«Везлі ў сталыпінскім вагоне ўсю ноч з рукамі ў кайданках». Вольга Севярынец распавяла пра этапаванне мужа

У пятніцу, 30 красавіка, Павел Севярынец сустрэўся з адвакаткай. Праз яе стала вядома, як праходзіла этапаванне палітвязня ў Магілёў, дзе 12 траўня мусіць адбыцца суд над ім і актывістамі "Еўрапейскай Беларусі".  Пра гэта ў фэйсбуку напісала жонка Паўла Вольга Севярынец.

«Яго пачалі перавозіць з Валадаркі каля 23.00 у мінулую пятніцу. Везлі цягніком у сталыпінскім вагоне ўсю ноч з рукамі ў кайданках. Каля 8 раніцы даставілі ў магілёўскае СІЗА, а пасля цэлы дзень пратрымалі ў стакане, толькі пад вечар перавёўшы ў камеру.

Большасць рэчаў і ўсе лісты, якія даслалі людзі (каля 2 тысяч), яму прыйшлося пакінуць на Валадарцы, бо з рукамі ў кайданках перавезці іх было немагчыма. Аддаць рэчы сям'і не дазволілі, у выніку, хутчэй за ўсё, іх проста выкінулі.

Суд на Паўлам і "Еўрапейскай Беларуссю" будзе закрытым, нават для родных. Шкада, нічога не даведаемся пра іх сэнсацыйнае раследаванне, а можа проста там справа ні аб чым і сорамна, каб гэта проста нехта пабачыў.

Вельмі шкадую, майго каханага, праз якія здзекі ён і іншыя людзі праходзяць, гэта проста не месціцца ні ў сэрцы, ні ў розуме.

Толькі з Божай дапамогай і праз Бога ўсё гэта можна прайсці і перамагчы».

Нагадаем, Павел Севярынец быў затрыманы 7 чэрвеня 2020 года ля свайго дома ў Мінску неўзабаве пасля таго, як правёў на плошчы перад сталічным Камароўскім рынкам «народны пікет свабоды і салідарнасці» побач з пікетамі па зборы подпісаў за вылучэнне альтэрнатыўных Аляксандру Лукашэнку кандыдатаў у прэзідэнты.

21 жніўня Севярынец павінен быў выйсці на волю пасля 75 сутак адміністрацыйнага арышту. Аднак Следчы камітэт паведаміў, што ў дачыненні да палітыка распачатая справа паводле арт. 108 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса («Затрыманне па непасрэдна ўзніклым падазрэнні ў здзяйсненні злачынства»). Затым стала вядома, што Севярынцу выстаўленае абвінавачанне згодна з ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса («Удзел у масавых беспарадках»), яго пакінулі пад вартай. Да апошняга часу ён утрымліваўся ў СІЗА на Валадарскага.

На пачатку красавіка стала вядома, што палітыка будуць судзіць у Магілёўскім абласным судзе. Там жа будуць судзіць і іншых палітвязняў — Яўгена Афнагеля, Андрэя Войніча, Паўла Юхневіча, Максіма Вінярскага, Дзмітрыя Казлова і Ірыну Шчасную. Пры гэтым суд будзе праходзіць у закрытым рэжыме.

Маці палітыка Таццяна Севярынец распавяла, што рыхтуе зварот у суд Магілёва, піша Радыё Рацыя. На думку Таццяны Севярынец, судовае разбіральніцтва хочуць правесці ў закрытым рэжыме, каб схаваць ад грамадскасці ілжывасць і беспадстаўнасць абвінавачанняў. Таксама яна расцэньвае гэта як здзек з падсудных і іх сваякоў: і адны, і другія цягам некалькіх месяцаў былі пазбаўленыя магчымасці ўбачыцца, і цяпер гэтая практыка працягваецца.

Таццяна Севярынец заклікала родных і блізкіх іншых палітвязняў таксама пісаць звароты ў абласны Магілёўскі суд з патрабаваннем адкрытага працэсу.

Адрас для лістоў Паўлу Севярынцу: 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А, СТ-4.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: