Віцебскі праваабаронца Пётр Іваноў звярнуўся да спецдакладчыка ААН

Віцебчук Пётр Іваноў накіраваў скаргу на дзеянні службовых асоб дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь на адрас спадарыні Маргарэт Сэкаг’і, спецдакладчыка Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па пытанні аб сітуацыі з праваабаронцамі.  



Пётр Іваноў


Ён просіць прызнаць, што службовыя асобы дзейнічалі ў адносінах да яго як праваабаронцы недапушчальным чынам, што супярэчыць духу і літары «Дэкларацыі аб праве і абавязку пэўных асоб, груп і органаў грамадства падтрымліваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды».

Дэкларацыя, на якую спасылаецца Пётр Іваноў у сваёй скарзе, была прынятая рэзалюцыяй Генеральнай асамблеі ААН 9 снежня 1998 году. Таксама ён просіць спецыяльнага дакладчыка прапанаваць Рэспубліцы Беларусь ліквідаваць дапушчаныя парушэнні і не дапускаць іх надалей.

У сваім звароце да прадстаўніка ААН Пётр Іваноў нагадаў храналогію падзеяў. У сакавіку ён накіраваў на імя начальніка УУС Віцебскага аблвыканкаму Ігара Яўсеева заяву пра парушэнне супрацоўнікамі ДАІ правілаў дарожнага руху. Калі апошнія затрымлівалі грамадскіх актывістаў Аляксея Кішчука і Стаса Лаўрэнава, якія ладзілі акцыю, і выехалі на ходнікі, Іваноў быў сведкам падзеі.

Разбіраўся па заяве падпалкоўнік Аляксандр Сцяпанаў. Вынік разбору: замест таго, каб пакараць даішнікаў-правапарушальнікаў, пакаралі самога заяўніка — ён нібыта абгаварыў супрацоўнікаў міліцыі. Падпалкоўнік Сцяпанаў склаў адпаведны пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, і суддзя суду Першамайскага раёну Віцебску Валянціна Кісмярошкіна пакарала Іванова штрафам у памеры 4 мільёны рублёў.

Затым  суддзя Віцебскага абласнога суду Святлана Іванова, якая разглядала касацыйную скаргу па справе, атрымала неабвержны доказ таго, што суддзя Кісмярошкіна груба парушыла працэсуальна-выканаўчы кодэкс, выносячы рашэнне супраць Іванова. Падчас судовага пасяджэння ёй быў уручаны аўдыёзапіс, які пацвярджаў, што суддзя Кісмярошкіна сфальсіфікавала вынесеную ёй пастанову: у залі суду ёй быў зачытаны адзін варыянт пастановы, а пазней на рукі праваабаронца атрымаў зусім іншы варыянт. Паводле нармальнай логікі, справу павінны былі б вярнуць на новы разгляд, але суддзя Іванова вырашыла, што суд першай інстанцыі ўсё зрабіў правільна.

Больш таго, пасля згаданых судоў супраць Пятра Іванова ўзбудзілі крымінальную справу. Па гэта ў Следчы камітэт звярнуўся старшыня Першамайскага райсуду Віцебску А.А. Андрушэнка. Падчас судовых паседжанняў Іваноў нібыта абразіў супрацоўнікаў міліцыі, за што яму цяпер пагражае зняволенне тэрмінам да 3-х гадоў.

Але і гэтага было мала. Надоечы намеснік пракурора Георгій Каранько вынес Іванову афіцыйнае папярэджанне пра недапушчальнасць парушэння заканадаўства. Пётр Іваноў з’яўляецца грамадзянінам Расіі, які мае пасведчанне на жыхарства ў Беларусі. Дык вось, яго папярэдзілі, што ў выпадку далейшага парушэння адміністрацыйнага або крымінальнага закону дазвол на яго пастаяннае пражыванне ў Рэспубліцы Беларусь можа быць ануляваны. У гэтым выпадку ён цягам месяца абавязаны будзе пакінуць тэрыторыю Беларусі, больш ня зможа свабодна ўяжджаць у краіну, у якой нарадзіўся і вырас, і сувязь з сям’ёй, якая жыве ў Беларусі, будзе страчаная.

«Пакуль я ня ўсклаў на сябе абавязкі праваабаронцы, да мяне не было прэтэнзіяў з боку беларускай дзяржавы як да замежнага грамадзяніна. Але як толькі я пачаў актыўна абараняць правы і законныя інтарэсы грамадзян, я стаў “злосным парушальнікам” беларускіх законаў», — сцвярджае Пётр Іваноў.

“Віцебская Вясна”

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!