Віцебск. Мітынг да Дня Волі забаронены

Адміністрацыя Чыгуначнага раёну Віцебску адмовіла ў заяўцы на правядзенне мітынгу 25 сакавіка. Адмову атрымаў сябар КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў.

 
Актывіст падкрэслівае, што дазволу пыталіся з мэтаю правесці ўрачыстую імпрэзу ў вызначаным уладамі месцы:

"Мы хацелі павіншаваць віцяблянаў з угодкамі БНР падчас мітынгу, які планаваўся з 14-й да 16-й гадзіны. І атрымалі ўжо звыклую забарону. Ужо 8 гадоў мясцовыя ўлады не дазваляюць актывістам аніякіх масавых імпрэзаў, спасылаючыся на рашэнне Віцебскага гарвыканкаму ад 10 ліпеня 2009 г. У гэтым рашэнні № 881 „Аб масавых мерапрыемствах у г. Віцебску“ сфармуляваны невыканальныя для заяўнікаў умовы — каб да заяўкі на акцыю прыкладаць папярэдне заключаныя дамовы на абслугоўванне імпрэзы з гарадской паліклінікай, прадпрыемствам ЖКГ і абласным міліцэйскім упраўленнем. Аднак гэтыя службы, апрача хіба што камунальнікаў, ад папярэдніх дамоваў ухіляюцца. Медыкі адмаўляюцца ў прынцыпе, спасылаючыся на загружанасць, а міліцыя абяцае разгледзець пытанне, калі будзе атрыманы дазвол ад уладаў».

 

Абласное ўпраўленне МУС спасылаецца на закон «Аб масавых мерапрыемствах», які не прадпісвае аніякіх папярэдніх дамоваў. Але гарвыканкам у 2009 годзе «ўдасканаліў» заканадаўства на свой капыл. Таму напярэдадні сёлетняга Дня Волі па дамовы з адказнымі службамі ніхто ўжо не звяртаўся, гаворыць Ян Дзяржаўцаў:

«Па дамовы мы не звярталіся. І заяўку падавалі, не спадзеючыся на дазвол. Толькі каб пераканацца, што нічога не змянілася. Вядома, кволая надзея была — у Мінску ж вулічныя акцыі дазваляюць. Аднак у Віцебску забараняюць па-ранейшаму».

Невядома чаму, але віцебскія ўлады днямі вырашылі нагадаць, што ў горадзе вызначаны ажно тры месцы для правядзення масавых акцыяў. На сайце гарвыканкаму пералічаны тыя тры аддаленыя ад цэнтру паркі, у тым ліку і Парк культуры і адпачынку чыгуначнікаў, дзе не дазволілі правесці мітынг актывістам КХП БНФ. Пра невыканальныя для заяўнікаў умовы атрымання дазволу віцебскія ўлады не згадалі.

 www.svaboda.org



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: