Віцебск: Дзяржава вяртае актывісту 735 рублёў штрафу за пікет на #БНР100

На Дзень Волі–2018 Мікола Качурэц узняў ля помніку Альгерду ў Віцебску бел-чырвона-белы сцяг, быў затрыманы і аштрафаваны судом Кастрычніцкага раёну на 30 базавых велічыняў (23.4 КаАП і 23.34 КаАП).

А 4 лютага 2019 году віцяблянін атрымаў копію пастановы аб скасаванні справы і касавы чэк — для вяртання грошаў, сплочаных за штраф, піша "Віцебская Вясна".

Копію пастановы аб скасаванні адміністрацыйнай справы, даведку і касавы чэк аб выплачаным штрафе Міколу Качурцу даслаў начальнік АУС Кастрычніцкага раёну Віцебску Сяргей Стэльмах. Каб вярнуць грошы за штраф, раіць звярнуцца з дасланымі дакумэнтамі ў падатковы орган па месцы жыхарства, а для вяртання дзяржпошліны — у суд. Дадаткова паведамляе, што канфіскаваны ў Качурца 25 сакавіка 2018 году бел-чырвона-белы сцяг “на захоўванні ў АУС адміністрацыі Кастрычніцкага раёну адсутнічае”.

 

 

Віцябляніна затрымалі 25 сакавіка, калі ён прыйшоў з бел-чырвона-белым сцягам да помніку Альгерду ў Віцебску. Актывіст правёў ноч у віцебскім ізалятары часовага ўтрымання. 26 сакавіка суддзя Кастрычніцкага суду Віцебску Уладзімір Царыкаў прызнаў Міколу Качурца вінаватым у парушэнні заканадаўства аб правядзенні масавых мерапрыемстваў (ч.2 арт. 23.34 КаАП) і ў непадпарадкаванні службовай асобе (23.4 КаАП), пакараўшы віцебчука штрафам на суму 30 базавых велічыняў (735 рублёў).

26 сакавіка абласны суд адмяніў рашэнне суда ў парадку нагляду: “выснова суду аб даказанасці вінаватасці Качурца паводле ч. 2 арт. 23.34 КаАП з’яўляецца заўчаснай”.


Асноўныя прэтэнзіі старшыні аблсуду былі выказаныя да зместу пратаколу. Справа была накіраваная на новы разгляд. 27 кастрычніка 2018 году скончыўся тэрмін адміністрацыйнага пакарання, што, у адпаведнасці з заканадаўствам выключае адміністрацыйны працэс. Паводле пастановы аб скасаванні справы аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Раней у Віцебску яшчэ ніколі не скасоўвалі адміністрацыйныя справы за парушэнне заканадаўства аб правядзенні масавых мерапрыемстваў. Справа Качурца ў гэтым сэнсе — беспрэцэдэнтная.

Мікола Качурэц абяцае, што, вярнуўшы грошы, выплачаныя ім раней у якасці штрафу, будзе дамагацца, каб яму вярнулі і незаконна канфіскаваны бел-чырвона-белы сцяг.

spring96.org, vitebskspring.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!