Віцебск. Рэфэрэндум наконт будаўніцтва Сафійскага сабору немэтазгодны

З прапановай ініцыяваць мясцовы рэферэндум у Віцебскі гарсавет звярнуўся праваабаронца Леанід Свецік.


Падставай для такой прапановы стала выразнае супрацьстаянне жыхароў Віцебску. Адны з іх выступаюць супраць вырубкі парку дзеля будаўніцтва копіі Сафійскага сабору ўзору XI стагоддзя, другія — падтрымліваюць ініцыятыву віцебскай епархіі праваслаўнай царквы ўзвесці храм менавіта ў гэтым месцы.

 

Рэферэндум, на думку праваабаронцы, мог бы стаць цывілізаваным спосабам вырашэння канфлікту паміж прыхільнікамі і апанентамі будаўніцтва. Але ў гарсавеце адмовіліся ад гэтага шляху, кажа спадар Свецік:

 

Леанід Свецік


«Падобна, у гарсавеце на зразумелі, што я прапаную правесці рэферэндум пра тое, ці лічаць гараджане мэтазгодным з’яўленне гэтага храму ў Віцебску, ці не лічаць. Або не хочуць гэтага зразумець, як і важнасці самога пытання. Бо ў адказе за подпісам старшыні гарсавету Ўладзімера Бялевіча паведамляецца, што праект будаўніцтва атрымаў станоўчую ацэнку дзяржаўных экспертызаў, у тым ліку экалагічнай. І што было праведзена грамадскае абмеркаванне праекту, і таму «ініцыяваць правядзенне мясцовага рэферэндуму дзеля дадатковага грамадскага абмеркавання гэтага пытання мяркуем немэтазгодным». Але ж рэферэндум — гэта не абмеркаванне, гэта волевыяўленне тутэйшых жыхароў. Можа, яго і не хочуць «народныя абраннікі?»

 

Гэтую частку парка ўдалося ўратаваць дзякуючы грамадскім пратэстам


На дадзены момант, пасля гучных пратэстаў віцяблян, будаўніцтва ў парку паміж вуліцамі Чэхава і Урыцкага прыпыненае. Як надоўга — шараговых жыхароў не інфармуюць. Вядома толькі, што віцебскі гарвыканкам прапанаваў ініцыятарам узвядзення Сафіі — Віцебскай епархіі — змяніць праект з мэтаю захаваць дадатковую колькасць дрэваў ад вырубкі.

Прапанавана зрабіць шэраг зменаў у праекце, у тым ліку адмовіцца ад аўтастаянкі каля будынка і зменшыць плошчу ніжняга храму да памераў верхняга — уласна копіі полацкай Сафіі. «Ніжні храм» — гэта «падземная» частка, дзе праектантамі запланаваная «заля шматфункцыянальнага прызначэння з вестыбюлем, прыбіральнямі для наведнікаў, дапаможнымі памяшканнямі; зала ўрачыстых прыёмаў і абрадаў, гардэробы для святароў, трапезная з кухняй, памяшканні тэхнічнага прызначэння». На думку праціўнікаў будаўніцтва, галоўная ідэя епархіі не ў тым, каб у горадзе з’явіўся новы праваслаўны храм, бо «на крокавай адлегласці» месцяцца і дзейнічаюць ажно чатыры царквы, а менавіта ў абсталяванні прыдатных памяшканняў для патрэбаў епархіі, якая таксама месціцца не больш як за 200 метраў ад будаўнічага плоту.

 

Плот адгароджвае тэрыторыю меркаванага будаўніцтва па-ранейшаму, і не вядома, ці пагадзілася віцебская епархія на прапановы гарадскіх уладаў.

 

Праход для гараджан адчынены, але сцежкі не чысцяць


Будаўніцтва спыненае, але плот на месцы



www.svaboda.org


 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: