Віцябляніну з анказахворваннем за гвалт над міліцыянтамі далі 3,5 года калоніі

Суд Першамайскага раёна Віцебска 1 сакавіка прысудзіў да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі 54-гадовага Уладзіміра Малахоўскага, якога абвінавачвалі ў гвалце або пагрозе гвалтам да супрацоўнікаў міліцыі. У мужчыны — анказахворванне, ён мае інваліднасць, у яго двое непаўналетніх дзяцей. Малахоўскі павінен выплаціць тром міліцыянтам, якіх суд прызнаў пацярпелымі, 3 тысячы рублёў кампенсацыі маральнай шкоды — па тысячы кожнаму.
«Віцебская Вясна»

«Віцебская Вясна»

Крымінальны працэс па справе Уладзіміра Малахоўскага пачаўся 22 лютага, яго вяла суддзя Таццяна Родзіна.

Дзяржабвінаваўца прасіў пакараць мужчыну 6 гадамі пазбаўлення волі. Адвакатка настойвала на тым, што пакаранне не павінна быць звязанае з пазбаўленнем волі, паколькі Уладзімір інвалід, мае анказахворванне і выхоўвае дваіх непаўналетніх дзяцей.

Паводле абвінавачання, 13 верасня 2020 года Уладзімір Малахоўскі «прыняў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным шэсці, спрабаваў нанесці траўматычныя ўдары па розных частках цела міліцыянтам, чапляўся за форму, пашкодзіў яе i завалодаў міліцэйскім жэтонам». Пазней, калі яго затрымалі, ён распыліў газ з балончыка ў бок супрацоўнікаў. Так, паводле версіі пракуратуры, Малахоўскі «нанёс пабоі і прычыніў фізічны боль» супрацоўнікам міліцыі.

Уладзімір Малахоўскі віну не прызнаў.

Трое пацярпелых міліцыянераў — Юрый Качыхін, Аляксей Емяльянаў і Пазнякоў — падалі грамадзянскія пазовы аб кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў кожны.

Юрый Качыхін на судзе сцвярджаў, што абвінавачаны ўжыў супраць яго «барацьбітаўскі захоп». На пытанне, як ён вызваліўся, сілавік адказаў, што толькі з дапамогай калег. Качыхін адзначыў, што Малахоўскі яго не біў, і болю ад дзеянняў Уладзіміра ён не адчуў.

Жонка Малахоўскага Ірына распавяла журналістам, што муж чатыры разы перанёс хіміятэрапію, яго арганізм саслаблены, у СІЗА-2 ён прастудзіўся. Лекар пасля хіміятэрапіі прасіў яго неадкладна звяртацца па дапамогу ў выпадку любога захворвання. Нягледзячы на ​​гэта, меру стрымання Малахоўскаму не змянілі.

tut.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: