстаноўка ўскладнялася тым, што ён прайграў першы раунд сутычкі з Вярхоўным Саветам. 30 верасня дэпутаты катэгарычна адмовілі кіраўніку краіны ў дадатковых паўнамоцтвах: выдаваць указы і распараджэнні па эканамічных пытаннях нават у абыход Канстытуцыі. Максімум, на што згадзіліся парламентарыі, — даручаць адпаведным камісіям Вярхоўнага Савета ў тэрміновым парадку разглядаць прапановы па змене і дапаўненні заканадаўства, якое рэгулюе эканамічную дзейнасць.

Зараз жа Лукашэнку на ўсю моц прыйшлося выкарыстаць свой папулісцкі талент, каб пераканаць большасць дэпутацкага корпуса. Лукашэнка даводзіў, што да яго ўлада ў краіне валялася ў брудзе, і толькі цяпер знайшоўся чалавек, які гэтую ўладу падняў. Дык чаго ж вы крычыце аб дыктатуры, пытаўся ён.

Супраць «прэзідэнцкай вертыкалі» рашуча выступіла парламенцкая апазіцыя БНФ. Яе прадстаўнік Сяргей Антончык, казаў, напрыклад, такое: «Так называемые реформы системы власти на Беларуси были неоднократно. Все эти реформы — цепь переливания сформировавшейся партийной элиты из одного сосуда в другой, пересаживание из одного кресла в другое». Адказваючы на выступленне Сяргея Антончыка, Лукашэнка заявіў: «О каком переливании вы говорите? Если бы пришел Позняк, то повырезал бы всех поголовно». На патрабаванне лідара парламенцкай апазіцыі БНФ прынесці прабачэнне, Лукашэнка здзіўлена спытаўся: «Я не понял, почему Зенон Станиславович так резко обратился ко мне?»

6 кастрычніка 1994 года 221 дэпутат Вярхоўнага Савета прагаласаваў за вышэйзгаданыя папраўкі. Парламенцкая апазіцыя распаўсюдзіла заяву, у якой «прэзідэнцкая вертыкаль» расцэньвалася як вяртанне да «паўфеадалізму». Апазіцыя закінула Лукашэнку перавышэнне канстытуцыйных паўнамоцтваў і імкненне знішчыць адну з галоўных галін улады на месцах — прадстаўнічую.

Для блакавання «прэзідэнцкай вертыкалі» БНФ пайшоў на збліжэнне са сваімі ранейшымі палітычнымі непрыяцелямі: 82 парламентарыі, у тым ліку з апазіцыі, падтрымалі ініцыятыву дэпутата Віктара Піскарова і звярнуліся ў Канстытуцыйны Суд, які ў лістападзе 1994 года вынес палавіністае рашэнне. Сутнасць яго зводзілася да наступнага: ліквідацыя Саветаў першаснага ўзроўню супярэчыць заканадаўству, але ў кіраўніка краіны застаецца права прызначэння кіраўнікоў мясцовай адміністрацыі.


Першыя ластаўкі

Дык хто стаў першымі «губернатарамі», кіраўнікамі абласцей? Спачатку Лукашэнка імкнуўся быць прынцыповым і рацыянальным кіраўніком, прызначаў тых, хто працаваў раней у вобласці, добра яе ведаў.

Першымі былі «ўмацаваныя» Магілёўская, Віцебская і Гомельская вобласці. Іх адпаведнымі кіраўнікамі ў канцы лістапада 1994 года сталі Аляксандр Кулічкоў, Уладзімір Андрэйчанка і Павел Шыпук. Першыя два былі калегамі Лукашэнкі па Вярхоўным Савеце 12 склікання і вельмі «ціхімі» дэпутатамі.

У Вярхоўны Савет 12 склікання Андрэйчанка прабіўся па Верхнядзвінскай выбарчай акрузе №144 у сакавіку 1990 года. Тады ён працаваў старшынёй Верхнядзвінскага РК КПБ. Цікава, што канкурэнцыю Андрэйчанку стварыў шараговы інструктар Верхнядзвінскага райкаму партыі. Гэта сведчыць аб унікальнасці той кампаніі, калі на выбарчых участках часта змагаліся начальнік і ягоны непасрэдны падначалены. У другім туры Андрэйчанка перамог дырэктара мясцовага кааператыва «Прамень».

Уладзімір Андрэйчанка і старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына

Кулічкоў, намеснік старшыні выканкама Магілёўскага абласнога Савета народных дэпутатаў, быў абраны ў Вярхоўны Савет Беларусі 12 склікання ад Бабруйскай-Мінскай выбарчай акругі №286. У другім туры Кулічкоў вымушаны быў змагацца са звычайным машыністам гусенічных і пнеўмаколавых кранаў Бабруйскага домабудаўнічага камбіната.

«Губернатарства» Кулічкова скончылася ў сакавіку 1999 года, калі на адной з нарадаў Лукашэнка публічна абвінаваціў яго ў фінансавых махінацыях і на вачах СМІ выгнаў з кабінета. Аднак Кулічкоў моўчкі перажыў апалу. І тады Аляксандр Рыгоравіч, у адпаведнасці са сваёй логікай «падзяляй і ўладар», зноў наблізіў да сябе Кулічкова, зрабіўшы яго сваім памочнікам, а потым — міністрам гандлю. Свой працоўны шлях Кулічкоў скончыў на пасадзе кіраўніка справамі Адміністрацыі прэзідэнта.

Аляксандр Кулічкоў


Андрэйчанку пашанцавала больш. Ён не толькі пратрымаўся на пасадзе старшыні аблсавета больш за ўсіх сваіх калегаў — 14 гадоў, але потым плаўна перасеў у крэсла спікера Палаты прадстаўнікоў у кастрычніку 2008 года. Лукашэнку фактычна давялося зрабіць выбар паміж Андрэйчанкам і сваім земляком, сябрам дзяцінства Канаплёвым. Уладзімір Мікалаевіч узначаліў Палату прадстаўнікоў восенню 2004 года, што сведчыла пра ўзмацненне пазіцый былога ўчастковага міліцыянера. Аднак у верасні 2007 года Канаплёў падаў у адстаўку (афіцыйна — па стане здароўя). І хаця на месца спікера зноў вярнуўся непрыкметны Вадзім Папоў (узначаліў палату ў 2000 годзе), праз год яго замяніў менавіта Андрэйчанка. Гэта сведчыла пра палітыку Лукашэнкі пазбаўляцца больш яркіх атачэнцаў (тым больш, з кім звязвалі сяброўскія ці дзіцячыя адносіны) і набліжаць да сябе менш моцных.

Таму Уладзімір Андрэйчанка кіруе ніжняй палатай парламента і сёння. Гэтаму спрыяе як абсалютная адсутнасць палітычных амбіцый і харызмы ў спікера, так і недвухсэнсоўнае становішча Палаты прадстаўнікоў, якая збольшага з’яўляецца прыдаткам выканаўчай улады і найменш рызыкоўным месцам з палітычнага і эканамічнага пункту погляду.

Нябожчык Павел Шыпук, выхадзец з дырэктарскага корпусу, адпрацаваў на пасадзе «губернатара» Гомельшчыны менш за тры гады: са студзеня 1997 года ён узначаліў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу, гэта значыць, быў першым яго кіраўніком. Пры абмеркаванні кандыдатуры Шыпука яму казалі сапраўдныя панегірыкі кшталту таго, што вобласць страчвае, а рэспубліка набывае. Асобу Шыпука характарызуюць ягоныя ўласныя словы, якія ён сказаў пасля абрання: «Никаких фракций, никаких отклонений. Мнения должны быть разные для того, чтобы в споре рождалась истина, но резких отклонений влево или вправо у нас быть не должно».

Павел Шыпук


8 снежня 1994 года настала чарга Міншчыны. Канешне, у Лукашэнкі былі сумневы, каму можна даверыць самую вялікую і адначасова складаную вобласць. Аднак на гарызонце з’явіўся своеасаблівы цяжкавагавік Пётр Пётух — прэзідэнт Беларускага дзяржаўнага канцэрна па вырабе тавараў народнага спажывання. Акрамя таго, у Пётуха меўся багаты вопыт партыйнай і гаспадарчай працы ў Барысаве.

Пётр Пётух

І дагэтуль у Сеціве можна знайсці інфармацыю пра тое, што ўзляцець наверх Пётуху дапамаглі ўсёмагутныя спецслужбы — у прыватнасці, прафесійны чэкіст Фарыд Канцараў. Гэты ўраджэнец Усходне-Казахстанскай вобласці шмат парабіў на розных пасадах у КДБ СССР, пакуль у канцы 1980-х не апынуўся начальнікам аддзела ваеннай контрразведкі 7-й танкавай арміі, штаб якой дыслакаваўся ў Барысаве. Там залётны азіят вельмі пасябраваў з Пётухам, што дапамагло апошняму ў будучым. Лукашэнка паверыў чэкістам, бо некаторыя з іх, у тым ліку і Канцараў, дапамаглі Лукашэнку падчас першай прэзідэнцкай кампаніі.

Аднак высокі ўзлёт пры Лукашэнку фактычна азначае балючае падзенне. На сваёй пасадзе Пётух прапрацаваў чатыры гады пры амаль няспыннай крытыцы кіраўніка дзяржавы.

Пасля Лукашэнка ўзяўся за заходнія вобласці. 9 снежня 1994 года на пасаду кіраўніка Брэстчыны быў прызначаны Уладзімір Заламай, які пачаў сваю кар’еру на Брэсцкім электрамеханічным заводзе. Затым Заламай паступова рос па кар’ернай лесвіцы: сакратар Брэсцкага абкама КПБ па прамысловасці, намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама.

Летам 1990 года старшыня Савета Міністраў Вячаслаў Кебіч паклікаў Заламая да сябе ў намеснікі. Абмеркаванне кандыдатуры Заламая на сесіі Вярхоўнага Савета 12 склікання 25 ліпеня 1990 года праходзіла ў абстаноўцы вострых дэбатаў. Дэпутат Лукашэнка, які задаў шмат пытанняў брэсцкаму вылучэнцу, казаў, што «местные власти стерли торговлю с лица земли, вводят торговые ограничительные меры, из-за чего житель Шклова не сможет купить в Орше даже булку хлеба».

Заламай хоць і быў зацверджаны, аднак пратрымаўся крыху больш за два гады. У сакавіку 1992 года яго перамясцілі на экзатычную пасаду: дзяржаўнага сакратара па справах СНД, а ў красавіку — членам Прэзідыума Савета Міністраў. Аднак у разгар лета 1993 года Заламай атрымаў пасаду намесніка старшыні Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і пры гэтым заставаўся дзяржсакратаром па справах СНД. Пасля перамогі на першых прэзідэнцкіх выбарах Лукашэнка даволі лаяльна абышоўся з Заламаем — у адрозненне ад многіх іншых кебічаўскіх атачэнцаў. У жніўні 1994 года прызначыў яго міністрам па справах СНД. Аднак у недарэчнасці такой пасады пры існаванні Міністэрства замежных спраў не сумняваўся ніхто, таму, калі наспела неабходнасць у кіраўніку Брэсцкай вобласці, Лукашэнка без ваганняў накіраваў туды Заламая. Напэўна, на Лукашэнку ўплыў аказаў Віктар Шэйман, дзяржсакратар Савета Бяспекі, які прыйшоў наверх менавіта з Брэста.

Уладзімір Заламай

Праблемы ў Заламая пачаліся ўвосень 1996 года, калі набліжаўся сумнавядомы рэферэндум па зацвярджэнні новай рэдакцыі Канстытуцыі, што давала кіраўніку краіны амаль неабсяжныя паўнамоцтвы. Пры наведванні Брэстчыны Лукашэнка публічна крытыкаваў Заламая за сельскагаспадарчыя праблемы вобласці («короче, уборку ты провалил») і, не хаваючыся, гразіў: «За такие дела раньше надевали наручники и не спрашивали, кто твои родители». Тым не менш, Заламай прапрацаваў яшчэ чатыры гады. У 2000 годзе, перад другой прэзідэнцкай кампаніяй, Лукашэнка адкамандзіраваў на Брэстчыну вернага Васіля Далгалёва.

9 снежня 1994 года новым гаспадаром Гродзенскай вобласці стаў аграрнік, старшыня сельскагаспадарчага прадпрыемства «Прагрэс» Аляксандр Дубко, які некалькі месяцаў таму змагаўся за прэзідэнцкае крэсла. Падчас выбараў народных дэпутатаў СССР у 1989 годзе Дубко атрымаў мандат і ў Вярхоўным Савеце СССР увайшоў разам з Яфрэмам Сакаловым у кансерватыўную групу, якая выступала супраць беларускіх дэмакратаў: Станіслава Шушкевіча, Аляксандра Дабравольскага і іншых.

У першым інтэрв’ю ў якасці губернатара Дубко прызнаўся, што перад тым, як даць згоду на прызначэнне, прагаварыў з Лукашэнкам усю ноч.

Дубко адкрыта не хаваў сваіх пракамуністычных поглядаў і лічыў, што адбор кіраўнічых кадраў пры Саветах быў нібыта бездакорным.

Аляксандр Дубко лічыў сябе сапраўдным аграрыем


Шчыра кажучы, Лукашэнка не любіў Гродзеншчыну, асацыюючы яе з аплотам БНФ. Да таго ж гродзенцы адплацілі кіраўніку дзяржавы, як ён лічыў, чорнай манетай. Справа ў тым, што падчас першай прэзідэнцкай кампаніі Лукашэнка шмат высілкаў зрабіў менавіта ў адносінах да Гродзеншчыны. Вясной і летам 1994 года ён некалькі разоў наведаў Гродна, а ў адным з выступаў назваў урад Кебіча «шестидесятилетним хламом и старьём». Менавіта ў Гродне ўзнік так званы саюз барацьбы з карупцыяй і злачыннасцю «Очищение» пад кіраўніцтвам адстаўнога палкоўніка Сяргея Посахава. «Очищение» пачало фанатычна збіраць подпісы за Лукашэнку ў якасці кандыдата ў прэзідэнты.

Са зборам подпісаў актыўна дапамагаў дэпутат ад Гродзеншчыны, дырэктар Свіслацкага адкормчага пункту Анатоль Кузьма. У выніку Гродзенская вобласць стала па колькасці сабраных подпісаў другой пасля Магілёўшчыны (каля 70 тысяч; уласна Магілёў — каля 26 тысяч), абагнаўшы Мінск (каля 22 тысяч). Напрыклад, толькі ў Гродне, па звестках газеты «Свабода», было сабрана 16 835 подпісаў, а ў адным Свіслацкім раёне — звыш 5 тысяч.

Аднак па выніках першага тура (23 чэрвеня 1994 года) у Гродзенскай вобласці Лукашэнка набраў толькі 35,9%, што паставіла рэгіён на апошняе месца. І хаця Лукашэнка апярэдзіў астатніх канкурэнтаў, улічваючы сілы, укладзеныя ў Гродзеншчыну, вынік тут мог быць больш істотным.

Адмоўнае стаўленне Лукашэнкі да Гродзеншчыны было звязана і з высокім міліцэйскім кіраўніком Уладзімірам Данько, які напачатку 1990-х гадоў працаваў начальнікам УУС Гродзенскага аблвыканкама, а ў лютым 1994 года стаў міністрам унутраных спраў. Менавіта Данько, быў упэўнены Лукашэнка, 28 чэрвеня 1994 года нацкаваў на яго і яго паплечнікаў (Іван Ціцянкоў, Віктар Кучынскі і Леанід Сініцын) міліцэйскую ахову, у выніку чаго ля Дома ўрада, куды хацеў увайсці Лукашэнка, адбылася сапраўдная бойка: «Кандидату в президенты разорвали пиджак, испачкали брюки и нанесли телесные повреждения в области кистей рук».

Пры прызначэнні ў Гродзенскай вобласці ў Лукашэнкі існавала і іншая праблема: новы кіраўнік Сямён Домаш, які быў абраны на пасаду старшыні выканкама абласнога Савета ў кастрычніку 1993 года. І вось праз год трэба зноў было апрацоўваць мясцовую эліту для прыхода новага гаспадара (і да сёння сцвярджаецца, што імёны будучых прэзідэнцкіх абласных васалаў да часу «Х» хаваліся ад дэпутатаў і грамадскасці). Роля тарана была вызначана менавіта Дубко, які з ёй справіўся бліскуча.

Аднак у лютым 1995 года ў «прэзідэнцкай вертыкалі» адбыўся першы збой. Вышэйзгаданы Кузьма накіраваў у прэзідэнцкую адміністрацыю скаргу. Па сутнасці, ён пратэставаў супраць зацвярджэння на пасаду старшыні выканаўчага камітэта Свіслацкага раённага Савета народных дэпутатаў чалавека, «развалившего колхоз, потерявшего совесть, честь, скромность, уважение людей, погрязшего в коррупции и злоупотреблении служебным положением». Непасрэдную адказнасць за гэтае зацвярджэнне, паводле Кузьмы, нёс старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Дубко, «цинично обманувший всех». Бо ніхто іншы, як Анатоль Фаміч 6 кастрычніка 1994 года настойваў на неабходнасці «прэзідэнцкай вертыкалі», называючы сітуацыю, якая склалася на месцах, «бардаком».

Аднак Дубко да сваёй смерці ў лютым 2001 года верай і праўдай служыў Лукашэнку, пільна сачыў за Гродзеншчынай, «добра» падрыхтаваў яе да рэферэндуму 1996 года.

10 студзеня 1995 года, нарэшце, вырашылася пытанне з Мінскам. Пасля прыходу Лукашэнкі да ўлады было зразумела, што ён не спрацуецца з дзейным «мэрам» Аляксандрам Герасіменкам. Яшчэ будучы старшынёй парламенцкай «антыкарупцыйнай» камісіі, Лукашэнка абвінавачваў гарадское кіраўніцтва, што яно з парушэннем заканадаўства перадала камерцыйным структурам пяціпавярховы аварыйны дом і папулярнае сярод тагачаснага сталічнага бамонду кафэ «Реченька» па праспекце Машэрава. Герасіменка пра СМІ публічна запярэчыў Лукашэнку.

Уладзімір Ярмошын

Новым граданачальнікам стаў першы намеснік Герасіменкі Ярмошын, які кіраваў сталіцай да лютага 2000 года. Асабіста для Ярмошына, цяжкай, канешне, стала трагічная пагібель дзясяткаў людзей на Нямізе 30 мая 1999 года. Недзяржаўныя СМІ і апазіцыя, якія назвалі масавую цісканіну беларускай Хадынкай, абвінавацілі перш за ўсё гарадскія ўлады. Ярмошын падаў у адстаўку, аднак Лукашэнка яе не прыняў: кіраўнік краіны памятаў, якую паслугу яму аказаў Ярмошын у жніўні 1995 года. Тады жорстка была падаўлена забастоўка машыністаў метрапалітэна. Сам Ярмошын адзначыўся тым, што асабіста ўручаў пасведчанні штрэйхбрэйхерам — новаспечаным расійскім машыністам, якія не мелі сур’ёзнай падрыхтоўкі для працы ў беларускай сталічнай падземцы.


Спроба зламаць

Спроба зламаць «прэзідэнцкую вертыкаль» мела месца падчас рэферэндуму 24 лістапада 1996 года. 6 верасня 1996 года дэпутаты Вярхоўнага Савета 13 склікання зацвердзілі пастанову аб правядзенні рэферэндуму. Сярод пытанняў было тое, якое ініцыявалі парламентарыі: «Ці выступаеце вы за тое, каб кіраўнікі мясцовых органаў выканаўчай улады абіраліся непасрэдна жыхарамі адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі?». Прэзідэнцкі бок пачаў актыўную агітацыю супраць гэтага пытання.

Так, у «Народнай газеце», якую ўжо кантралявала прэзідэнцкая адміністрацыя, у нумары за 12 лістапада 1996 года з’явіўся артыкул аўтара па прозвішчы Вухаў пад назвай «Утверждение коллективной безответственности?». У артыкуле гаварылася, што падступства пытання апазіцыйных парламентарыяў аб выбарнасці кіраўнікоў мясцовай улады нібыта заключаецца ў тым, каб «разрушить согласованность действий президентской вертикали». Пакуль кіраўнік дзяржавы прызначае губернатараў, сцвярджаў аўтар артыкула, сістэма выканаўчай улады застаецца ўнутрана адзінай і трывалай, бо яе аснову складаюць аднадумцы. А выбарнасць страшная тым, што пры ёй ва ўладу прыйдуць людзі розных поглядаў, і яна разбурыцца.

Каб разбурыць вертыкаль, па афіцыйных звестках, не хапіла патрэбнай колькасці галасоў. З 6 181 463 чалавек, што прынялі ўдзел у рэферэндуме, пытанне падтрымалі 1 739 178, альбо 28,14%.

«Вертыкаль» існуе і сёння. Фактычна яна ўяўляе сабой сістэму васальна-кліентыльных адносінаў, пабудаваных не на глебе заканадаўства і нарматыўных прававых актаў, а на абсалютнай палітычнай лаяльнасці ніжэйстаячага чыноўніка вышэйстаячаму. Плюс вычарпаная ўжо сістэма адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзела, калі ніжэйшыя адзінкі цалкам фінансава залежныя ад вобласці. Ва ўмовах эканамічнага крызісу гэта яшчэ больш абвастрае праблему галечы і беспрацоўя — не толькі ў малых гарадах і сельскай мясцовасці, але ў сярэдніх населеных пунктах з вытворчасцю і прамысловасцю.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: