Віцебск: удзельнікаў акцыі за незалежнасць будуць судзіць цэлы тыдзень

Каля 15-ці жыхароў Віцебску выйшлі на Плошчу перамогі, склаўшы з літар на папяровых шыльдачках слова «Незалежнасць» 29 снежня мінулага года. Цяпер усіх удзельнікаў збіраюцца судзіць.



Акцыя ў падтрымку суверэнітэту Беларусі прайшла ў Віцебску 29 снежня мінулага года, нагадвае Таццяна Севярынец:

— Краіна пад пагрозай знікнення, і мы вырашылі ў Віцебску — гэта наша рашэнне, некалькіх чалавек — выйсці і стаць на галоўнай плошчы горада з заклікам да незалежнасці. Абвясціць, што мы — за гэтую незалежнасць. Мы заслужылі яе нашай шматпакутнай гісторыяй, і я не разумею, як можа быць інакш!

Таццяна Севярынец

Каля 15-ці жыхароў Віцебску выйшлі на Плошчу перамогі, склаўшы з літар на папяровых шыльдачках слова “Незалежнасць”. Таксама людзі трымалі бел-чырвона-белыя сцягі, цяперашні дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь і некалькі плакатаў.

З паўгадзіны яны прастаялі на плошчы “пад прыцэлам” міліцэйскіх відэааператараў у цывільным.

Цяпер міліцыя высвятляе асобы ўдзельнікаў, і адным з першых атрымаў позву ў суд Уладзімір Кійко:

— Патэлефанавалі з невядомага нумара, як аказалася, гэта быў маёр Зуеў. Ён спытаў, ці быў я на акцыі 29 снежня. Я сказаў, што так, быў. Ён паведаміў, што супраць мяне распачалі адміністрацыйную справу, і паведаміў таксама, што будзе выклікаць усіх тых людзей, якія былі на акцыі.

Справы супраць удзельнікаў акцыі паводле артыкула 23.34 КоАП пачаў аддзел міліцыі Чыгуначнага раёну, і ў судзе гэтага ж раёну пройдуць працэсы над тымі, хто выступіў за незалежнасць Беларусі.



Першыя суды прызначаны ўжо на 15 студзеня, вядома таксама пра працэсы 16, 17 і 21 студзеня.

Паколькі ў акцыі бралі ўдзел не толькі вядомыя актывісты, але і простыя жыхары Віцебску, праваабаронцы імкнуцца звязацца з кожным, каб падтрымаць на судзе.

Некаторыя з удзельнікаў віцебскай акцыі ўжо былі аштрафаваны за падобныя акцыі ў Мінску. Прыкладам, Таццяне Севярынец і Алене Янушкоўскай 9 студзеня прысудзілі адразу па два штрафы, і кожная актывістка павінна сплаціць па 1620 рублёў.

Беларускае Радыё Рацыя


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: